Украіна | Падтрымка шэрагу праектаў для дзяцей і моладзі

Пачынаючы з лютага 2022 г. Абшчына Тэзэ імкнецца выказаць сваю салідарнасць з Украінай рознымі спосабамі, як духоўнымі, так і матэрыяльнымі. Цягам некалькіх тыдняў пасля шырокамаштабнага ўварвання мы прынялі больш за тысячу бежанцаў, часцей за ўсё на адну ноч, па дарозе на поўдзень кантынента. У тым самым часе Тэзэ стварыла платформу для сувязі бежанцаў з сем’ямі, якія былі прынятыя ў розных краінах Еўропы. Некаторыя бежанцы атрымалі сталы прытулак, напрыклад, сям’я з Цярнопальскай вобласці, пазней маці, якая прыехала з Херсона з двума дзецьмі, а з 2025 г. у Тэзэ жыве маці з сынам з Дняпра.

Супольнасць таксама ўдзельнічала ў акцыях салідарнасці разам з мясцовай уладаю раёну Клюні, затым з асацыяцыяй “Канвоі Салідарнасці” (фр. Les Convois Solidaires) у раёне Франш-Кантэ. Абшчына таксама злучыла ініцыятараў украінскіх праектаў з французскай НДА Ouest France Solidarité ды нямецкай арганізацыяй Misereor.

Праз свой фонд салідарнасці “Аперацыя Надзея” Тэзэ на працягу трох гадоў падтрымлівае розныя праекты ва Ўкраіне, большасць з якіх тычацца дзяцей, падлеткаў, моладзі і студэнтаў. Сярод іх, напрыклад, фонд у Кіеве, які аказвае дапамогу сем’ям, пацярпелым ад вайны ва Ўкраіне, арганізацыю, якая аказвае дапамогу дзецям, якія страцілі аднаго або абодвух бацькоў з-за вайны, платформу онлайн-курсаў для дзяцей-перасяленцаў, некалькі моладзевых рухаў, такіх як “БУР” (укр. “Будуємо Україну Разом”) або “Вільний Простір”, аддзяленне Caritas Украіна на Чарнігаўшчыне, а таксама духоўныя семінарыі ды прыходы розных канфесій.

Урэшце, браты неаднаразова ездзілі ва Ўкраіну з візітамі, каб
- прадэманстраваць духоўную блізкасць да ўкраінскае моладзі
- праводзіць малітвы або моладзевыя сустрэчы ў розных месцах
- на месцы наведаць кіраўнікоў Цэркваў і цывільныя ўлады
- адкрываць і падтрымліваць ініцыятывы салідарнасці.

Каб атрымаць дадатковую інфармацыю аб розных ініцыятывах, вы можаце напісаць на гэтую скрынку.

 [1]

[1Здымак: Львоў, красавік 2022 г., збор медыцынскага абсталявання і пасланняў салідарнасці, напісаных ува Францыі, Чэскае Рэспубліцы і Славаччыне.

Printed from: https://www.taize.fr/be_article40193.html - 25 April 2025
Copyright © 2025 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France