Вучнёўства

Смага будучыні: падарожжа невядомымі сцежкамі

Жоау, малады інфарматык, праводзіць некалькі месяцаў у якасці валанцёра разам з братамі з Тэзэ ў Алагоіньяс, піша пра свой досвед працы з дзецьмі ў бедных кварталах. Ён працаваў над навучальнымі курсамі, якія развіваліся разам з актыўнасцю “brincadeira”, якою цягам шэрагу гадоў займаюцца браты.

У межах “brincadeira” другі раз у гэтым годзе прайшлі курсы навучання для моладзі і маладых людзей з наваколля. Без аніякае рэкламы за тры дні прыйшло больш за 50 удзельнікаў, а да канца тыдня іх было больш за 90. Праводзіліся курсы па цырульніцтве, электратэхнічнай рабоце, інфарматыцы як на базавым, так і на павышаным узроўні. Гэтыя курсы бясплатныя і робяць навучанне даступным для маладых людзей з ускраіны горада, якія не маюць фінансавых сродкаў. Пражываючы далёка ад цэнтра горада, іншыя прапановы звычайна недаступныя з-за выдаткаў і адлегласці.

Выкладчыкі, якія вядуць курсы, бяруць на сябе задачу не толькі навучыць, але і прыняць кожнага чалавека. Яны ўлічваюць рызыкоўную сацыяльную сітуацыю, у якой жыве большасць навучэнцаў. Наркатрафік разам з ужываннем наркотыкаў усё часцей сустракаюцца ў спалучэнні з ростам злачыннасці ў наваколлі. Адсутнасць сямейнай структуры спрычыньваецца да неабходнасці аддзялення іх ад рэальнасці, якая не прапануе аніякае будучыні, і прапановы ім новае надзеі. Такім чынам, у гэтым кантэксце трэба разумець эфектыўнасць вучобы і працэсу стажыроўкі. Існуе пэўная гнуткасць у дысцыплінах. Перадусім, кожнаму чалавеку неабходна таварышыць індывідуальна, кожны патрабуе быць выслуханым, неабходна знайсці шляхі, каб утрымаць там гэтых людзей.

Я паклапаціўся пра працэс набору і размяшчэнне вучняў у класах. Асабліва мы хваляваліся з нагоды тых, хто раней адмовіўся ад курсаў і неяк аддаліўся ад “brincadeira”. Цягам тыдняў я ўдзельнічаў у размовах пра сапраўднае паяднанне. Шмат маладых людзей вярнулася і зноў пачала наведваць курсы.

Да канца года вучні змогуць рэалізаваць свае веды на практыцы. Цырульнікі ўжо апрабавалі свае тэхнікі адзін на адным. Маці стрыгуць валасы сваіх дзяцей, сёстры абрэзваюць валасы адна адной, а хлопчыкі прыходзяць у “brincadeira” часцяком з новаю фрызураю. Адна вучаніца з гонарам сказала мне, што атрымала прапанову аб працы. Вучні-электрыкі таксама пачалі рабіць невялікія рамонтныя работы ў тым месцы, дзе яны жывуць. У мікрараёне «Новая Рэспубліка» ўвядзенне новага электраабсталявання, зробленае студэнтамі ў доме, дзе раней не было электрычнасці, прывяло да святкавання «Фестывалю святла». Спее пачуццё мэты. Моладзь адчувае сябе каштоўнасцю і адкрывае ўласны патэнцыял. Цікава таксама адзначыць пачуццё салідарнасці і добразычлівасці сярод саміх вучняў. Навучанне не засяроджваецца на канкурэнцыі і суперніцтве. Усе яны крочаць разам, дапамагаючы адно аднаму.

Гэта выразна бачна на асноўных занятках па інфарматыцы, якімі я асабіста апякуюся. У часе заняткаў я заўсёды побач, каб дапамагчы ў практычных справах. Але на самой справе менавіта яны дапамагаюць адзін аднаму большую частку часу. Ідэя самадастатковасці, якая заахвочваецца ў еўрапейскім грамадстве, тут не мае ніякага сэнсу. Суровае жыццё азначае ўзаемазалежнасць - гэта абавязак. Мае студэнты зацікаўлены і старанныя. Калі прыходзяць настаўнікі, усе вучні ўжо на месцы і чакаюць адкрыцця аўдыторыі. І менавіта ў тых пакоях большасць з іх першы раз у жыцці ўключае кампутар. Парадаксальна, але просты доступ да мабільных тэлефонаў зрабіў іх больш знаёмымі з найноўшымі тэхналогіямі, такімі як Facebook ці WhatsApp, чым з персанальным кампутарам.

Настойлівасць, з якой яны ўдзельнічаюць у занятках з панядзелка па пятніцу, мяне некалькі здзівіла. Я быў вельмі здзіўлены, бо пабываў у тых месцах, дзе яны жывуць, і ўбачыў тыя ўмовы. Тут няма аніводнага ціхага месца, якое спрыяла б навуцы; як ім удаецца падтрымліваць сваю зацікаўленасць такім настойлівым спосабам? Разрыў паміж беднасцю іх дамоў і светам курса інфарматыкі ўяўляе сабою сапраўды велізарную прорву. Таму вучні таксама павінны стаць перад абліччам сваіх страхаў і няўпэўненасці.

Цяжкасці пачынаюцца на моўных занятках. Некаторыя з іх не ведаюць, як правільна пісаць, а некаторыя блізкія да непісьменнасці. Простая задача набору тэксту можа стаць крыніцаю сораму і амаль прыніжэння. Хаця гэты парадокс настолькі значны і сапраўды мяне ўсхваляваў, гэта таксама адкрыла мне вочы на тое, каб убачыць, што гэтыя маладыя людзі - сапраўдныя змагары. Усё гэта навучыла мяне глядзець на ўласныя страхі і няпэўнасць.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article26925.html - 9 August 2020
Copyright © 2020 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France