Жнівень 2018

Пілігрымка Даверу ў Ганконгу

31 снежня 2016 у часе Еўрапейскага Спаткання ў Рызе, дзе сабраліся 15 тысяч маладзёнаў, была мова пра чарговыя надыходзячыя этапы Пілігрымкі Даверу на Зямлі, якую шмат гадоў таму распачаў Брат Ражэ, Брат Алоіс казаў:

“Зараз я маю некалькі навін да паведамлення. Сярод нас маладыя людзі з некалькіх азіяцкіх краін. Праз паўтара гады надыйдзе іх чарга запрашаць на этап нашае Пілігрымкі Даверу. Яна адбудзецца ў Ганконгу ў днях 8-12 жніўня 2018 г.”

У сярэдзіне снежня Брат Алоіс атрымаў ліст ад лідараў мясцовых Цэркваў з Ганконга. Вось, што яны напісалі:

“У гэтае ініцыятыве мы бачым знак веры, надзеі і любові, якія так неабходныя нашаму свету ды Ганконгу, у прыватнасці ў забеспячэнні справядлівасці, прымірэння і супакою. Насамрэч, мы маем вучыць нашую моладзь гэтым адносінам такім чынам, каб яны таксама маглі спрыяць ператварэнню чалавечага грамадства. Мы ўсведамляем, што надыходзячая падзея не будзе самамэтаю самою ў сабе, але толькі сродкам для шматлікіх хрысціянаў супольна з людзьмі добрае волі, каб адкрыць новыя шляхі веры, надзеі і любові.

Мы былі б удзячныя, калі б Сустрэча была прыгатаваная пры паглыбленым кантакце і ў супрацы з нашымі мясцовымі абшчынамі ды арганізацыямі. Тая Сустрэча будзе вялікаю магчымасцю для нашых розных Цэркваў, а асабліва для моладзі, да сумеснага супрацоўніцтва падчас гасціны маладзёнаў з розных куткоў свету. Лета 2018 будзе адпаведным момантам для такое Сустрэчы.

Шчыра запрашаем Вас і Вашую Супольнасць да Ганконгу, і ад усяго сэрца запэўніваем Вас у нашым дабраслаўленні”.

Правялебны др. Пол Квонг, Арцыбіскуп і Прымас Ганконга Шэн Кун Хой, Англіканская Епіскапальная царква
Яго Эмінэнцыя кардынал Джон Тонг Хон, біскуп Ганконга, Каталіцкі касцёл
Вялебны Эрык Со Шынг-іт, старшыня Хрысціянскае Рады Ганконга

На Сустрэчы ў Рызе прысутнічала група маладзёнаў з Ганконга.

Адзін з іх, Пэгі, казаў:

“Пакуль Брат Алоіс абвяшчаў навіны ў часе вечаровае малітвы 31 снежня ды хвіліны апладысментаў з усяго холу, маё сэрца грукацела, а я натуральна не мог паўстрымаць свайго шчасця і радасці. Чакаецца, што ў жніўні тысячы маладзёнаў прыедуць да Ганконга, мяркую, што засяленне будзе адным з важных практычных пытанняў у часе Сустрэчы, бо Ганконг мае вельмі абмежаваную прастору з багатамільённым насельніцтвам. Аднак тое будзе сапраўдная пілігрымка даверу, і я з нецярпеннем чакаю, каб сустрэць кожнага падчас Сустрэчы Тэзэ ў Ганконгу з распасцёртымі абдымкамі!”

У студзені ганконгскія царкоўныя медыя апублікавалі навіны. Ірэн піша да Тэзэ:

“Я здзіўлена, што наступная азіяцкая сустрэча Тэзэ адбудзецца ў Ганконгу. Тут усё ў хуткім тэмпе. Мы жывем у гармідары. Мы можам быць занадта занятыя, каб задумвацца пра тое, чым мы можам падзяліцца з хрысціянамі з рэшты свету. Магчыма, вы ўсе зможаце пашпацыраваць з намі ды з простым сэрцам навярнуць нас на ўласцівы шлях, нагадваючы нам сваім удзелам і ўсмешкаю, што мы - хрысціяне Ганконга - можам злучыцца і сабрацца разам, як браты і сёстры ў Азіі”.

Рэгістрацыя распачалася прыканцы 2017 г. Калі вы плануеце арганізаваць групу на Сустрэчу, калі ласка, як мага хутчэй скантактуйцеся з намі (таксама з мэтаю атрымання больш дэталёвае інфармацыі).

Printed from: http://www.taize.fr/be_article23357.html - 14 October 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France