Сёмуха 2019

Пераканайся, што Тэзэ застаецца месцам даверу

Чацвер, 13 чэрвеня 2019 г. | Taizé, Храм Паяднання

Гэты тыдзень распачаўся з цэлебрацыі ў мінулую нядзелю Сёмухі, свята, што цесна навязвае да пасхальнае радасці. Па сутнасці, Пяцідзясятніца азначае завяршэнне Велікоднага перыяду: Езус паканаў смерць. Ён жыве ў Божае прысутнасці. Цярпенне, нянавісць і лютасць не мелі апошняга слова.

У гэтае свята Пяцідзясятніцы мы ўзгадваем абяцанне, якое даў Езус. Перад Сваёю смерцю таемным чынам Ён абвесціў Сваім вучням, што Ён спашле ім яшчэ некага іншага, які заўсёды будзе з імі. Гэта тое, што Ён абвесціў таксама нам. А той нехта іншы - гэта Святы Дух, які яднае кожнаю чалавечаю істоту.

Тым не меней, наконадні Сваёй смерці Хрыстус прайшоў праз жудасныя выпрабаванні пачуцця пакінутасці. Мы ведаем, як Ягоныя вучні пакінулі Яго амаль самотнага ў самы цяжкі момант Ягонага існавання. Акрамя Марыі, Ягонае маці, дзвюх іншых жанчын ды аднаго з пасярод Ягоных вучняў усе пакінулі Яго.

Па ўваскрасенні пасля смерці Ён ізноў прыйшоў да іх, яны мусілі прызнаць сваю памылку, хаця раней казалі, што гатовыя памерці разам з Ім. Аднак Езус не дазволіў ім стаяць там. Ён паноўна злучыўся з імі. Ён аднавіў іх давер. І разаслаў іх на ўвесь свет.

Зараз мне б хацелася сказаць нешта наконт сур’ёзнага пытання, на тэму якога мы ўжо размаўлялі цягам апошніх некалькіх дзён. Мяркую, што вы ведаеце, што як абшчына мы праходзім праз балючы момант у нашае гісторыі. Дзесяць дзён таму я паінфармаваў стасоўныя ўлады пра пяць абвінавачванняў у сексуальным гвалце супраць непаўнагадовых, з боку трох братоў з часоў 1950-1980 гг.

Разам з маімі братамі нас агарняе вялікі смутак, калі мы думаем пра людзей, што сталі ахвярамі гэтых чынаў. І, перадусім, дзеля іх імя, як нам здаецца, такім чынам мы маем крочыць у кірунку праўды, аб’ектыўна гледзячы на гэтыя здарэнні.

Не маючы дачынення з нечым накшталт узгаданага, для нас даволі складана ўсвядоміць, як тое цяжка для людзей, што былі тым параненыя, размаўляць пра тое. Часцяком толькі пасля вельмі доўгага часу словы, што могуць тое выказаць, выходзяць на паверхню. Калі я пачуў першае сведчанне, а потым падобна было й з наступнымі, нашым першым прыярытэтам было выслухаць кожную асобу з абсалютнаю павагаю да іх слоў.

Апошнім часам мы размаўлялі з тымі, хто перажыў гэта, каб сказаць ім, што нам трэба крочыць далей. Таму мы робім чарговы крок, складаны, але неабходны, па інфармаванні стасоўных уладаў, а таксама інфармуючы грамадскасць пра тое, што здарылася. Для мяне гэта азначае, што выключна такім чынам мы надаль можам дапамагчы быць пэўнымі, што Тэзэ застаецца месцам даверу.

Так багата маладзёнаў, а таксама старэйшых людзей, тут адкрывае альбо чыніць тое наноў давер Богу і веру ў іншых! Нам бы хацелася зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб вы змаглі знайсці радасць і свабоду, якія выходзяць з веры. Аднак, ідучы за словамі апостала Паўла, мы маем пераканаўча казаць: гэты скарб Божае прысутнасці - гэта тое, што мы - браты - нясем у гліняных начыннях.

Гэтым вечарам мне б хацелася сказаць вам: калі ласка, ніколі не думайце, што мы духоўныя настаўнікі, якія ўжо дасягнулі мэты. Нашым абшчынным жыццём мы прагнем выказаць надзею, якою мы жывем. Але мы крочым наперад па слядах Езуса, нібы жабрак з Евангелля, з нашымі слабасцямі, нашымі падзеннямі ды ранамі з нашае гісторыі. Безумоўна, гэтая слабасць ніколі й аніякім чынам не можа апраўдаць тых злоўжыванняў; я ж абсалютна асуджаю любыя праявы злоўжывання паўнамоцтвамі з боку братоў, што наносяць шкоду інтэгральнасці каго-кольвек.

Мы не высуваем аніякіх прэтэнзій наконт таго, што мы лепшыя ці больш прасунутыя, чым нехта іншы. Тое, што нас яднае, гэта выбар прыналежнасці да Хрыста. Зрабіўшы такі выбар, мы бярэм на сябе вялікую адказнасць: мы прагнем цалкам адпавядаць гэтаму выбару, і з вераю крочыць наперад разам з вамі.

Калі нехта з вас адчувае, што мае патрэбу, каб яшчэ больш паразмаўляць на гэтую тэму, некаторыя з братоў разам з сёстрамі, святарамі і пастарамі будуць у стане выслухаць вас тут, у храме, штовечар, у тым ліку заўтра а 17:30.

Завяршаючы, мне б хацелася падзяліцца з вамі пэўнаю добраю навінаю. У суботу да нашае супольнасці далучыцца малады чалавек. Яго імя Пэтр, ён паходзіць з Чэскае Рэспублікі. У часе вечаровае малітвы ён атрымае белую альбу. А цягам апошніх некалькіх дзён мы ўжо спявалі канон па-чэску Staňte se soli, soli země / Будзьце соллю, соллю зямлі.

Мы прагнем, каб усе вы чулі тую пэўнасць: Бог прымае нас такімі, якімі мы ёсць. Ён стаіць за тымі, хто пакутуе. Ён прагне падзяліцца з намі радасцю, якая не сканчваецца.

Printed from: https://www.taize.fr/be_article26252.html - 6 December 2021
Copyright © 2021 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France