Тэзэ і Паўднёвая Афрыка

Штогод дзясяткі паўднёваафрыканцаў перабываюць у Тэзэ і ўдзельнічаюць у міжнародных сустрэчах. Сёння - гэта ўжо некалькі пакаленняў, што могуць дасведчыць супольную малітву ды братэрскае жыццё разам з Супольнасцю, прыпавесць еднасці. Брат Ражэ асабліва быў вельмі ўважлівы да іх прысутнасці, бо ў той краіне цягнуўся доўгі перыяд апартэіду, але таксама й больш асабіста, бо надаль адзначаў сямейную ўрачыстасць, якую любіў узгадваць (13 глава “Свежасці крыніцы” (анг. “Freshness of a source”), напісанай Маткаю Тэрэзаю).

Пастар з паўднёвага рэгіёну Афрыкі Кальвін Мапопэ (Calvin Mapopé) наведаў сям’ю Шульцаў у 1925 г., і перад ад’ездам быў запытаны пра дабраслаўленне кожнага з дзяцей у сям’і. “Бяручы пад увагу, што я быў наймалодшы, я атрымаў дабраслаўленне апошнім”, кажа Брат Ражэ, “і з таго самага дня мая мама казала нам ‘вера знікае з Еўропы, але яна зноў будзе прынесеная нам у сваёй арыгінальнай свежасці хрысціянамі з Поўдня, напрыклад афрыканцамі‘”.

Партрэт вялебнага Кальвіна Мапопэ, 1925, Лазана, фундацыя Hermitage.


Прысутнасць паўднёваафрыканцаў у Тэзэ сягае 1960-ых гг. Верагодна, што адным з першых быў тэолаг і знаўца думкі Дзітрыха Банхёфера Джон дэ Грухі (John de Gruchy). Ён казаў: “Мой першы візіт у Тэзэ адбыўся ў 1964 г., пра Тэзэ я пачуў годам раней, калі навучаўся ў Чыкага. Я напісаў і атрымаў запрашэнне прыехаць на тыдзень. Для мяне тое значыць, што я быў першым паўднёваафрыканцам, што меў такое дасвядчэнне. Я сеў у цягнік у Жэневе, і ўсё яшчэ надаль памятаю карасканне на ўзгорак да старых дзвярэй кляштара каля вясковага касцёла. У маіх думках не было нейкіх спецыяльных чаканняў альбо праграмы побыту, але ўсё было вырашана галандскім братам, што клапаціўся пра мой графік ды казаў мне, што я правяду пэўны час у цішыні, чаго раней са мною ніколі яшчэ не здаралася. На той час там былі толькі некалькі адведвальнікаў, бо моладзевыя сустрэчы тады яшчэ не рушылі. Я ўдзельнічаў у штодзённае малітве, спажываў свае пасілкі ў цішыні, некалькі разоў чытаў правілы Тэзэ, таксама як й кнігі Брата Ражэ ці Брата Макса, а таксама ладзіў сабе доўгія шпацыры па наваколлі. Раней таго моманту я ніколі не чуў музыкі Тэзэ, не дасвядчаў асабістае споведзі; гэта былі тыя досведы, што сфармавалі маё жыццё”.

Джон дэ Грухі ў ліпені 2017 г. разам з братамі Норбертам і Люкам у ягоным кабінеце.


Вярнуўшыся з Найробі ў канцы лістапада 1978 г., Брат Ражэ з бр. Алоісам і бр. Джонам правялі некалькі дзён у Паўднёвае Афрыцы: ў Яганэсбургу і Кейптаўне. У Кейптаўне малітоўная сустрэча адбылася ў Noxolo, школе ў цэнтры Cross Road - саматужным лагеры, дзе пражывалі больш 20.000 афрыканцаў. Браты былі ўгошчаныя вялебным Кані, іншымі пастарамі ды мэрам Cross Road. Сястра Тэрэза-Паскаль ад Езуса занатавала ў дзённіку: “Так доўга, пакуль гучалі спевы, брат Ражэ кленчыў перад кожным чалавекам - старым, маладым, малым дзіцяці - просячы зрабіць знак крыжа на ягоных далонях на знак прабачэння, якое ён хацеў занесці моладзі з Еўропы. Людзі вельмі сур’ёзна ставіліся да гэтага, крэслячы знак крыжа з вялікаю адказнасцю”. Пасля гэтага браты былі прынятыя айцом Бэйзілам у Holy Cross, у Шостым Квартале, што перажыў значныя разбурэнні. У Яганэсбургу сустрэчы ды візіты прайшлі ў Саўэта, у паўднёва-заходняй частцы горада. Браты наведалі Баерса Надэ (Beyers Naudé), які знаходзіўся пад хатнім арыштам, а таксама сустрэліся з Дэсмандам Туту (Desmond Tutu), нядаўна абраным англіканскім біскупам Лесота і Генеральным Сакратаром Паўднёваафрыканскае рады цэркваў.

Брат Ражэ, Cross Road, 1978


У 1979 г. Дэсманд Туту наведаў Тэзэ. Гэтую падзею ён узгадваў наступным чынам: “У той час, пакуль я ўдзельнічаў у набажэнстве ў храме Паяднання, аточаны 5.000 маладзёнаў з розных куткоў нашае планеты, я атрымаў - можна сказаць - пэўнае аб’яўленне, што было мне дадзена: ці ж бы не было цудоўна, каб пілігрымка маладых паўднёваафрыканцаў усіх рас магла прыбыць да Тэзэ, каб маліцца, смяяцца, любіць, набліжаючыся да таго, чым была раней нашая вера ў нерасавай Паўднёвае Афрыцы? Мне была дадзена лічба - 144 ад 144.000 дабраславёных з Апакаліпсісу 7 ”.

Візіт 144 маладых паўднёваафрыканцаў усіх нацыянальнасцяў краіны з 20 розных Цэркваў адбыўся ў ліпені 1980 г. Біскуп Туту, што прыгатаваў гэтую пілігрымку, не змог у ёй удзельнічаць, бо ягоны пашпарт быў ануляваны. Групу суправаджаў біскуп Брус Эванс. У “Пасланні народаў Паўднёвае Афрыкі”, напісаным у Тэзэ 19 ліпеня 1980 г., удзельнікі пілігрымкі абвяшчалі, што “нашая група моладзі ўсіх нацыянальнасцяў і хрысціянскіх традыцый дасвядчыла хлуслівай ідэалогіі апартэіду, якая сцвярджала, што мы ніколі не зможам жыць разам. Нашая надзея кіруецца словамі св. Паўла “Няма ані юдэя, ані грэка; няма ані слугі, ані свабоднага; няма ані мужчыны, ані жанчыны”, ён зламаў усе бар’еры, што аддзялялі нас ад Бога ды іншае асобы, і ён заклікаў нас да новага грамадства, заснаванага на любові, справядлівасці, дзяленні і большае павазе да аблічча Бога ў кожным чалавеку”. “Для нас гэтае дасвядчэнне мае аказваць уплыў і уздзеянне на ўсё нашае пазасталае жыццё”, казаў пілігрым.

Вокладка памятнага буклету пілігрымкі надзеі 144 маладых паўднёваафрыканцаў, 1980


У 1995 г., праз год пасля першых агульнанацыянальных выбараў у краіне і прэзідэнцкае перамогі Нэльсана Мандэлы, Супольнасць адказала на запрашэнне з Цэркваў ды садзейнічала правядзенню міжнароднае сустрэчы ў Яганэсбургу. Некалькі месяцаў браты правялі на падрыхтоўцы. Некалькі тысяч маладзёнаў з усяе краіны, з суседніх дзяржаў ды іншых месцаў сабраліся разам з 5 па 7 траўня 1995 г. Удзел прыняў й Брат Ражэ. Прэзідэнт Мандэла звярнуўся да ўдзельнікаў з пасланнем: “Ужо некаторы час увесь свет глядзіць на Паўднёвую Афрыку, а тое, што мы будуем тут, аказвае ўплыў далёка па-за межамі краіны. Заахвочваю моладзь прыняць на сябе адказнасць і не паддавацца непакою ды адчаю. Бо гэтае пакаленне мае быць закваскаю надзеі для шэрагу маладзёнаў па ўсім свеце, што шукаюць шляхоў будавання даверу ў чалавечае сям’і. Падтрымліваючы і служачы адзін аднаму, мы разам можам рухацца наперад, знаходзячы моц і радасць у салідарнасці, якая яднае нас”.


Пасля Найробі (2008), Кігалі (2012) ды Катану (2016) новым афрыканскім этапам Пілігрымкі Даверу стане сустрэча ў Кейптаўне з 25 па 29 верасня 2019 г.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article23873.html - 29 September 2020
Copyright © 2020 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France