Разважанні брата Алоіса

Штовечар падчас Еўрапейскае Сустрэчы брат Алоіс прамаўляе да ўдзельнікаў. Запіс ягоных разважанняў падчас Сустрэчы кожнага дня будзе размяшчацца на гэтае старонцы.

JPEG

Вечар панядзелка, 31 снежня 2018 г.

Мы ўжо прыканцы нашае Сустрэчы. Сёння ўвечары мы адзначым надыход новага года, а ў вашых прымаючых супольнасцях адбудзецца малітва ў інтэнцыі супакою.

У вельмі шматлікіх месцах на свеце супакой знаходзіцца пад пагрозаю. Мы павінны маліцца за супакой і справядлівасць, бо яны не існуюць адно без аднаго. Мы ніколі не павінны пагаджацца на сітуацыі несправядлівасці, як побач, так й далёка. Але змагаймася з сэрцам поўным прымірэння. Не дадавайма нянавісці да лютасці.

Дасвядчэнне еднасці, якое ў нас было цягам гэтых дзён, стымулюе і заахвочвае нас зрабіць канкрэтныя зарокі адносна супакою. Кожны мае вызначыцца, якімі яны будуць. Багата хто з вас ужо заангажаваны ў ініцыятывы салідарнасці. Мне б хацелася сцісла прыгадаць тры праблемы, якія мне падаюцца важнымі.

Першая – гэта змяншэнне разрыву паміж заможнымі і беднымі. Ці можам мы, у маленькіх групах у нашых цэрквах, быць больш уважлівымі на сітуацыю галечы? Нават з малымі сродкамі, амаль з нічым, можна распачаць; напрыклад, праз нашыя адведзіны бяздомных, старэйшых самотных асобаў ці кінутых дзяцей можа быць перарвана ізаляцыя.

Другою неадкладнаю задачаю, несумненна, будзе запрашэнне мігрантаў і бежанцаў. Падтрымайма мясцовыя і міжнародныя ініцыятывы па забеспячэнню большае аховы і справядлівасці для такіхх асобаў. Бяспека некага аднаго не можа быць гарантаваная коштам кагосьці іншага. Страх перад гэтае з’яваю, новай вялічыні для Еўропы, цалкам можна зразумець. Але адна рэч пэўная: не будзе аніякіх рашэнняў без асабістых рэляцый з тымі, хто шукае прытулку альбо лепшае будучыні ў іншых краінах.

І, урэшце, трэці кірунак: супакой паміж людзьмі патрабуе салідарнасці са стварэннем. Нашая цудоўная планета загрожаная безразважым выкарыстаннем яе рэсурсаў, рознымі формамі забруджвання ды змяншэннем біяразнастайнасці. Усё гэта вядзе да несправядлівасці і лютасці паміж людзьмі. Усе мы можам зрабіць канкрэтныя крокі дзеля выканання гэтае задачы.

Гэтыя тры зарокі сярод іншых магчымых будуць нечым значна большым, чым толькі маральным імператывам. Успрымаючы іх сур’ёзна, прысвячваючы сябе тым абавзальніцтвам, нашае агульнае жыццё можа знайсці сэнс.

І толькі адна апошняя ўвага. Толькі што я заклікаў нас змагацца з сэрцам поўным прымірэння. Маецца на ўвазе, што мы зыходзім да крыніцы прымірэння. Гэтаю крыніцаю не з’яўляецца ідэя, але асоба, гэта Хрыстус. Ён дае нам Ягоны супакой. Без унутранага супакою, які мы атрымалі ад Яго, спакуса песімізму і горычы можа стаць занадта моцнаю.

Набліжаючыся да гэтае крыніцы, мы стаем перад абліччам Езуса. Але нам таксама патрэбныя людзі, які пакажуць нам шлях да крыніцы. Гэта жанчыны і мужчыны ў Царкве, і тое не толькі святары і пастары, якія гатовыя выслухаць цябе. Яны могуць зразумець, не асуджаючы цябе, праз што ты праходзіш, нават у найбольш інтымнае частцы твайго сэрца. Шукайце такога надзейнага чалавека, які можа нейкі час суправаджаць вас.

Для ўсіх нас пілігрымка даверу будзе працягвацца адразу ж у дарозе дадому.

Тут, у Мадрыдзе, у парафіях вы можаце працягваць жыць сполахам гасціннасці, якую вы нам прадэманстравалі. Таксама кожную першую пятніцу месяца ў катэдры адбываецца малітва для моладзі з вашым арцыбіскупам.

Мы, браты, на нашае зваротнае дарозе да Тэзэ затрымаемся ў двух месцах. 2 студзеня мы будзьма ў Авіле, каб правесці малітву апоўдні. А 3 студзеня мы будзьма ў Барселоне на малітве ў касцёле Санта Марыя дэль Мар а 20-ае гадзіне.

Для нас гэтыя два месцы выступаюць у якасці крыніцы. Тэрэза з Авілы заахвочвае нас у нашым абшчынным жыцці рухацца ад пачатку да пачатку. У Барселоне ж нас так цёпла віталі ўжо некалькі разоў. Магчыма, нехта з вас яшчэ зможа змяніць свой зваротны маршрут і далучыцца да нас, альбо ў Авіле, альбо ў Барселоне.

Усім вам добрае дарогі дадому! І не забываймася на гасціннасць!

Нядзельны вечар, 30 снежня 2018 г.

Пасля спеву Alleluia:

„Не забываймася на гасціннасць!” Гэта той заклік, які мы разважаем цягам апошніх дзён. Мы абменьваемся, мы дзелімся сваімі ідэямі, але перадусім мы дасвядчаем гасціны. Сем’ям, парафіям і рэлігійным абшчынам, што адкрылі свае дзверы, арцыбіскупу кардыналу Карласу Асора ды прадстаўнікам іншых Цэркваў, мэру Мадрыда спадарыні Кармэна ды гарадскім уладам, усім мы прагнем выказаць нашую ўдзячнасць за цёплы прыём, які мы знайшлі тут у Мадрыдзе.

Зараз да нас прамовіць кардынал Асора.

Напрыканцы малітвы:

Мы, браты з Тэзэ, багата чаго спадзяемся ад гэтае Еўрапейскае Сустрэчы ў Мадрыдзе. Мы маем палымянае жаданне, каб яна абудзіла надзею. Сутыкаючыся са значнымі цяжкасцямі і зменамі нашага часу, некаторыя з нас загрожаныя засмучэннем і расчараваннем. Вопыт дзялення і еднасці, што мы маем гэтымі днямі, можа заахвоціць нас глядзець у будучыню з надзеяю.

Здзяйсняемае намі – гэта сапраўдная пілігрымка даверу. Будова рэляцый, будова мастоў паміж падзеламі – вось, што патрэбнае нашаму грамадству. Грамадства не можа выжыць без даверу паміж людзьмі, з якога яно скадаецца. Давер дазваляе весці дыялог пра тое, што нас дзеліць. Давер можа пасунуцца далёка, аж да таго, каб паважаць ці нават цаніць асаблівасці іншых.

Усе мы частка той самай чалавечай сям’і. Цяпер, як ніколі раней, мы патрэбныя адзін аднаму. Так багата пытанняў, напрыклад, ненармалёвыя змены ў экалогіі, могуць быць вырашаныя толькі, калі будзьма супольна працаваць па-над падзеламі.

Безумоўна, дасвядчэнне еднасці, якое перабывае з намі гэтымі днямі, мае кароткае жыццё. Але яно рэальнае. Яно паказвае нам, што давер магчымы паміж найбольш падзеленымі людзьмі. І мы бачым, што Царква можа быць такім месцам, якое дазваляе гэтаму даверу ўзрастаць.

Так, Царква пакліканая, каб быць месцам сяброўства, дружбы, якая ўсё больш пашыраецца. Гэтымі днямі мы атрымалі вобраз універсальнасці Царквы. І гэта дазваляе нам усвядоміць, што хрысціяне могуць прамаваць глабалізм з чалавечым тварам, і нават тое, што для іх гэта нават нейкая асаблівая адказнасць.

Варта распачаць з самога сябе. Варта праверыць, якім чынам нашыя мясцовыя супольнасці могуць яшчэ больш адкрыцца. Скіруймася да тых, што адрозніваюцца: найбяднейшых сярод нас, імігрантаў, хрысціянаў з адрозных канфесій, вернікаў іншых рэлігій, тых, хто не верыць.

Увага да чалавечае салідарнасці неаддзельная ад духоўнага жыцця. Як вернікі спрабуйма ж аднавіць нашую малітву, практыкуйма ўважлівасць да Божае любові, нашымі днямі й начамі. Тое ўчыніць нас здольнымі наблізіцца да тых, хто нечым адрозніваецца.

Каб жыць такою шчырасцю, перадусім, трэба слухаць іншых. Ці наш дыялог, у грамадстве ці ў Царкве, не пакутуе часцяком на брак слухання? Давайце распачнем ад спробы зразумення іншага, зразумення часта складаных сітуацый.

У кастрычніку мяне запрасілі ў Рым, каб далучыцца да каталіцкага Сіноду біскупаў у справах моладзі. Неаднакроць там выказвалася пажаданне: вы, моладзь, маглі б быць здольнымі да пошуку людзей у Царкве, якія пачуюць вас. Каб вашыя мары былі ўспрынятыя ўсёр’ёз, вашая ініцыятыва знайшла падтрымку, каб пачулі вашыя пакуты.

Нам бы хацелася зрабіць усё магчымае, каб салідарнасць ці нават сяброўства былі знакамі будучыні нашага грамадства. І ў такім духу мы будзьма працягваць нашую Пілігрымку даверу на Зямлі.

Этапамі гэтае пілігрымкі будуць сустрэчы ў Тэзэ, што праходзяць штотыдня цягам усяго года, са спецыяльным тыднем з 25 жніўня па 1 верасня, прысвечаным моладзі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. Яго папярэдзяць выходныя для сяброўства паміж маладымі хрысціянамі і мусульманамі з 22 па 25 жніўня.

Цягам гэтае пілігрымкі адбудзецца таксама некалькі сустрэч па ўсім свеце. Сярод нас група маладзёнаў, якая прыехала з Лівану ды іншых краін Блізкага Усходу, каб запрасіць нас быць бліжэй да іх рэчаіснасці, каб ахвяраваць нам сваю гасціннасць. З 22 па 26 сакавіка адбудзецца моладзевая Сустрэча ў ліванскім Бейруце.

Напрыканцы лета мы скіруемся далёка на поўдзень, у Афрыку. Мы маем так багата, чаму маглі б навучыцца, слухаючы аб тым, праз што цягам апошніх дэкадаў прайшла Паўднёвая Афрыка, а дзе яна знаходзіцца сёння. Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка вельмі далёка ад Еўропы, але вы таксама запрошаныя з 25 па 29 верасня на моладзевую сустрэчу на паўднёвым канцы Афрыкі, у горадзе Кейптаўн.

Ну, а потым адбудзецца чарговая Еўрапейская Сустрэча, якая пройдзе з 28 снежня 2019 г. па 1 студзеня 2020 г. Яна пройдзе ў горадзе, дзе нас ужо гасцілі. Там мы адкрылі, што хаця зіма бывае вельмі халоднаю, гасціна вельмі цёплая. Багата моладзі з той краіны сёння тут, з намі, таксама, як і два біскупы. Сустрэча будзе ў Польшчы, у горадзе Уроцлаў.

Вечар суботы, 29 снежня 2018 г.

У гэтыя дні мы ўсе разам сабраліся ў Мадрыдзе са шматлікіх дзяржаў. А тыя, хто прымае нас, паходзяць з розных пакаленняў. Разам з усімі тымі людзьмі, якіх мы не сустракалі ніколі не раней, мы дасвядчаем еднасць. І ў гэтым знаходзім радасць.

Нашая Пілігрымка Даверу – таксама й духоўная прыгода. І сёння ўвечары мне б хацелася звярнуць вашую ўвагу на дадзены момант нашае Сустрэчы: давер іншым, вера ў самога сябе ды вера ў Бога – рэаліі, якія цесна павязаныя між сабою.

Давер ані не сляпы, ані не наіўны, ані не летуценны; умее адрозніваць дабро й зло. Аднак безумоўна тое, што ў любое сітуацыі, нават у цемры, можа быць адкрыты шлях, які вядзе да жыцця.

Давер не пасіўны, але з’яўляецца моцаю, што правакуе нас у кожнае сітуацыі зрабіць яшчэ адзін крок, каб жыць большае паўнатою ды дапамагаць жыць больш поўна іншым. Гэта стымулюе ўяўленне, гэта дае адвагу ды гатовасць да рызыка.

Аднак мы ўсе ведаем, што значыць згубіць давер. Стомленасць, няўдачы, здрадзеныя сяброўскія адносіны, лютасць, прыродныя катастрофы, хваробы – ўсе гэтыя рэчы падважаюць давер. Бо давер надзвычай далікатны.

Але й нашая вера ў Бога таксама ўражлівая. У пэўным сэнсе, мы ўсе сумняемся: мы маем сумневы адносна Божае любові, некаторыя нават адносна Божага існавання. Дзе ж у такім выпадку мы можам знайсці крыніцу даверу?

Дзеля таго, каб давер нараджаўся і адраджаўся у нас, нам неабходны нехта, хто давярае нам, хтосьці, хто нас прымае, хто ахвяруе нам гасціну.

Сёння ўвечары мы прачыталі ўражваючую гісторыю з жыцця Езуса. Каб быць разам са сваімі вучнямі падчас буры, Ён прайшоў, ідучы па возеры. Для нашых сучасных вушэй тая гісторыя здаецца быць малаверагоднаю. Але памятайма словы Езуса: „Гэта Я, не бойцеся”. А да Пятра, які хацеў ісці за Ім па вадзе, прамовіў: „Ідзі”. Пётр скочыў да вады. Гледзячы на Езуса, ён мог ісці за Ім, але як толькі дазволіў сабе быць загіпнатызаваным небяспекаю, пачаў тануць.

Для вучняў Езус не проста толькі настаўнік, які павучае іх. Ён паклікаў іх, каб яны былі з Ім, і паслаў іх, бо ім давяраў. Калі б мы толькі здолелі ўбачыць у Езусе некага, хто цалкам нам давярае…

Нават, калі б мы былі найбольшымі грэшнікамі на свеце, Ён прамовіць да нас тымі ж словамі, як і да Сваіх вучняў: „Гэта Я, не бойцеся”. Да ўсіх і кожнага з нас Ён кіруе той сам заклік, як да Пятра: „Ідзі”, пакінь сваю малую ўпэўненасць па-за сабою, адважваючыся паглядзець у твар, часам жорсткае, рэчаіснасці свету.

Тэрэза з Авілы, выбітная жанчына XVI-га стагоддзя, якая натхняе нас й сёння, пакінула словы, якія мы спяваем: „Nada te turbe, nada te espante, quien a Dios tiene nada le falta” (Няхай нічога вас не турбуе, няхай вас нішто не палохае, Таму, хто кахае Бога, нічога не забракне). Яна таксама кажа: „Aventuremos la vida!” (Зарызыкуйма жыццём!). І, сапраўды, жыццё цудоўнае для тых, хто смела вырушае ды робіць смелыя рашэнні.

Што ж гэта за смелыя рашэнні? Кожны з нас пакліканы да адказу, здзяйсняючы духоўную пілігрымку, якая вядзе ад сумневу і страху ў кірунку даверу. Для ўсіх нас гэта нагода прыняць любоў Хрыста, становячыся, такім чынам, творцамі супакою і даверу поруч й далёк.

Вечар пятніцы, 28 снежня 2018 г.

Вельмі ўсцешна гэтым вечарам распачынаць нашую Еўрапейскую Сустрэчу ў Мадрыдзе! Некаторыя з вас, каб дабрацца сюды, мусілі здзейсніць даволі доўгае падарожжа. Мадрыд, хрысціянскія супольнасці, шматлікія рэлігійныя суполкі, багата сем’яў, а нават самотныя асобы прымаюць нас. Адразу ж падзякуем ім за гэтую велікадушнасць.

Гасціна, ахвяраваная нам, кранае нашыя сэрцы. Штогод – ужо больш як сорак гадоў, – дзякуючы Пілігрымцы Даверу на Зямлі, мы дасвядчаем, што крыніцаю радасці з’яўляецца гасціннасць.

„Не забываймася на гасціннасць!” Цягам гэтых дзён і праз надыходзячы год мы прагнем зглыбіць той заклік, у Тэзэ ды ў іншых месцах. У буклеце Сустрэчы вы знойдзеце пяць прапановаў на 2019 г., што адкрываюць магчымасці для разважанняў і чынаў.

Сёлета мы дасведчылі неверагодную гасціннасць. У жніўні дзве тысячы маладзёнаў з усяе Азіі, а таксама іншых кантынентаў сабраліся разам на Сустрэчы ў Ганконгу. Сем сотняў маладых людзей прыбылі на Сустрэчу з мацярыковае часткі Кітая.

Падобную гасціну некалькі месяцаў таму мы адкрылі ва ўкраінскім Львове. Маладыя прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх дэнамінацый прысутных у гэтае краіне запрашалі адусюль моладзь, і яны сабраліся разам на супольнае малітве.

Гэта былі знакі надзеі: прыкметы таго, што маладое пакаленне можа падрыхтаваць для чалавецтва будучыню, адзначаную супрацоўніцтвам, а не спаборніцтвам.

Гасціна збліжае нас, нягледзячы на розніцы ці нават падзелы, што існуюць паміж хрысціянамі, паміж рэлігіямі, паміж вернікамі і няверуючымі, паміж людзьмі, паміж светапоглядамі ці палітычнымі меркаваннямі. Безумоўна, гасціннасць не зліквідуе тых падзелаў, але дазволіць нам убачыць іх у іншым святле: тое ўчыніць нас здольнымі да слухання і дыялогу.

Гасціннасць – падставовая вартасць для кожнае чалавечае істоты. Усе мы прыходзім на свет кволымі малымі дзецьмі, якія патрабуюць быць прынятымі дзеля таго, каб жыць, і тое фундаментальнае дасвядчэнне адзначае нас аж да апошняга нашага ўздыху.

Матывы выбару гасціннасці крыюцца ў перакананні, што нашае ўласнае жыццё ёсць дарам, які мы атрымалі. І тое перакананне сілкуецца вераю. Толькі што мы прачыталі першую старонку Бібліі. Гэтая цудоўная паэтычная прыпавесць, бадай, больш таямнічая, мае замерам дапамагчы нам зразумець, што ўсё існае – гэта дар. Неба і зямля, акіян, цемра, святло – ўсё паходзіць ад Бога. А ва ўсім, што існуе, Бог прысутнічае праз свой подых, свайго Духа.

Сапраўды, маё жыццё – атрыманы мною дар. Іншыя людзі таксама, у пэўым сэнсе, з’яўляюцца дарам для мяне. Мая ўласная тоеснасць будуецца праз мае адносіны з іншымі. Безумоўна, іншы заўсёды адрозніваецца ад мяне, я не разумею ўсяго наконт іншага, і, без сумневу, я не магу падзяліцца ўсім з іншым.

Прыманне адзін аднаго прадугледжвае, што мы прымаем абмежаванні, свае ўласныя ды іншых. Павітанне адзін аднаго ідзе поруч з праніклівасцю. Але тое ніколі не мае стаць прычынаю, каб замыкацца, саступаючы страху перад іншым, які прысутны ва ўсіх нас.

Вось некалькі думак адносна гэтае прыгожае тэмы гасціннасці. Заўтра раніцаю ў малых групах вы прачытаеце першыя дзве прапановы. Яны перадназначаны, каб дапамагчы нам глыбей пранікнуць у веру, у давер адносна таго, што Бог заўсёды першым прымае нас, і ў тое, што Хрыстус прысутнічае ў нашым жыцці. Шукайма, шукайма гэтымі днямі, а знойдзем.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article25285.html - 3 July 2020
Copyright © 2020 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France