Бразілія

Brincadeira

Піша малады валанцёр, які працуе з братамі ў Бразіліі.

“Штодзённа мець дзве гадзіны дзяцінства для дзяцей” - гэта ідэя штодзённых сустрэч для дзяцей у маленькае абшчыне братоў Тэзэ ў бразільскім Алагоіньяс на паўночным усходзе краіны. Гэта даволі простыя гадзіны, як тое вынікае з назвы brincadeira, што значыць “гульня і радасць”. Правілы даволі простыя: нельга біцца ды кідаць камянямі, але няма межаў фантазіі! Пры ўваходзе на пляцоўку гульні, суровасць паўсядзённага жыцця, а часам і сапраўдная зброя (нажніцы і нажы) абменьваюцца на шарыкі, выкарыстоўваюцца шыны, мыльныя бурбалкі і, у залежнасці ад сезона, свежыя манга. Цікава бачыць, як тая ж самая ідэя, якая выкарыстоўваецца на сустрэчах у Тэзэ, падобна дзейнічае й тут: кожны маладзён атрымлівае долю адказнасці, якую ён/яна можа несці. Так, Анна Ліла (11 гадоў) з’яўляецца арбітрам у гульняў з мячом, а Майсей (13 гадоў) выконвае тую ж функцыю ў выпадку дробных спрэчак сярод сваіх сяброў.

Аніводная brincadeira не падобная на іншую: колькасць і твары гасцей, старэйшых і малодшых, змяняюцца штодня. Некаторыя прыязджаюць рэгулярна; іншыя з’яўляюцца на некалькі дзён, пасля чаго такім жа чынам знікаюць. Увогуле, час ад часу прыходзіць каля 500 дзяцей. Кожны прыносіць не толькі свае ідэі для гульняў, але і сваю асабістую гісторыю.

Бацькі па большай частцы застаюцца без працы. Аніякае падтрымкі ад сацыяльнай службы ці страхавання няма. Некаторыя старэйшыя дзеці адпраўляюцца зарабляць на ўтрыманне сям’і на вуліцы ў цэнтры горада. Іншыя таварышаць жабракам. Некаторыя маюць вялікія цяжкасці з тым, каб хадзіць да школы, некаторыя ўвогуле туды не ходзяць. Толькі меншасць жыве са сваім бацькам. Старэйшыя браты і сёстры, часта бацька, а нават маці, едуць у Сан-Паўлу, каб шукаць магчымасці выжыць. Закінутыя дзеці застаюцца разам з бабулямі, а некаторыя з іх сваіх маці ніколі больш не ўбачаць...

Такім чынам, гэтыя пасляабедзенныя сустрэчы - таксама месца, дзе дзеці могуць расказаць пра свае маленькія і вялікія праблемы дома ці на вуліцы: хата, якая развалілася, лютасць бацькаў, маці, якім не хапае грошай альбо якія п’юць... Ёсць, напрыклад, Тасіан, дзесяць гадоў, які кожны дзень прыходзіць са сваімі трыма братамі і сёстрамі: Таіс, Марчэла і Джэксан. Забытыя і кінутыя маці-алкагалічкаю, яны месяцамі жывуць у доме Доны Белы (“прыгожай”), якая сама з’яўляецца маці дванаццаці дзяцей.

У наваколлі алкаголь і гвалт з’яўляюцца часткаю паўсядзённага жыцця, дзеці растуць паводле “законаў вуліцы”, паводле якіх выжываюць толькі самыя моцныя. Час brincadeira, што для нас, валанцёраў, азначае сітуацыю з асабліваю ўвагаю да момантаў, якія могуць выйсці з-пад кантролю..., але й простае перабыванне “там”, слухаць і мець час, каб знайсці той фрагмент, які адсутнічае ў галаваломцы, і месца ў правільнай чарзе, у якой дзеці збіраюцца напрыканцы дня паводле назваў вуліц, з якіх яны паходзяць.

Гульня робіць вас галоднымі. Таму на зваротную дарогу дадому ёсць два апельсіны і банан... і ўпэўненасць у тым, што заўтра дзверы “гульні і радасці” зноў адчыняцца.

Printed from: https://www.taize.fr/be_article26926.html - 25 March 2023
Copyright © 2023 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France