2017

Хрысціянска-мусульманская ініцыятыва надзеі ў паўночным Ліване

Пасля таго, як два браты з Тэзэ правялі два тыдні ў Егіпце ў часе свайго візіту ў лістападзе 2016 г., яны працягнулі сваё падарожжа трохтыднёвым побытам у лістападзе ды пачатку снежня ў Ліване. Сярод шэрагу цудоўных сустрэчаў, якія яны адбылі падчас свайго побыту ў Ліване, адбылася сустрэча ў Трыпалі, горадзе паўночнага Лівану, у якой прынялі ўдзел мусульманскія і хрысціянскія лідары. Пра тую сустрэчу піша ніжэй адзін з братоў.

"Трыпалі - горад у Ліване, вядомы тым, што цягам апошніх гадоў там прайшлася моцная хваля гвалту паміж рознымі рэлігійнымі групамі. Некалькі гадоў таму Зіяд Фахед, гасцявы прафесар на Ўніверсітэце Нотр-Дам дэ Луазэ ля Бейруту, распачаў маленькі няўрадавы праект пад назваю "Дыялог для Жыцця і Прымірэння" (Facebook : DLRLebanon). Зіяд запрасіў мяне прыняць удзел у сустрэчы ў Трыпалі ўвечары 28 лістапада, што як раз й была арганізаваная гэтым NGO.

Калі я прыехаў, перадусім я быў здзіўлены ўбачыўшы запаркаваны ля ўваходу ў будынак мінівэн. Унутры знаходзілася група прыблізна з дзесяці ўзброеных чалавек. Зіяд абсалютна не пераймаўся з гэтае нагоды. Ён сказаў мне: "Кожнага разу, калі мы збіраемся на сустрэчу, яны таксама тут прысутнічаюць... ". Калі мы ўвайшлі ў вялікую залю, дзе мела адбыцца сустрэча, там ужо былі каля трыццаці рэлігійных лідараў - імамы, суніцкія ды алавіцкія шэйхі з гораду, але таксама мараніцкія ды праваслаўныя святары. Тэматыкаю таго вечаровага спаткання было разважанне "Падтрымліваючы нашую моладзь у гадзіне крызісу". Цягам усяго вечару я быў вельмі моцна ўражаны атмасфераю даверу і натуральным сяброўствам між усімі гэтымі рэлігійнымі лідэрамі. Няцяжка было заўважыць, што ўсе яны ведаюць адзін адно, што іх злучае трывалае сяброўства.

Убачыўшы маё здзіўленне ў гэтае сардэчнае і цёплае атмасферы, што панавала сярод усіх удзельнікаў сустрэчы, мой сябра Зіяд патлумачыў, што група "Дыялог для Жыцця і Прымірэння" пачала сустракацца ад лютага 2016 г., ці, іншымі словамі, ужо дзевяць месяцаў. У супрацоўніцтве з галоўнымі рэлігійнымі аўтарытэтамі розных хрысціянскіх і мусульманскіх канфесій паўночнага Лівану група запачаткавала ініцыятыву навязвання кантактаў між рознымі лідарамі рэгіёну. Восенню 2016 г. праект пачаў існаваць дзякуючы стварэнню ўласнае сеткі ў Трыпалі. Трыццаць пяць рэлігійных лідараў з розных мусульманскіх і хрысціянскіх канфесій сабраліся разам з гэтае нагоды. Яны дамовіліся, што цягам наступных шасці месяцаў яны рэгулярна будуць сустракацца ў розных справах, каб супольна абмяркоўваць тое на нарадзе прынамсі раз на месяц ды цягам трох поўных уікэндаў. Агульнаю мэтаю было адкрыццё прыгажосці адначасовага быцця так разнастайнымі, але адначасова так глыбока прывязанымі адзін да аднаго. Пад час кожнае месячнае нарады яны выбіраюць супольную тэму, што датычыць іх розных клопатаў, якая мае дапамагчы стаць бліжэй адзін да аднаго. У гэты вечар сустрэча адбылася ў залі праваслаўнае царквы. Наступная адбудзецца ў памяшканні мячэту. Досвед папярэдніх сустрэч ужо паказаў, што з нагоды пазаштатных праграмных актыўнасцяў шэраг гэтых рэлігійных лідэраў пачалі будаваць асабістыя ўзаемныя рэляцыі ў іх штодзённым жыцці, а таксама ў іх пастырскае дзейнасці. Усе яны жывуць і паслугуюць у Трыпалі цягам многіх гадоў, аднак большасць з іх ніколі не мела магчымасці, каб пазнаць адзін аднаго раней!

Гэтага вечару на свае ўласныя вочы я ўбачыў, як група мусульманскіх і хрысціянскіх лідэраў дзесьці ў Ліване жыла сапраўдным знакам міжрэлігійнага дыялогу. Крок па кроку прагненне лепшага зразумення адзін аднаго нарастала ў сваёй сціпласці, выходзячы па-за межы адрозненняў, праз узаемную павагу. Ці ўсведамляюць яны, якім чынам праз усё гэта яны адкрываюць новыя шляхі супакою і прымірэння ў іх Ліване, які яны так моцна любяць?

Ад таго незвычайнага спаткання ў лістападзе 2016 г., у якім я прыняў удзел, група сустракалася яшчэ некалькі разоў. 13 снежня яны сабраліся ў мячэце Трыпалі, каб падзяліцца разважаннямі на тэму "Міжрэлігійны дыялог і ўмацаванне супакою". 27-29 студзеня 2017 г. былі супольна праведзеныя выходныя і размовы на тэму двух важных рэчаў: выкарыстанне сацыяльных сетак для камунікацыі ў духу памяркоўнасці і дыялогу, а потым пытанне правоў чалавека ў ліванскім грамадстве. Урэшце 11 лютага група сабралася, каб падвесці высновы першых 6 месяцаў супольных сустрэч і паразважаць над будучымі праектамі. Звяртае ўвагу той факт, што былі прысутныя два біскупы з паўночнага Лівану (мараніцкі і праваслаўны), прадстаўнікі алавіцкай супольнасці Трыпалі ды Вялікі суніцкі муфцій.

Ужо становіцца бачным чарговы этап: паступовае назапашванне сродкаў, што дазволіць весці дыялог, пашыраючы міжрэлігійную гасціннасць у рэгіёне Трыпалі. Дыялог мусіць быць не толькі паміж рэлігійнымі лідэрамі, але часткаю штодзённага жыцця кожнае асобы, якіх заўгодна яго ці яе практык рэлігійных. На 2017 г. прапанаваны праект у галіне адукацыі, што распачнецца ў некаторых школах ды ўніверсітэтах у Трыпалі.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article21758.html - 18 October 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France