1936-2025

Папа Францішак: даніна павагі

У гэты Вялікодны панядзелак, 21 красавіка, да Тэзэ, калі браты і моладзь з многіх краін сабраліся на супольнае малітве, надыйшла вестка аб сыходзе да вечнага жыцця папы Францішка. Падчас цэлебрацыі брат Мэцью прамовіў словы наступнае малітвы, пасля чаго загучалі званы.

Малітва

Верны Божа, мы дзякуем Табе за жыццё нашага любімага Папы Францішка, якога сёння раніцаю Ты паклікаў да сябе. Ён спачывае ў Тваім святле, аддаўшы сваё жыццё служэнню Твайму Евангеллю ў таямніцы еднасці, якой ёсць Царква, Цела Хрыстова. З адвагаю ён заклікаў нас прыслухоўвацца сёння да голаса Святога Духа і выходзіць на перыферыі Касцёла ды на ўзбочыны грамадства, каб адчуць знак большае любові. Хвала Табе!


Даніна павагі


Калі вестка аб смерці папы Францішка дайшла да нас у Тэзэ, мы з глыбокім хваляваннем молімся за яго, напоўненыя вялікай удзячнасцю за яго жыццё.

Навіна аб абранні аргентынскага пантыфіка 13 сакавіка 2013 г. і яго першыя словы на плошчы св. Пятра вельмі ўсцешылі нас у Тэзэ. Некалькі братоў на той момант перабывалі ў Рыме, я ж сам быў у РФ, у Ніжнім Ноўгарадзе, дзе мяне прымаў каталіцкі ксёндз з Аргентыны. Некалькі гадоў перад гэтым менавіта арцыбіскуп Буэнас-Айрэса кардынал Хорхе Марыа Берголіа скіраваў яго ў РФ.

Па сумесным праглядзе ў жывым эфіры абвесткі аб абранні ксёндз усклікнуў: я католік, Вы англіканін, мы ў праваслаўнай краіне – гэта прыкмета таго, што гэты пантыфікат будзе экуменічным! А калі я зноў узгадваю тыя словы, магу іх толькі пацвердзіць.

Мы асабліва ўдзячныя папу Францішку за вялікую працу для адзінства хрысціян. Ён здзяйсняў тое праз вымоўныя візіты ды канкрэтныя жэсты, якія рэальна ўзмацнялі еднасць. Я памятаю яго візіт на Фанар у лістападзе 2014 года, падчас якога нас вельмі кранулі ягоныя словы: «Менавіта маладыя людзі – я маю на ўвазе, напрыклад, мноства маладых праваслаўных, католікаў і пратэстантаў, якія сустракаюцца на міжнародных сустрэчах, арганізаваных Супольнасцю Тэзэ, – менавіта яны сёння просяць нас зрабіць крокі наперад да поўнае еднасці. І гэта адбываецца не таму, што яны не ўсведамляюць значнасці адрозненняў, якія нас усё яшчэ раздзяляюць, але таму, што яны ўмеюць спаглядаць далей, яны здольныя зразумець тое істотнае, што нас ужо аб’ядноўвае».

Сярод канкрэтных жэстаў, якія характарызавалі яго пантыфікат, мне прыгадваюцца асабліва яго сяброўства з Патрыярхам Барталамеем, са шматлікімі праваслаўнымі і пратэстанцкімі лідэрамі, а таксама яго братэрскі прыём у Рыме ў траўні 2013 г. папы александрыйскага Тавадраса ІІ, яго паездку ў Паўднёвы Судан з англіканскім арцыбіскупам Кентэрберыйскім і мадэратарам Царквы Шатландыі, а таксама яго прысутнасць на цырымоніях з нагоды 500-годдзя Лютэранскай Рэфармацыі ў шведскім Лундзе, дзе ён выказаў удзячнасць «за духоўныя і тэалагічныя дары, атрыманыя дзякуючы Рэфармацыі».

У гэты дзень я асабліва захоўваю ў сваім сэрцы ўспамін экуменічнага малітоўнага чування «Разам». З самага пачатку гэтай ідэі, якая зыходзіла ад брата Алоіса, майго папярэдніка, на адкрыцці Сінода па сінадальнасці, Папа выказаў сваю поўную падтрымку, затым ён падтрымаў праект, а ў студзені 2023 г. выступіў з гэтакім запрашэннем: «Шлях хрысціянскага адзінства і шлях сінадальнага навяртання Касцёла злучаны паміж сабою. (...) Таму зараз запрашаю братоў і сёстраў усіх хрысціянскіх канфесій да ўдзелу ў гэтым сходзе народа Божага».

 [1]

З самага пачатку свайго пантыфікату да нас у Тэзэ істотна прамаўлялі заклікі папы Францішка звяртацца да найбольш уразлівых, прымаць мігрантаў і бежанцаў, прыслухоўвацца да крыку Зямлі і бедных. Ён надаваў вартасць тым, хто лічыў, што ў іх нічога няма.

Я ведаю, наколькі многіх людзей кранула яго энцыкліка Laudato si’, як і яго ўвага да міжрэлігійнага дыялогу, што дазволіла збудаваць сяброўства па-за межамі хрысціянскіх колаў. Яго давер да нас і да мяне як прыёра Супольнасці Тэзэ застаецца Божым дарам, за які мы сёння ўзносім малітву падзякі. Некалькі тыдняў таму я меў сустрэцца з ім падчас чарговае аўдыенцыі, але гэтаму перашкодзіла шпіталізацыя. Наступнага дня разам з кіраўнікамі розных хрысціянскіх канфесій мы сабраліся на экуменічную малітву ў Рыме, а ўжо праз дзень цешыліся абвестцы пра яго выпіску са шпіталя.

Яго пантыфікат завяршаецца ў Вялікодны панядзелак. Разам з братамі і шматлікімі маладзёнамі, якія сабралася ў гэтыя дні ў Тэзэ, мы молімся за яго, напоўненыя глыбокае ўдзячнасцю за яго жыццё і служэнне Евангеллю ды Касцёлу.

брат Мэцью, прыёр Тэзэ
Вялікодны панядзелак, 21 красавіка 2025 г.


 [2]

[1Здымак: Lars König / медыя-каманда Тэзэ “Together” 2023

[2Здымак: (C) Vatican Media

Printed from: https://www.taize.fr/be_article40527.html - 25 April 2025
Copyright © 2025 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France