Пасля Пілігрымкі Даверу ў Егіпет

Гэта была першая моладзевая сустрэча Тэзэ, арганізаваная на Блізкім Усходзе з удзелам каля 100 маладзёнаў з розных еўрапейскіх краін ды 100 мясцовых коптаў з розных парафій Каіра, Аляксандрыі і шэрагу прыходаў Копцкае царквы з Верхняга Егіпту. Гэта быў час перабывання сам-насам, узаемнага пазнання ды адкрыцця альбо паноўнага прыгадвання сабе доўгай і багатай традыцыі Царквы ў Егіпце.

Адзін з братоў пералічыў асноўныя моманты тых пяці дзён:

  • прадстаўленне біскупам Тамашам з Копцкае царквы разнастайных вымярэнняў ідэнтычнасці коптаў, якія сёння надаль угнойваюць Царкву: яе касмапалітычнага вямярэння, спадчыны мучанікаў і цаны крыві, што служыць прабачэнню, манаскага фону як прыкметы сталага імкнення да сціпласці ды адсутнасці прагнення ўлады.
  • штораніцы моладзь з розных Цэркваў кемліва ўдзельнічала ў копцкае літургіі. Для большасці тое было адкрыццём багатае копцкае літургічнае традыцыі, копцкае мовы, псальмаў з іх мелодыяй, што, здаецца, паходзяць наўпрост з часоў Старажытнага Егіпту.
  • прыгажосць вечаровае малітвы, каторая спалучала некалькі хвілін у маўчанні з некаторымі медытатыўнымі спевамі Тэзэ, што былі перакладзены і выконваліся па-арабску.
  • наведванне і цёплае павітанне ў манастыры св. Макарыя ў Уадзі-Ватрун. Прымаў нас айцец Вадзім, які энергічна распавёў пра спадчыну айца Маты эль-Мескіна.
  • у дамініканскім інстытуце арыенталістыкі чакалі на нас браты-дамінікане ў таварыстве прафесара Ўсамы Набіла з Рады старэйшын ісламскага ўніверсітэту Аль-Азхар. Адзін з братоў Жан Друэль апрацаваў пяць формаў міжрэлігійнага дыялогу, якія, паводле яго, найбольш выдаюцца быць адпаведнымі. Далей праф. Усама Набіл распавёў пра залажэнне ўніверсітэту Аль-Азхар, а таксама гатоўнасці да дыялогу, якую рэпрэзентуе Рада па міжрэлігійным дыялогу. Сустрэча ў дамініканаў крыху прыадчыніла дзверы абмену з некаторымі мусульманамі. Дзве маладыя дзяўчыны-мусульманкі, што ўваходзяць у склад французскае асацыяцыі Coexister (фр. Суіснаванне), чыя праца накіравана на збліжэнне маладых людзей розных рэлігій, былі з намі падчас усяго перыяду пілігрымкі. Аналагічна сярод членаў экіпы групы Жана Ванье “Арка” прысутнічалі мусульмане, якія дзяліліся сваім досведам служэння сваім жыццём людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Напрыканцы моладзевае сустрэчы Брат Алоіс меў добрую магчымасць быць прынятым на аўдыенцыі ў папы Тэадора ІІ у ягонай прыватнай рэзідэнцыі. Гэта быў першы кантакт паміж Тэзэ і папам коптаў. Патрыярх быў вельмі ўважлівы адносна той працы, што была здзейснена разам з біскупам Тамашам па яднанні ў Егіпце маладзёнаў розных хрысціянскіх канфесій, а таксама душпастырскае працы з моладдзю, рэалізаванай нашай Супольнасцю ў Еўропе, дзе існуе вялікая колькасць Цэркваў.

Энтузіязм моладзі, што прагнула сустрэчы, быў адчувальны. У часе гэтае першае сустрэчы моладзі на тэрыторыі Ўсходу багата хто пытаўся нас, дзе і калі адбудзецца наступны крок. Калі ў такіх складаных і небяспечных варунках мы змаглі сустрэцца ў Егіпце, дык чаму б не ўявіць сабе жыццё ці Пілігрымку Даверу ў іншых краінах Блізкага Усходу? Для нас, хто прыбывае з Еўропы, тое нібы натхняльны глыток свежага паветра, што дазваляе ўбачыць дынамізм многіх Усходніх Цэркваў з іх маладосцю! Здаецца актуальным зрабіць больш дзеля сустрэчы моладзі з Еўропы і Блізкага Усходу.


Сведчанні некаторых маладых удзельнікаў

Ёхана (Швецыя)


«Копцкая царква прывітала нас з радасцю і ў супакоі. Наступнага дня па нашым прыездзе копцкі біскуп Тамаш запрэзентаваў уводную інфармацыю наконт ягонае канфесіі. Ён не распавядаў пра страх, але толькі пра любоў і прабачэнне. Гэтае пасланне было вельмі дакладным, вельмі шчырым, што нас глыбока ўзрушыла. Калі я запыталася аднаго з маіх новых егіпецкіх прыяцеляў, якім чынам ён ды іншыя копты здейснілі так, што любоў прыцміла іх страх, дык ён быў вельмі здзіўлены. Маўляў, - “кожны ў гэтым памяшканні ведае каго-небудзь, хто стаў ахвяраю атаку, але на пытанне, як працягваць кахаць, адказу ўжо не мае. Для нас дастаткова проста кахаць, заўсёды й таго хопіць”, - адказаў. Павітанне праз прыгожую Копцкую царкву, адкрыццё любві, якой яна так моцна напоўнена пасярод даволі складаных для яе часоў, стала дасвядчэннем, на якое я ніколі не забудуся».

Мэгюлён (Францыя)


«З тых пяці дзён у Анафоры захоўваю багацтва сведчанняў і зычлівасць егіпцянаў. Я была кранута іх гасціннасцю і ўражана мужнасцю, якую дэманстравалі некаторыя з іх у краіне з няпэўнае будучыняю. Калі мы размаўлялі пра сённяшнія выклікі, што паўстаюць перад коптамі, два моманты я адзначыла для сябе асаблівым чынам. Адна з рэплік належала святару з Анафоры: “Копцкая царква вельмі моцная, бо шмат прабачыла. Менавіта тое прабачэнне нас вызваляе”. Другі камэнтар належаў да студэнта-хрысціяніна з Каіру пра ягоныя зносіны з мусульманамі: “У Егіпце вучымся, працуем і адпачываем разам, й гэта відавочна. Калі нехта прагне мне нечага злога, рэагую на тое з гумарам і спакоем. Здаю сабе справу, што ёсць такія несвядомцы, якія больш нешчаслівыя ад мяне”».

Рэбэка (Нямеччына)


«У гэтым асабліва цяжкім для егіпецкіх хрысціян часе мы хацелі выказаць сваю еднасць з німі праз удзел у Пілігрымцы Даверу. У гэтае сітуацыі я сабе думала, якім чынам магла б прыслухоўвацца да Бога, якім чынам здзейсніць, каб Ягоны голас гучаў ува мне (...) Павінна была аб тым даведацца, выбіраючы сабе варштат “Слухайце Бога ў глыбіні вашых сэрцаў”, што быў падрыхтаваны Фадзі Таўадросам, моладзевым аніматарам з каірскае Копцкае царквы ў Гізе. Мне спадабалася, што маем давяраць адзін аднаму, што мушу прасіць Бога, каб прамовіў да мяне праз Святога Духа, які жыве ў нас».

Марыяна (Чэская Рэспубліка)


«Анафора - адно з найпрыгажэйшых месцаў, якое я калікольвек наведала. Гэтае месца напоўнена моцным духоўным жыццём, дзе знаходзяцца прыгожыя цэрквы; некаторыя будынкі нагадваюць мне сцэны з Бібліі.
Таксама цешылася з той нагоды, што магла адкрыць пэўную гістарычную спадчыну Егіпту. Але ж найбольш мне былі даспадобы сустрэчы і размовы з людзьмі з розных краін і слаёў грамадства. (...) Я меркавала, што прыбываючы да Егіпту, мы падтрымаем мясцовую супольнасць хрысціянаў. Было вельмі шкада, што яны пакутуюць у выніку тэрарыстычных актаў. Але ўбачыла моцную супольнасць з моцнае вераю, што таксама моліцца за хрысціян у Еўропе па прычыне духоўнай слабасці тых апошніх. Абяцалі, што будуць маліцца таксама за нас». 

Франсуа і Анры (Бельгія)


«У шалёных, але часам павярхоўных сустрэчах з хрысціянамі ў Егіпце падчас Пілігрымкі Даверу ў Анафоры і Каіры, цягам некалькіх дзён мы дасвядчылі пагружэння ў жыццё гэтых мужных будаўнікоў супакою і адважных сведкаў усходняга хрысціянства. Радасная і шчырая атмасфера, што спрыяла шчырым размовам, натуральным чынам спрычынілася да сяброўства ўсіх пілігрымаў. Мы маглі пазнаць прыгажосць нашае адметнасці ў часе разважанняў па малых групах, праваслаўных набажэнстваў ды экскурсій з экскурсаводам па гэтай прыгожай краіне. Вяртаемся да Еўропы ўзмоцненыя ў нашае веры, а рэха спеваў Тэзэ па-арабску надаль гучыць у нашых малітвах».

Отта (Чэская Рэспубліка)


«Шчыра дзякую вам за магчымасць узяць удзел у гэтае прыгожае пілігрымцы да Егіпту. Я быў адным з нешматлікіх удзельнікаў, што ніколі дагэтуль не былі ў Тэзэ. Гэта быў вельмі важны момант у маім жыцці, каб папрысутнічаць у тым месцы дзеля пазнання столькіх цудоўных людзей з розных частак свету».

Анна-Марыя (Ліван)


«Я зразумела, як глыбока копты трываюць у веры нягледзячы на пераследванні, і як бачу хрысціянаў, якія сёння называюць сябе атэістамі, хаця вольна могуць вызнаваць сваю рэлігію. Малюся за іх, прагнучы ўзмацніць сувязі паміж хрысціянамі Лівану ды Егіпту».

Сведчанні некаторых удзельнікаў-егіпцян:

Сандра (Егіпет)


«Будучы копткаю, мне заўсёды здавалася, што я ведаю духоўныя практыкі нашых літургічных традыцый. Але насамрэч глыбінёю нашых традыцый мы дзяліліся і падкрэслівалі іх у часе дзялення з Супольнасцю Тэзэ. Усе разам мы шукалі адну рэч: цішыні ў любові нашага Пана».

Самех (Егіпет)


«Гэта быў унікальны час, што адрозніваўся ад усяго таго, што было дагэтуль. Мы ўслаўлялі Пана амаль на ўсіх мовах. Гэта было тое, што можа быць Небам!»

айцец Ангелас, святар Копцкае царквы (Егіпет)


«Разнастайнасць груп зрабіла дыскусію вельмі багатаю. Людзі з розных слаёў, з іншым разуменнем духоўных праяў ды іх выражэннем. Асабіста мяне тое вельмі ўзбагаціла».

 [1]

[1Здымкі: Wiesia Klemens

Printed from: https://www.taize.fr/be_article23077.html - 13 October 2024
Copyright © 2024 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France