Заява брата Алоіса

Стаючы ў праўдзе (абноўлена)

Аўторак, 4 чэрвеня 2019 г.

У той час, калі грамадства і Царква спрабуюць праліць святло на сітуацыю з сексуальным выкарыстаннем і нападамі, асабліва ў дачыненні да непаўнагадовых і далікатных асобаў, мае браты і я вырашылі, што таксама неабходна выказацца на гэтую тэму. Цягам дзесяцігоддзяў і аж да сёння ў Тэзэ мы прымалі тыдзень па тыдні тысячы маладых і не такіх ужо маладых людзей з Еўропы ды рэшту свету.

Маючы свядомасць нашае адказнасці і праўды, якую дэманструюць нам гэтыя маладзёны, іх сем’і ды кіраўнікі іх груп, мы заўсёды імкнуліся зябяспечыць, каб той прыём адбываўся ў найлепшых варунках, як толькі тое магчыма, з павагаю да перакананняў кожнае асобы ды глыбокаю ўвагаю да інтэгральнасці і бяспекі ўсіх прысутных.

Тым не меней, сярод удзельнікаў сустрэч, як паміж самімі маладымі людзьмі, так і паміж моладдзю і дарослымі, мелі месца сітуацыі парушэння гэтае інтэгральнасці. Калі мы былі інфармаваныя пра тое, мы выслухоўвалі ахвяры з адначасовым інфармаваннем адпаведных уладаў, як свецкіх, так і рэлігійных.

Сярод іншых мер, пачынаючы ад 2010 г. адна з нашых старонак [http://www.taize.fr/be_article25771.html] у сеціве была прысвечаная абароне асобы, дзе змешчаныя E-mail адрасы, па якіх можна звяртацца і паведамляць пра магчымыя злачынствы. Таксама у Тэзэ брат з іншымі асобамі з па-за абшчыны адказныя за выслухоўванне якой-кольвек асобы, якой сталі вядомыя прыклады нападаў сексуальнага кшталту ці пра любую іншую форму гвалту, асабліва ў дачыненні да непаўнагадовых. Сюды ўваходзіць таксама інфармаванне пра тое кожнага з удзельнікаў, што прыязджаюць да Тэзэ, на пачатку іх побыту.

Тое, чаму я сёння прамаўляю, дык таму, што з глыбокім смуткам даведаўся пра выпадкі, звязаныя з нашымі братамі, і, нават прымаючы да ўвагі даўнасць тых сітуацый, мы ў абшчыне пачуваліся з’абавязанымі паведаміць пра гэта. Гутарка пра пяць прыкладаў сексуальнага нападу на непаўнагадовых у перыядзе паміж 1950-ымі гг. ды 1980-ымі гг. з боку трох нашых братоў, два з якіх памерлі больш пятнаццаці гадоў таму. [1]

Калі я быў паінфармаваны пра тыя напады, маёю першаю задачаю было выслухаць разам з іншымі братамі ацалелых*, з абсалютнаю павагаю да іх слоў, каб пачуць іх пакуты ды трываць з імі ў меру нашых магчымасцяў.

Балазе, у апошнія гады ў грамадстве ды ў Царкве ўсведамленне нанясення шкоды інтэгральнасці чалавека паглыбляецца. Гэта таксама знайшло сваё адлюстраванне ў французскім заканадаўстве, якое абавязвае інфармаваць пра кожны выпадак, незалежна ад таго, калі тое здарылася ў мінулым.

Працягваючы нашую працу па ўсталяванні праўды і папярэдне паразмаўляўшы з ацалелымі, я толькі што паінфармаваў французскага пракурора пра тыя пяць выпадкаў.

Мы прызнаем, што гэтыя напады, здзейсненыя нашымі братамі ў мінулым, таксама з’яўляюцца часткаю нашае гісторыі. Для нас такая пастава - частка спробы высветліць праўду, што пачалося ад выслухання пацярпелых, і аж да сёння нашыя думкі скіраваныя ў іх кірунку. Пачуўшы тое, што яны дасведчылі і як пакутавалі, мы адчуваем сорам і глыбокі смутак. Магчыма, што гэтая заява можа заахвоціць іншых магчымых ацалелых паведаміць пра свае сітуацыі. Мы выслухаем іх і будзем таварышыць ім у кроках, якія яны пажадаюць зрабіць.

Мы перакананыя, што выключна праліваючы святло на тыя ўчынкі пры адначасовай дапамозе асобаў з па-за абшчыны, мы будзем плённа абараняць усіх тых, хто аказвае нам свой давер, прыязджаючы да Тэзэ. І, калі я прамаўляю сёння, дык таму, што мы абавязаныя гэтым ацалелым, усім, хто побач з імі, а таксама ўсім тым, хто шукае ў Тэзэ даверу, бяспекі і праўды.

брат Алоіс


* Пасля перакладу дадзенага тэксту слова “ахвяры” было вырашана замяніць на “ацалелыя”.

Пра кожны выпадак агрэсіі супраць непаўнагадовых ці дарослых - новы ці даўні, - будзе гэта брат абшчыны, што злоўжывае сваім маральным статусам, ці нейкая іншая асоба, можна паінфармаваць братоў Абшчыны па адрасе: taize.safeguarding protonmail.com альбо звязацца з арганізацыяй, якая займаецца дапамогаю ахвярам. Кантактная інфармацыя змешчаная на нашае старонцы ў сеціве [http://www.taize.fr/be_article25771.html].


Актуалізацыя | ліпень 2019 г.

Пасля заявы брата Алоіса 4 чэрвеня на электронную скрынку taize.safeguarding protonmail.com напісалі некалькі асобаў. Гэта схіліла брата Алоіса да паінфармавання пракуратуры пра два абвінавачванні адносна сексуальнага выкарыстання непаўнагадовых, што мела месца ў 60-ых і 70-ых гг. Справа датычыць брата, які памёр больш дваццаці гадоў таму, а таксама брата, які выйшаў з Супольнасці больш сарака гадоў таму. Акрамя таго, іншыя атрыманыя сведчанні датычаць брата, пра якога ідзе гутарка ў ранейшае заяве, і які памёр больш пятнаццаці гадоў таму. Дадзеныя сведчаць пра злоўжыванне аўтарытэтам, што прывяло да дотыкаў інтымнага кшталту ў дачыненні да маладых поўнагадовых асобаў.


Актуалізацыя | кастрычнік 2019 г.

Ад часу апублікавання зварота брата Алоіса “Стаючы ў праўдзе” 4 чэрвеня 2019 г., нядаўна прыёр Тэзэ атрымаў сведчанні пэўнай жанчыны з апісаннем сувязі з братам, якога яна абвінавачвала ў псіхічных, псіхалагічных і сексуальных дамаганнях, што трывалі цягам некалькіх гадоў аж да апошняга лета. Паводле яе слоў, кантроль з боку брата доўжыўся ад 2003 г., калі яна - маладая дзяўчына - прымала ўдзел у міжнародных сустрэчах Тэзэ.

Брат Алоіс неадкладна паведаміў пра гэта кампетэнтным органам, а жандармерыя сабрала паказанні пацярпелай. Брат, пра якога ідзе гутарка, зараз знаходзіцца пад вартаю; супраць яго высунутыя абвінавачванні ў “згвалтаванні і сексуальных дамаганнях”. Зараз справа за судом, дзе маюць быць устаноўленыя і кваліфікаваныя факты паводле законных падстаў.

Брат Алоіс сцвярджае: “Мы з братамі ў шоку. Мы зробім усё магчымае, каб на гэтую справу пралілася святло. Такое захаванне абсалютна несумяшчальна з нашым жыццём. Я застаюся на баку ацалелых, і мы зробім усё магчымае, каб падтрымаць яе. Я даручаю сябе вашым малітвам і вашай дружбе”.

Каб працягнуць працу па высвятленні ісціны, Абшчына зноў заяўляе, што былі прыняты розныя меры для атрымання дадатковых справаздач, у тым ліку па электроннай пошце taize.safeguarding protonmail.com.

___

Актуалізацыя | сакавік 2020 г.

У чэрвені мінулага года мы паведамілі пра некалькі абвінавачванняў у сексуальным нападзе, у двух з якіх удзельнічаў брат, які яшчэ жывы. Ад моманту таго першапачатковага сцвярджэння, Абшчыне сталі вядомыя таксама іншыя сведчанні, звязаныя з тым самым братам, што тычыліся сексуальных нападаў на непаўнагадовых у форме неадпаведных дотыкаў. Гэтыя паказанні былі перададзены адпаведным органам, якія займаюцца расследаваннем.

Толькі судовыя органы могуць кваліфікаваць факты паводле закону і ацаніць прававыя наступствы з улікам часу, які прайшоў з часу іх меркаванага здзяйснення. Аднак няма падстаў сумнявацца ў паказаннях пацярпелых-ахвяраў, чые пакуты надаль прысутнічаюць і праз столькі гадоў. З улікам сур’ёзнасці дзеянняў, у якіх абвінавачваецца гэты брат, а таксама іх несумяшчальнасці з манаскімі зарокамі братоў, брат Алоіс паведаміў яму, што для яго будзе лепей пакінуць Абшчыну. Ён будзе жыць у іншым месцы, а па прычыне яго сталага ўзросту з ім будзе жыць брат, іншыя ж будуць яму дапамагаць таварышыць брату ў гэтым перыядзе ягонага жыцця.

Брат Алоіс дадае: “Ведаю з маімі братамі ўсё тое, што мы атрымалі ад яго, і мы гэтым глыбока засмучаныя. Я спадзяюся, што гэтыя рашэнні, уплыў і сур’ёзнасць якіх я добра ўсведамляю, дапаможа нам - і яму таксама - прасунуцца па гэтым шляху высвятлення праўды”.

Актуалізацыя | чэрвень 2020

У мінулым кастрычніку адзін з братоў Абшчыны быў узяты пад варту (падрабязнасці гл. вышэй у нататцы за кастрычнік 2019 г.). У пачатку траўня б.г. брат быў вызвалены з-пад варты, але пакінуты пад судовым наглядам. Следства працягваецца, пакуль не будзе прынята адпаведнае судовае рашэнне. Незалежна ад вынікаў судовага следства й па узаемнае згодзе з братам было прынята рашэнне аб спыненні ягонага членства ў Абшчыне.

___

Актуалізацыя | лістапад 2022

Пасля стварэння ўва Францыі незалежнай камісіі “Прызнанне і кампенсацыя” для людзей, якія сталі ахвярамі членаў рэлігійных супольнасцяў у Царкве, у студзені прыёр Тэзэ брат Алоіс сустрэўся з яе прэзідэнтам, суддзёй Антуанам Гарапонам. Ён пагадзіўся разабрацца з абвінавачваннямі ў дачыненні да братоў Абшчыны і прызначыў для гэтага двух членаў камісіі. Любы, хто хоча паразмаўляць з імі, можа зрабіць гэта непасрэдна праз электронную пошту альбо праз старонку ў сеціве [https://www.reconnaissancereparation.org/contact]. [2]

Акрамя таго, сведчанне, якое было атрымана праз taize.safeguarding protonmail.com, было адпраўлена пракурору Макона. Гэта датычыла былога брата, абвінавачанага ў некалькіх сексуальных нападах (гл. заяву ад чэрвеня 2019 г. і абноўленую нататку за сакавік 2020 г.).

Нарэшце, Абшчына запрасіла незалежную каманду з чатырох чалавек прыехаць у вёску ў пачатку лістапада 2022 г., каб пачаць аўдыт палітыкі Тэзэ ў галіне асабістае бяспекі і даць неабходныя рэкамендацыі.


Актуалізацыя | Травень 2023

Сітуацыя, пра якую гаворыцца ў «Справаздачы аб ходзе абароны людзей у Тэзэ» (старонка 6 [https://www.taize.fr/IMG/pdf/22.12.12_rapport_etape_protection_fr_final.pdf]), якая была апублікаваная ў снежні 2022 г. (тэкст па-ангельску даступны online [https://www.taize.fr/fr_article35057.html]), завяршылася наконадні падпісаннем пад эгідай камісіі “Прызнанне і кампенсацыя” адпаведнага мемарандума паміж братам Алоісам (ад імя Абшчыны), братам Абшчыны (зацікаўлены бок) ды ахвяраю (пашкадаваны бок). У мемарандуме Абшчына Тэзэ з’абавязваецца, што ў бліжэйшы час узгаданы брат будзе працягваць знаходзіцца пад псіхалагічным суправаджэннем, а яго душпастырскія кантакты, звязаныя з сустрэчамі ў Тэзэ ды іншых месцах, застаюцца завешанымі.


Калі вы жадаеце зарэагаваць на дадзеную публікацыю, вы можаце скарыстацца ніжэйшае формаю.



[1З гэтае нагоды прачытайце нататку-абнаўленне з сакавіка 2020 года.

[2Гэтая старонка будзе абнаўляцца ў выпадку скіравання будучых справаздач да пракуратуры або па запыце камісіі “Прызнанне і кампенсацыя”.

Printed from: https://www.taize.fr/be_article26177.html - 19 March 2024
Copyright © 2024 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France