Разважанне: “Усё пачалося з кроку даверу...” - Джон дэ Грухі

Разважанні наконт даверу перад Пілігрымкаю Даверу Тэзэ у Кейптаўне, 2019 г.

Пілігрымка - гэта эксперымент у працэсе паўставання, эксперымент і навучанне жыць у даверы. Ад моманту, калі мы пакідаем дом, сядаем у аўтобус, цягнік ці самалёт, каб патрапіць у Кейптаўн, мы адкрываем, што перасякаем межы, ад знаёмага да незнаёмага, з дому да гасціннасці незнаёмых людзей, ад бяспечнае групы нашых аднагодкаў да няўпэўненасці ў перабыванні з іншымі, што адрозніваюцца адзін ад аднаго. Навучаючыся давяраць сабе, давяраць іншым, а таксама дазваляць іншым давяраць нам, усё тое робіць падарожжа магчымым. Гэта таксама чыніць яго захапляльным, пераўтваральным, узмацняльным ды радасным.

Падарожжа з даверам робіць з нас адкрытых на здзіўленне неспадзяваным, гэта падарожжа, падчас якога мы адкрываем рэчы, якіх пра сябе раней не ведалі, мы перасякаем межы, якіх дагэтуль асцерагаліся, сустракаем людзей, якіх не сустракалі ніколі раней ці не лічылі, што будзе магчымым пасябраваць з імі. Калі мы адкрытыя на давер іншых, будучы прыгатаванымі, каб прыняць іх гасціну ды пачаць з імі гутарку, распачынаецца сяброўства, й крок па кроку яно паглыбляецца.

Такія адносіны могуць цягнуцца праз усё жыццё. Яны ахопліваюць узроставыя групы, ідэалогіі, нацыянальнасці ды шматлікія падзелы, што падрываюць давер. Яны таксама дапамагаюць нам увайсці ў адносіны, што не былі мажлівымі ніколі дагэтуль, калі панавала рэторыка і аргументы. Таму мы вучымся быць сабою, а не спрабаваць быць кімсьці яшчэ. Мы адкрываем сваё праўдзівае “я”, і таму пачынаем узрастаць у сціплае самасвядомасці, што чыніць нас прыязнымі ў дачыненні да саміх сябе, замест таго, каб спрабаваць быць тымі, кім мы не з’яўляемся. Мы можам пачаць давяраць іншым больш, чым раней, ды, у сваю чаргу, станавіцца надзейнымі ў адносінах з гэтымі людзьмі.

Давер - гэта неад’емная частка, каб стаць і быць паслядоўнікам Хрыстуса. Крочыць за Ім - гэта вандроўка, як у кампаніі з іншымі, так й у самоце. Падчас падарожжа мы пачынаем разумець, шанаваць ды жыць з іншымі ў супольнасці. Мы таксама адкрываем, што можам быць сам насам у цішыні, думаючы і разважаючы пра тое, што насамрэч істотна для нас, што нас натхняе і матывуе. Калі мы глыбей зазірнем у сябе, мы больш глыбока прасунемся ў падарожжы да Хрыстуса ды ў той самы час глыбей увойдзем у супольнасць блізкіх нам пілігрымаў. Жыццё раптоўна набудзе для нас новы сэнс, дазваляючы нам вярнуцца туды, адкуль мы прыйшлі абноўленымі і прыгатаванымі да таго, каб змяняць свет, у якім мы жывем. Але зараз мы ведаем, што з’яўляемся часткаю большае супольнасці, нас яднаюць сяброўства і салідарнасць, пошукі новага і лепшага свету супакою ды справядлівасці. Цуд палягае на тым, што ўсё пачалося з крока даверу, крока ў невядомае. Акрамя таго, зараз мы ведаем, што мы не адны.

Джон дэ Грухі (John de Gruchy), 30 сакавіка 2018, Валмаед

Printed from: http://www.taize.fr/be_article24165.html - 17 October 2019
Copyright © 2019 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France