Нарада 2017

Малітва брата Алоіса

Як і кожны год, браты сустрэліся на сваёй штогадовай нарадзе, якая сёлета адбылася 24-29 студзеня. Вечарам у нядзелю нарада была завершаная супольнаю вечароваю малітваю, у тым ліку з малітваю "ляжаннем крыжам", падчас якой браты прыгадваюць свае манаскія зарокі. Перад гэтым брат Алоіс звярнуўся з наступнымі словамі малітвы.


Малітва на завяршэнне

Мы молімся да Цябе, Езу Хрыстэ, бо Ты ўваскрос з памерлых. Ты вядзеш нас за сабою, каб быць сведкамі надзеі, быць міратворцамі дзекольвек мы знаходзімся, тут у Тэзэ ці ў Сенегале, Кеніі, Карэі, Бангладэш, Бразіліі, на Кубе ці ўва Францыі.

У гэтыя дні Ты аднаўляеш у нас нашае пакліканне. Мы прагнем ісці за Табою, Езу, ціхі і пакорны сэрцам. Тваё Евангелле запрашае нас развіваць дух дзялення, заўсёды імкнучыся зрабіць нашае жыццё больш сціплым. Таму дапамажы нам засяродзіцца на істотным, на любові і сталае прысутнасці Святога Духа. Дазволь нам прыняць тую любоў, так каб яна закранула нас да глыбіні, бо мы патрабуем сталага навяртання аж да апошняга подыху. Там знаходзіцца крыніца радаснае ўнутранае свабоды.

Калі ў свеце расце гвалт і пачуццё страху, Ты дазваляеш нам трываць у надзеі Твайго прыйсця па паўстанні з памерлых. Для нас тое нібыта якар у нашым жыцці, пэўны і надзейны. Вера ў Цябе адкрывае нашыя вочы на Тваю прысутнасць у свеце. А нашая малітва становіцца больш палымянаю: Валадарства Божае можа быць асягнутае і ахопіць усе чалавечыя істоты.

Уваскрослы Хрысце, Твая любоў заахвочвае нас шукаць бачнае еднасці хрысціянаў, якая павінна быць зачынам супакою па ўсім свеце. Калі мы збіраемся ля крыніцы, што нарадзілася з Тваёй Пасхі, менавіта тады раскрываецца дынаміка Евангелля. Тады мы прымаем тое ў якасці дару з абавязковым распазнаннем разнастайнасці паміж хрысціянамі. Дазволь нам, братам, і ўсім хрысціянам пагадзіцца на ахвяры, неабходныя для прымірэння. Абудзі ў нашым грамадстве запал да адзінства, дазволь нам адчуць, наколькі пільным мае быць прабачэнне, дзеля таго каб мы не спыняліся ствараць даверлівыя адносіны паміж рознымі традыцыямі і каб быў магчымы абмен дарамі.

Рыхтуючы супакой на зямлі, Ты спрыяеш узросту нашага братэрства. Мы молімся да Цябе ў гэты вечар за ўсіх тых, каго Ты нам паверыў, пачынаючы ад тых прынятых тут у Тэзэ, як таксама ў іншых нашых супольнасцях, у часе паездак і пілігрымак Даверу, за бежанцаў, якія жывуць у нашае вёсцы. Часцяком праз тых, каго мы прымаем тут, Ты адкрываеш нашыя сэрцы на Тваю любоў, нават калі таго не ўсведамляем. Захоўвай нас усіх у духу Дабраслаўленняў, радасці, сціпласці ды міласэрнасці.

А зараз, пасля чарговага спеву, тыя браты, што маюць скласці свае жыццёвыя зарокі, будуць ляжаць на падлозе, прыгадваючы сваё пасвячэнне Богу.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article21397.html - 17 November 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France