Вялікдзень 2019

Хай узрастае радасць Уваскрасення!

Субота 20 красавіка | Taizé, Храм Паяднання

Мінулым вечарам мы сабраліся вакол Крыжа Езуса. Чаму Ён, каторы нікому не нашкодзіў, быў сказаны на смерць з такой жорсткасцю? Аніякае тлумачэнне не будзе дастатковым, каб адказаць на гэтае пытанне. І ў гісторыі чалавецтва было ж так багата бязвінных ахвяр чалавечае лютасці!

Езус любіў да самага канца, Ён нікога не асуджаў. І мы верым, што Ён уваскрос. Аніхто не можа апісаць ці нават уявіць сабе самога ўваскрасення Езуса. Адзінае, што мы можам сказаць, што Ён нянавісць паканаў любоўю, што смерць не мела апошняга слова. Ён жыве і ў таямнічы спосаб крочыць поруч з кожным чалавекам.

Я надаль узрушаны сустрэчаю маладых людзей, якую напрыканцы сакавіка мы правялі ў Ліване. Сярод шматлікіх маладзёнаў з розных краін Блізкага Усходу і Еўропы, дзевяноста прыехалі з Сірыі, з гарадоў Алепа, Хомс і Дамаск. Маладая дзяўчына падыйшла да мяне і прамовіла са слязмі на вачах, “Там, дома, так багата кінутых дзяцей, якія не маюць дастаткова ежы, для вопраткі яны выкарыстоўваюць коўдру; маліцеся за іх”.

Я дзялюся ейнае просьбаю з вамі. У гэтай маладой дзяўчыне я ўбачыў глыбокую веру. Веру, якая не мае простых адказаў на сітуацыі цярпення, але веру, якая не паддаецца перад абліччам цярпенняў. Вера, каторая дазваляе ёй адчуваць цярпенне гэтых дзяцей і заставацца пры ніх, каб дапамагаць па меры магчымасці.

Сёння мы святкуем Вялікую Суботу. Гэта дзень цішыні Бога. Чаму Бог адразу не адказаў на вокліч Езуса на Крыжы, уваскрашаючы Яго ў дзень Ягонае смерці? Падобна, як багата мужчын, жанчын і дзяцей, Езус мусіў ведаць пра гэтае маўчанне Бога, каб Ён мог быць цалкам салідарны з намі.

Неверагодна і вельмі істотна тое, што літургія дае дзень цішыні. Гэта суадносіцца з нашай рэчаіснасцю, дзе мы часцяком чакаем на вызваленне, на свабоду, і дзе мы можам мець уражанне, што Бог далёка.

Усходняя Царква дапамагае нам не толькі дасведчыць гэты дзень, але адкрыць яго станоўчае значэнне. Прыгожа тое адлюстроўвае адзін з вобразаў - ікона ўваскрасення. Мы бачым Езуса, які зыходзіць да адхлані. І што ж Ён там робіць? Ён узломвае брамы пекла. Ён бярэ за руку Адама і Еву, іншымі словамі, усё чалавецтва, і вяртаецца, выводзячы іх з вязніцы.

Таму будзьма ж адважнымі, каб дазволіць уваскрасенню, радасці Хрыста, выбухнуць у нашым жыцці. Я далёкі ад таго, каб дыстансавацца ад тых, хто пакутуе, але тая радасць дае нам адвагу стаць перад абліччам нашых уласных пакут і цярпенняў іншых.

Каб захоўваць і заўсёды аднаўляць размах гэтае пасхальнае веры, нам трэба крочыць поруч з іншымі, размаўляць з іншымі пра нашую веру, нашыя сумневы, пра тое, як маліцца. На мінулым тыдні я быў у Рыме. Так, як ён тое чыніць штогод, на аўдыенцыі мяне прыняў папа дзеля моманту дзялення паміж намі.

Напрыканцы аўдыенцыі я папрасіў папу Францішка, ці не змог бы ён запісаць кароткае вітальнае відэа-пасланне да моладзі, што прыязджае да Тэзэ. Ён ахвоча зрабіў тое; вы можаце ўбачыць тое відэа ў сеціве. Ён заахвочвае нас таварышыць іншым у падарожжы, каб не быць асамотненым, з вераю, а таксама быць свядомым прыгажосці зямлі, прыроды, і рабіць усё, што толькі магчыма, каб клапаціцца пра навакольнае асяроддзе. А таксама з пакораю просіць вас маліцца за яго.

Мы, браты, жывем разам, бо праз нашае супольнае жыццё хацім сведчыць, што Хрыстос уваскрос, што гэта Ён паяднаў нас у Ім нягледзячы на ўсе тыя розніцы, якія могуць існаваць паміж намі.

Нам вельмі ўсцешна, што заўтра раніцаю наш брат Джубарай з Бангладэшу складзе зарокі ў нашай супольнасці на працяг усяго ягонага жыцця. Гэта вялікая ўрачыстасць для нас, для нашых братоў, што жывуць у Бангладэшы ўжо больш сарака гадоў, а таксама братоў з малых груп у іншых месцах на свеце, якія атаясамліваюць сябе з гэтае радасцю. Каб таварышыць нашаму брату Джубараю, заўтра раніцаю заспявайма песню на мове бангла “He Probhu tomatey”.

Сёлета мы таксама ўзгадваем тое, што адбылося пасхальным ранкам 1949 г., 70 гадоў таму, калі першыя сем братоў пасля шэрагу гадоў пошукаў і прыгатавання, склалі свае зарокі на ўсё жыццё, каб крочыць за Хрыстом у нашае супольнасці. Па іх слядах мы можам цешыцца жыццём, якое мы сёння пражываем.

Падзякуйма Богу за тое, што сабраў нас разам у Хрысце праз Святога Духа ў гэтае адметнае еднасці, якою з’яўляецца Царква: нават будучы беднымі і недасканалымі, гэта дазваляе нам быць знакам Божае любові для ўсяго чалавецтва.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article25975.html - 15 August 2020
Copyright © 2020 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France