Ліван 2019

Міжнародная экуменічная Сустрэча Моладзі ў Ліване

Цэрквы ў Ліване і Рада Цэркваў Блізкага Усходу радыя запрасіць на Міжнародную экуменічную Сустрэчу Моладзі, арганізаваную Супольнасцю Тэзэ ад пятніцы 22 сакавіка па аўторак 26 сакавіка 2019 г., якая пройдзе ў Ліване. Чакаецца, што ў Ліван прыедзе тысяча маладзёнаў ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў з Лівану, розных еўрапейскіх краін ды рэгіёну Блізкага Усходу.

Чаму ладзіцца тая Сустрэча?

Мы хочам сабраць разам моладзь з Блізкага Усходу, а таксама рэшты свету ў Ліване дзеля таго, каб:

- паглыбіць нашую веру праз супольную малітву, а таксама дзяленне па чытанні Бібліі.
- пазнаёміць маладых еўрапейцаў з багатае традыцыяю Цэркваў Усходу.
- падкрэсліць багацце экуменічных адносінаў, што ўжо існуюць у Ліване, і дазволіць удзельнікам з іншых краін пазнаць іх.
- прыслухацца да доўгага дасвядчэння суіснавання хрысціянаў у Ліване разам з разнастайнымі мусульманскімі абшчынамі.
- зрабіць уводзіны для маладзёнаў з розных куткоў у ліванскую прыгажосць, асабліва ў іх цёплую гасціннасць.
- шукаць супольнае будучыні ў надзеі і супрацоўніцтве паміж кантынентамі.

У якім узросце маюць быць удзельнікі?

Паміж 18 а 35 гадамі.

Адкуль яны прыедуць?

З Лівану, дзяржаў рэгіёну (Ярданіі, Палестынскае Аўтаноміі, Сірыі, Іраку, Егіпту...), з Еўропы ды, мы спадзяемся, нават з больш аддаленых куткоў!

Калі тое адбудзецца?

Ад апоўдня пятніцы 22 сакавіка па вечар аўторку 26 сакавіка 2019 г. Ліванцы могуць вярнуцца дадому ўжо ўвечары панядзелку 25 сакавіка, калі ім неабходна быць у працы ад раніцы наступнага дня.

Дзе мы затрымаемся?

Калі магчыма, удзельнікі будуць заселеныя па прымаючых сем’ях, альбо ў адпаведныя пакоі па цэрквах. Людзі, што будуць прымаць удзельнікаў, будуць ладзіць тое ў супрацы з іх мясцовымі цэрквамі: яны прымуць іх на 4 начы, а таксама прыгатуюць для іх сняданак цягам 4 гэтых дзён.

Якая праграма Сустрэчы?

Больш дакладная праграма будзе апублікаваная пазней. Ніжэй толькі некаторыя моманты на кожны дзень Сустрэчы:

Пятніца, 22 сакавіка 2019 г.

Цягам дня: прыбыццё ўдзельнікаў з па-за Лівану. Каманда прыёму будзе сустракаць іх у аэрапорце, пасля чаго ўдзельнікі будуць адвезеныя да іх прымаючых парафій. Гэта будзе прымаючая царква, якая забяспечыць іх засяленнем разам з чальцамі царкоўных абшчын.
Увечары прыедуць удзельнікі з Лівану. Прыём будзе адбывацца непасрэдна ў прымаючае парафіі.

Субота-нядзеля, 23-24 сакавіка 2019 г.

- Сняданак у прымаючых сем’ях ці рэлігійных абшчынах.

- Ранішняя малітва падчас літургіі ў прымаючых цэрквах альбо малітва са спевамі Тэзэ. Нядзеля: Эўхарыстычная літургія ў прымаючае царкве.

- Сустрэча ў прымаючае царкве са сведкамі Евангелля ды людзьмі, адданымі чыненню супольнага дабра. Пасля - малыя групы дзялення (8-10 чалавек) паводле духоўнае тэматыкі дня.

- Адпраўленне аўтобусамі да цэнтральнага месца Сустрэчы.

- Малітва апоўдні.

- Семінары: наведванне месцаў надзеі і сімвалічных месцаў суіснавання паміж абшчынамі. Сустрэчы са сведкамі супакою і дыялогу, а таксама духоўнага навучання.

- Вечаровая малітва.

- Адпраўленне аўтобусам да прымаючае парафіі.

- Прыбыццё ў парафію: сем’і могуць сустрэць удзельнікаў па прыбыцці аўтобусаў. Вячэра ў прымаючых сем’ях.

Панядзелак, 25 сакавіка 2019 г.

- Сняданак у прымаючых сем’ях.

- Ранішняя малітва падчас літургіі ў прымаючае царкве альбо малітва са спевамі Тэзэ.

- Сустрэча ў мясцовай царкве са сведкамі Евангелля і людзьмі, заангажаванымі на карысць грамадства. Пасля - групы дзялення (8-10 чалавек) на тэму дня.

- Адпраўленне аўтобусамі да цэнтральнага месца Сустрэчы.

- Малітва апоўдні.

- Семінары. Гэтага дня з прычыны міжканфесійнага святкавання Звеставання асабліва будзе падкрэслены аспект дыялогу і суіснавання паміж мусульманамі і хрысціянамі вакол постаці Марыі.

- Вечаровая малітва.

- Адпраўленне аўтобусам да прымаючае парафіі (а таксама ад’езд тых ліванцаў, што вяртаюцца дадому, калі маюць працу ранкам наступнага дня).

- Прыбыццё ў парафію. Сем’і могуць сустрэць удзельнікаў, калі тыя прыедуць.

Аўторак, 26 сакавіка 2019 г.

Для тых, хто прыбыў з па-за Лівану (а таксама для ліванцаў, па жаданні):

Дзень знаёмства з ліванскае спадчынаю. Дэталёвая праграма будзе апублікавана пазней.

Калі ласка, заплануйце свой зваротны палёт увечары ці ўначы з аўторку 26 сакавіка на сераду 27 сакавіка, ці раніцаю 27 сакавіка.

Пасля вечару аўторка 26 сакавіка моладзь з іншых краін можа застацца ў Ліване, аднак удзельнікі ўжо больш не будуць знаходзіцца пад адказнасцю арганізатараў Сустрэчы. Для такіх асобаў будзе арганізаваны транспарт у тыя месцы, адкуль яны змогуць скіравацца да месцаў засялення, што загадзя будуць замоўленыя імі на рэшту часу іх побыту ў краіне.

Прыблізны кошт для ўдзельнікаў

Каля 100-130 даляраў ЗША. Кошты будуць пацверджаныя пазней.

Кантакт і папярэдняя рэгістрацыя

Калі вы прыбываеце не з Лівану:

Калі ласка, пішыце на middle.east taize.fr, каб распавесці крыху пра сябе, вашую матывацыю наконт магчымага ўдзелу ў гэтае Сустрэчы.

Калі ласка, перад тым, як набываць квіткі, пачакайце на нашае пацверджанне.

Па ўсю астатнюю інфармацыю альбо высвятленне дэталяў, калі ласка, пішыце нам на адрас, пададзены вышэй. Мы зробім усё магчымае, каб хутка вам адказаць.

Калі вы прыбываеце з Лівану:

калі ласка, пішыце на youth2019 mecc.org па ўсю неабходную інфармацыю альбо наконт папярэдняе рэгістрацыі.

Практычныя дэталі

- Вам неабходна мець пашпарт, тэрмін важнасці якога будзе мець яшчэ 6 месяцаў пасля вяртання з Лівану. Калі ласка, звяжыцеся з амбасадаю Лівану ў вашае краіне (Ганаровы Кансулят Лівану ў Рэспубліцы Беларусь liban_consulate mail.ru, Менск, вул. Смалячкова 26, корп. 1. Тэл.: (375 17) 293–75–19, 294–57–54), каб усталіць усе дэталі і даведацца, якія дакументы вам трэба падаць на візу. Калі ласка, напішыце нам, каб мы выслалі вам запрашэнне дзеля атрымання візы. Скантактуйцеся з намі middle.east taize.fr таксама, каб выслаць адсканаваную копію вашага пашпарту, у тым выпадку, калі мы пацвердзім вашую папярэднюю рэгістрацыю.

ВЕЛЬМІ ВАЖНА: калі вы былі ў Ізраэлі, і ў вашым пашпарце ёсць штампы аб перасячэнні ізраэльскае мяжы, з такім пашпартам вы НЕ ЗМОЖАЦЕ ўехаць у Ліван.

- Акрамя ўдзельнікаў з Сірыі ўезд да Лівану па сушы з Сірыі ці Ізраэля немагчымы. Менавіта таму неабходна будзе прыбыць у Міжнародны аэрапорт імя Рафіка Харыры ў Бейруце.

- З некаторых сталіц у Бейрут лятаюць лоўкосты. Асаблівым чынам звярніце ўвагу на кампаніі Pegasus, Transavia, Middle East Airlines ды Turkish Airlines (праз Стамбул). Палёты з перасадкаю могуць быць таннейшымі.

- Калі ласка, прывязіце з сабою Біблію, а таксама маленькі падарунак для вашай прымаючай сям’і, лыжку на пасілкі, а таксама бутэльку для вады, якую можна будзе рэгулярна напаўняць. УВАГА: пітною вадою ў Ліване з’яўляецца толькі фільтраваная. Запытайцеся пра тое ў вашых прымаючых асобаў. У сакавіку ў Ліване ідуць дажджы, таму захапіце з сабою воданепранікальнае накрыццё альбо парасон.

Падрыхтоўка

  • Важна загадзя прачытаць пра гісторыю Лівана ды шматлікія ягоныя хрысціянскія дэнамінацыі. Вы зможаце знайсці багата старонак ў сеціве. Напрыклад, можаце паглядзець прэзентацыі на старонцы Міністэрства турызму Лівана [http://destinationlebanon.gov.lb/en/DiscoverLebanon/details/1/1].
  • Калі ласка, знайдзіце час, каб прачытаць пра разнастайныя гістарычныя вызнанні ў Ліване: маранітаў, праваслаўных грэкаў, грэка-католікаў, сіра-католікаў, артадаксальных сірыйцаў, армянаў, халдзеяў, коптаў, Асірыйскую Царкву ды разнастайныя пратэстанцкія абшчыны. Сціслая інфармацыя ёсць на старонцы ў Вікіпедыі [https://en.wikipedia.org/wiki/Christianity_in_Lebanon].
  • Іншаю магчымасцю адкрыць для сябе Ліван перад паездкаю можа стаць знаёмства з цудоўнымі працамі ліванскае культуры. Можаце паглядзець некаторыя ліванскія фільмы, напрыклад: “Et maintenant, on va où?” (“І куды мы зараз”) у рэжысэрыі Надзін Лабакі (2011 г.), альбо прачытаць паэзію Джэбрана Халіля Джэбрана, аповесці Аміна Маалуфа, Рабіха Аламеддзіна ці Шарыфа Майдалані, альбо шэрагу іншых якасных ліванскіх аўтараў.
  • Калі магчыма, наведайце Тэзэ цягам 2018 г. з мэтаю сустрэцца з братамі, што рыхтуюць Сустрэчу. Штотыднёва ад Тройцы ў 2018 г. праз увесь год у Тэзэ будуць адбывацца інфармацыйныя спатканні наконт Сустрэчы ў Ліване. Запытайцеся пра тое па вашым прыездзе.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article24156.html - 16 June 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France