Інфармацыйны бюлетэнь для Беларусі | Вялікдзень 2025 Хрыстос Уваскрос!
Спадзяюся, што вы добра правялі Пасхальныя святы, а святло Вялікадня да гэтага часу прамянее ўнутры вас, асвятляючы вашае штодзённае жыццё ды ўсіх тых, хто вакол вас. Усіх тых, каму выпала шчасце з нагоды добрага жыцця, але й тых, хто перажывае цяжкія часы. На працягу апошніх трох тыдняў у Тэзэ мы змаглі прыняць багата наведвальнікаў, якія прыехалі памаліцца з братамі Супольнасці. Адначасова мы рыхтуемся прымаць пілігрымаў, якія ў групах ці паасобку наведаюць нас улетку. Падчас апошняе Еўрапейскае сустрэчы, якая адбылася напрыканцы мінулага года ў эстонскім Таліне, мы былі вельмі ўсцешаныя ўдзелам каля 90 удзельнікаў з Беларусі. Нацыянальныя сустрэчы сталі выдатнай магчымасцю даведацца крыху больш пра вашую краіну і яе жыхароў. Мяркую, шэраг іншых удзельнікаў Сустрэчы былі шчаслівыя з нагоды абмену з беларускімі пілігрымамі. Ужо зараз наш позірк скіраваны на канец года і на падрыхтоўку Сустрэчы, якая адбудзецца з 28 снежня па 1 студзеня 2026 года ў Парыжы і ваколіцах [https://www.taize.fr/be_rubrique3937]. Было б няблага, каб шмат беларусаў змаглі б у ёй паўдзельнічаць. У справе атрымання візаў, як і летась, мы ў прынцыпе можам разлічваць на дапамогу амбасады Францыі ў Менску. Гэта будзе сур’ёзнай падтрымкай у падрыхтоўцы да паездкі. Нас аднак папярэдзілі, каб яшчэ да пачатку лета мы прадставілі ўступную ацэнку колькасці беларускіх удзельнікаў дзеля таго, каб супрацоўнікі амбасады маглі загадзя арганізаваць сваю працу. Магчыма, вы ўжо ведаеце, ці ёсць беларускія групы, зацікаўленыя прыехаць на сустрэчу ў Парыж? З гэтае нагоды я прашу тых, хто плануе прыехаць на Еўрапейскую сустрэчу з групай, звязацца са мной у бліжэйшыя тыдні, каб мець магчымасць ацаніць колькасць беларускіх удзельнікаў. У Вялікоднай радасці, брат Крыстоф, каардынатар па пытаннях адносна Беларусі |