Разважанне: “Народзіны новага народа - гэта цяжкая барацьба” - Яко Бота

“Я з’яўляюся пастарам Галандскай (Нідэрландскай) рэфармацкай царквы. Гэтая Царква была ля вытокаў апартэіду, была Царквою колішніх уладароў гэтага краю. Гэта былі тыя, хто распрацоўваў і развіваў ідэалогію расавага падзелу. Нашая гісторыя - гэта гісторыя сегрэгацыі. Гэта тая праўда, якой мы, як Царква, мусім падпарадкавацца, адначасова пагаджаючыся з нашым грахом, але таксама й становячыся сапраўднае часткаю Афрыкі. Прывіды мінулага працягваюць пераследваць нас аж да сёння, 20 гадоў пасля нашых першых дэмакратычных выбараў. Мы ўсё яшчэ далёка ад праўдзівае дэмакратыі ў Паўднёвае Афрыцы. Доступ да адукацыі, адпаведная медыцынская апека, працоўная занятасць ды ўзровень санітарыі застаюцца для многіх паўднёваафрыканцаў па-ранейшаму недасяжнымі. Гэта падсілкоўвае гнеў, які ў 2016 г. прывёў да пратэстаў, вядомых пад назваю #feesmustfall movement (анг. рух #аплаты маюць быць абніжаныя). Чорнаскурыя студэнты запатрабавалі інстытуцыянальнае рэформы па зніжэнні аплат за навучанне, доступу на ўніверсітэты ды больш інклюзіўнай моўнай палітыкі.

Якім чынам таварышыць маладзёнам, каб яны ўзялі ў рукі свой лёс, сваю гісторыю і вызвалілі сябе ад структур, што пазбавілі іх уласнае годнасці? Я пачаў разумець, што народзіны новага народа - гэта цяжкая барацьба. Тут, у арганізацыі Спадчына (анг. Legacy), мы прапануем людзям бяспеку, мы падтрымліваем іх, мы суправаджаем іх падчас траўмаў і пасля дазнанага гвалту. Я тут, бо мне патрэбна пазбавіцца ад ідэалогіі, якая была перададзена мне маімі продкамі. Я тут не дзеля таго, каб размаўляць пра Бога, але таму, што шукаю Бога, каб быць вылечаным з расізму і ксенафобіі. Людзі, з каторымі я працую, спрыяюць майму выздараўленню. Я не магу пісаць ці прапаведваць без гісторыі месцічаў. Багата людзей прыязджае з-за мяжы, каб выратаваць Афрыку. Але нам тут не патрэбная ААН ці вялікія службы па аказанні дапамогі, каб выратаваць нас. Нам тут патрэбная любоў. Мы на ўласным шляху, на доўгай дарозе, каб палюбіць адзін аднаго, нягледзячы на новыя раны. Нам не патрэбныя грошы, нам не патрэбнае планаванне, але толькі людзі, што палюбяць нас, якія дапамогуць нам стаць сабою, што салідарызуюцца з гэтым пачаткам, якія будуць разам з намі пераносіць гэтыя траўмы, крыж Хрыстуса, каб жыць уваскрасеннем, што пазбягае кантролю над чалавечае істотаю. Вось, у чым я бачу надзею!

Луіс ван дэр Рыет, Дзанеле Кумало, Нтомбекхая Сібенэ, Вінанд Марк Брайтэнбах і Яко Бота, красавік 2018 г., Тэзэ

Цягам мінулых гадоў мы сутыкнуліся з масавымі рабаваннямі грамадскіх сродкаў прадстаўнікамі дзяржавы і Афрыканскага нацыянальнага кангрэса (АНК) - кіруючае партыі. Тым не менш, мы заўважылі, што Паўднёваафрыканская рада цэркваў адыгрывае прароцкую ролю ў абароне справядлівасці ды справаздачнасці ўрада перад народам.

Убунту - “Я такі, які я ёсць з-за таго, кім мы ўсе ёсць” - гэта афрыканскі дар чалавечае сям’і, гібрыднае багаслоўе. Мая надзея палягае на тым, каб мы стварылі грамадства, у якім мы зможам сказаць, што нехта другі дапамагае мне стаць самім сабою. Я не буду сабою, калі ў ім не будзе іншых афрыканцаў. Незразуменне гэтага вядзе да высакамернасці. Сёння афрыканеры жывуць так сама, як немцы пасля другой сусветнай вайны. Варта быць падрыхтаваным да паразы. Але ж у кожнае чалавечае істоце ёсць вобраз Бога. І гэта наш шлях”.

Яко Бота (Jaco Botha), доктар тэалогіі, г. Стэленбош, ПАР.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article24066.html - 15 August 2020
Copyright © 2020 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France