Люты 2018

Навіны ад мігрантаў, якіх прынялі ў Тэзэ

Ад 2015 г. Еўропа апынулася ў міграцыйнае крызе беспрэцэдэнтнага маштабу. Сутыкаючыся з гэтымі зменамі і пры падтрымцы ды шчырасці шматлікіх нашых суседзяў, Супольнасць працягвае адкрываць свае дзверы, каб прыняць мігрантаў.

Цэнтры прыёму і партнёрскія праграмы

У лістападзе 2015 г. дзеля прыёму мігрантаў з Кале ў Тэзэ пачаў дзейнічаць т.зв. CAO (Цэнтр прыёму і арыентацыі). Гэтае месца магло размясціць трынаццаць маладых мужчын ва ўзросце ад 19 да 40 гадоў, усе яны мусульмане, што паходзяць з Судану і Афганістану. Дзевяць з іх, якія атрымалі статус бежанца, зараз працуюць альбо стажыруюцца ў рэгіёне вакол Тэзэ. Адзін з іх, удавец, у Судане меў 13-гадовага сына. З нагоды свайго візіту ў гэтую краіну ў мінулым годзе брат Алоіс забраў дзіцяці з сабою да ягонага бацькі. Зараз дзіцяці ходзіць у школу, а ягоны бацька працуе ў мясцовай ліцейнай вытворчасці.

У лістападзе 2016 г. Супольнасць адкрыла CAOMI (цэнтр прыёму і дарадства для непаўнагадовых), каб часова прыняць тут васямнаццаць непаўнагадовых з Кале, якія жадалі дабрацца да Англіі. Сямёра з іх вырашылі застацца ў Тэзэ, дзеля падрыхтавання іх дакументаў на атрыманне статусу бежанца. Адзін з іх зараз у адукацыйным цэнтры каля Тэзэ, а чацвёра бежанцаў надаль жывуць у вёсцы, шукаючы месца пасялення ў наваколлі.

Сем’і

У апошнія гады Супольнасць таксама прыняла чатыры сям’і бежанцаў з Іраку і Сірыі. Пасля некалькіх месяцаў у Тэзэ, якія дазволілі ім ачуняць і распачаць працэс сацыялізацыі ва Францыі, дзве з гэтых сем’яў пасяліліся ў іншым месцы, падтрымліваючы з Супольнасцю ледзь не сямейныя адносіны.

Чаканне на абарону

У мінулым верасні Супольнасць запрасіла трох маладых мігрантаў ва ўзросце 20-28 гадоў з Паўднёвага Судану і Судану. Гэтыя маладзёны ўсё яшчэ пакуль не ведаюць, ці будуць яны ў стане скласці унёсак пра статус бежанца ва Францыі з-за правілаў Дублінскага пагаднення. Тым часам, ад моманту, калі яны не маюць дазволу на працу, яны вывучаюць французскую мову, займаюцца валанцёрствам ды ўдзельнічаюць у абменах на тэму прычын і цяжкасцяў іх міграцыйнае вандроўкі.

Спонсарскія сем’і

Кожны малады мігрант, якога прынялі ў Тэзэ, узяты на парукі адной з мясцовых сем’яў. Рэгулярна наведваючы свае спонсарскія сем’і, гэтыя маладзёны атрымліваюць дапамогу па добрай інтэграцыі ў французскую культуру, а таксама атрымліваюць неацэнную падтрымку. Адзін з маладзёнаў нядаўна сказаў: “Французы больш клапоцяцца пра мне, чым маці клапоціцца пра ўласнага сына!”

Заняткі французскай мовы

Калі Супольнасць адкрыла свае дзверы для моладзі з Кале, адразу ж частка мясцовых жыхароў прадэманстравала вялікую гасціннасць. Сёння ў Тэзэ чатыры дні на тыдзень адбываюцца заняткі французскае мовы, а ў справу заангажаваныя дзясяткі валанцёраў. Крысцін, выкладчыца французскае мовы для замежнікаў (FLE), піша: “Я вельмі здзіўленая, але й вельмі задаволеная, бачучы матывацыю тых, хто жадае атрымаць статус бежанца, іх пастановы навучыцца французскае мовы, нягледзячы на ўсе іх іншыя праблемы”. Акрамя трох мігрантаў, што ўдзельнічаюць у моўных курсах, дзясяткі замежнікаў з розных краін, якія жывуць у рэгіёне, таксама атрымліваюць карысць ад гэтых заняткаў.

Абмен

Мігранты, якіх прынялі ў Тэзэ, былі запрошаныя Вышэйшай школай св. Юзафа (г. Шатобрыян, Брэтань), каб правесці дзень, прысвечаны рэфлексіі на тэму міграцыі. У лістападзе 2017 г. трое з ніх былі там, а студэнты былі ўражаныя гісторыяй гэтых маладзёнаў, якія перасяклі Сахару, пекла ў Лівіі, а потым Міжземнае мора. Мігранты таксама былі ўражаныя ўвагаю слухачоў і сур’ёзнасцю студэнтаў.

У самім Тэзэ мігранты часам удзельнічаюць у варштатах, якія арганізаваныя для маладых пілігрымаў, дзе яны могуць падзяліцца сваімі дасвядчэннямі і матывацыямі.

У Еўрапейскім парламенце

У студзені 2018 г. група маладых мігрантаў наведала Еўрапейскі парламент. У часе сустрэчы з Еўрапейскай Камісіяй да спраў міграцыі, з чальцамі розных партый і прадстаўнікамі розных краін, а таксама з генеральным дырэктарам OFPRA (Французскае бюро па абароне бежанцаў і асобаў без грамадзянства) мігранты мелі магчымасць паразмаўляць пра сваё дасвядчэнне ў Еўропе ды іх канкрэтныя сітуацыі: статус уцекача, асоба, што шукае прытулку, “дублінскія” мігранты, а таксама непаўнагадовыя асобы без нагляду дарослых, узрост якіх не быў прызнаны.

Чалец Еўрапейскага парламенту выслаў нам запіс з гэтага візіту, зроблены Клаўдзія Кутарэлі, адносна Дублінскага пагаднення:

Каб прагледзець даўжэйшае відэа з гэтае сустрэчы, перайдзіце на гэтую старонку [https://www.youtube.com/watch?v=IUuk9KR-x84&feature=youtu.be].

Валантарыят

Мігранты, якіх прынялі ў Тэзэ, заўсёды цешацца, калі могуць прапанаваць фізічную дапамогу і пачуваюцца карыснымі ў выкананні паслугі для іншых. Іх чалавечая годнасць аднаўляецца, калі яны могуць даць нешта іншым.

Эдыт, казначэй каманды Каталіцкай агенцыі дапамогі з Клюні, піша, што “трое маладых мігрантаў-валанцёраў прыходзяць, каб прапанаваць рукі для дапамогі. Яны ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, такіх як выраб стэнду і арганізацыя штогадовага вялікага абеду, дзе яны былі адзначаныя ўсімі з нагоды якасці выкананых абавязкаў”.

Мігранты таксама атрымліваюць задавальненне, перабываючы поруч з маладымі пілігрымамі, што наведваюць Супольнасць. Гансала, малады партугалец, нядаўна напісаў: “Супрацоўніцтва з трыма маладымі мігрантамі было незвычайным дасвядчэннем. Яны былі добра інтэграваныя з нашаю камандаю, а мы дзяліліся некаторымі аспектамі нашых абедзвюх культур. Яны распавялі нам пра сваё дасвядчэнне і свае пошукі міру”.

Мінулым летам многія маладзёны адгукнуліся на заклік салідарнасці з мігрантамі, уносячы ахвяраванні на Тэзэ. З валанцёрам Орсі трое маладых мігрантаў паехалі ў лістападзе да Кале з мэтаю перадаць мясцовае Каталіцкае агенцыі дапамогі спальныя мяшкі, гелі для душу, шампуні, зубную пасту і шчоткі. Цягам дзвюх начэй іх прымалі ў Доме Марыі Скабцовай, дзверы якога адкрытыя для найбольш уразлівых уцекачоў. Орсі піша: “Нашыя тры сябры з Тэзэ бачылі такое ж няшчасце цягам іх уласнага падарожжа праз шэраг краін, пустныю, Міжземнае мора, таму яны зразумелі, праз што прайшлі маладыя людзі з Кале”.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article23590.html - 26 June 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France