Так кажа Пан:Я выслухаю цябе ў час спрыяльны, у дзень збаўлення Я дапамагу табе. Я захаваю цябе і зраблю запаветам для народа, каб аднавіць зямлю і падзяліць спустошаную спадчыну, каб сказаць вязням: Выходзьце, – а тым, хто ў цемры: Пакажыцеся.Яны будуць пасвіцца пры дарогах, іх пашы будуць на ўсіх лысых узгорках. Яны не будуць галадаць і смагнуць, і не ўдарыць па іх ні спёка, ні сонца, бо той, хто шкадуе іх, накіруе іх і прывядзе да крыніцаў вады. Абярну ўсе горы ў дарогі, і шляхі Мае будуць узняты.Вось адны прыходзяць здалёк. І вось другія – з поўначы і з захаду, а іншыя – з зямлі Сінім. (Ісаі 49, 8-12)
Гэтыя словы першапачаткова былі звернуты да габрэяў, якія жылі ў выгнанні ў Вавілоне прыкладна за шэсць стагоддзяў да Хрыста. Гэта словы падбадзёрвання: добрая вестка. Як і багата ўрыўкаў ў Старым Запавеце, пасланне, дадзенае ў канкрэтнае сітуацыі ў пэўны момант гісторыі, захоўвае сваю актуальнасць у шэрагу іншых сітуацый, у іншых месцах ды ў іншы час. Існуюць перажыванні, звязаныя з чалавечым станам, якія працягваюць узнікаць зноў і зноў або якія застаюцца прысутнымі ўвесь час; а Божае слова да людзей, якія перажываюць такі вопыт, заўсёды па сутнасці мае аднолькавы характар жыватворнага паслання.
Некаторыя сітуацыі, звязаныя з выгнаннем, маюць фізічны кшталт. Сёння вялізная колькасць людзей ва ўсім свеце былі вымушаныя пакінуць сваю радзіму з-за вайны, прыгнёту альбо цяжкасцей. А іх зыход часта становіцца крыніцай велізарных пакут.
Але існуюць і ўнутраныя станы выгнання: розныя формы душэўнага і духоўнага адчужэння. Багата хто выяўляе, што яны насамрэч не пачуваюцца ў сябе ані ў жыцці, ані ў свеце. “Прыхадзень я на зямлі”, як кажа Псалміст (Псальм 119, 19). Супольнасці ж людзей, ці нават чалавечая сям’я ў цэлым, часта ўсведамляюць або цьмяна адчуваюць, што стан, у якім яны знаходзяцца, далёкі ад таго, якім ён мае быць. Мы знаходзімся ў своеасаблівым выгнанні, а ў чалавечым сэрцы жыве туга па месцы або стане, дзе мы маглі б сапраўды пачувацца як дома; дзе ўсё ёсць так, як мае быць на самой справе; дзе ёсць гармонія адно з адным, з самімі сабой, з прыродай ды з Богам.
Бог з’яўляецца сапраўдным домам для чалавецтва. Бог, які знаходзіцца ў цэнтры нашага сэрца (а таксама далёка па-за межамі нашага разумення); Бог, які знаходзіцца ў цэнтры прыроды (а таксама далёка па-за межамі сусвету); Бог, які знаходзіцца ў сэрцы кожнага іншага чалавека, якога я сустракаю (адначасова з’яўляецца кімсьці Абсалютна іншым). Божае пасланне чалавецтву заўсёды заключаецца ў вяртанні ў гэты сапраўдны дом, а тое азначае прымірэнне з Богам, адно з адным, з зямлёй і з глыбінямі нашага сэрца.
У гэтым урыўку з Ісаі Бог звяртаецца да свайго народа, ці, магчыма, да вернай рэшты свайго народа, ці, магчыма, да асобы, роля якой заключаецца ў выкананні Божай волі прымірэння і вяртанні з выгнання. Верш 8 адносіцца да Божага запавету, дамовы Бога са сваім народам. Гэта адна з асноўных тэм Бібліі. У гэтым пагадненні Бог абяцае даць свайму народу сапраўдную айчыну і быць з імі; чалавечы ж бок запавету заключаецца ў тым, каб мы імкнуліся жыць так, каб тое адпавядала гэтаму абяцанню і спрыяла яго выкананню. Мова ў гэтым вершы асабліва моцная: асоба ці людзі, да якіх звяртаецца Бог, павінны не проста прыняць або рэалізаваць гэты запавет, але насамрэч стаць ім.
Пасля ідзе серыя прыгожых вобразаў, якая апісвае, чым будзе вяртанне дадому. Тое падобна на тое, каб быць выпушчаным з цёмнай турмы або сутарэння (верш 9). Тое падобна на статак авечак, які даглядае добры пастыр і вядзе праз мясціны поўныя дастатку (вершы 9-10). На шляху дадому цяжкасці і перашкоды, такія як горныя хрыбты, ператвараюцца ў дарогі, якія дапамагаюць людзям крочыць наперад (верш 11). Урэшце вяртанне дадому для людзей з усіх канцоў зямлі (верш 12): пасланне скіравана людзям у Вавілоне на ўсходзе; выразна названы поўнач і захад; зямля Сінім альбо Асуан, якая знаходзіцца ў Егіпце, уяўляе сабой поўдзень. У гэтым сэнсе пасланне выцякае з першапачатковага кантэксту, становячыся абяцаннем вяртання дадому для ўсяго свету.
Ці здарылася мне дасведчыць радаснае вяртанне дадому, ці я магу сабе тое ўявіць? Чым з’яўляецца такі досвед?
Што Божае пасланне аб вяртанні з выгнання можа азначаць асабіста для мяне ці для маёй супольнасці?
Ці ведаю я каго-небудзь у сітуацыі «выгнання», ці то фізічнага, ці то духоўнага? Што б я мог/магла ўчыніць, каб даць ім надзею?