2006

Незавершаны ліст брата Ражэ

У другой палове дня 16 жніўня 2005 г., калі ён памёр, брат Ражэ паклікаў аднаго з братоў і сказаў яму, “Запішы ўважліва гэтыя словы!” Перад тым, як ён сфармуляваў свае думкі, доўнае маўчанне папярэднічала гэтаму чыну. Пасля ён пачаў, “У абшары, у якім нашая Абшчына стварае магчымасці пашырэння чалавечае сям’і...” І на тым спыніўся, занадта знясілены, каб скончыць фразу.

Гэтыя словы адлюстроўваюць запал, які натхняў яго нават у старасці. Але што ён меў на ўвазе пад “пашырэннем”? Ён, напэўна, хацеў сказаць: зрабіць усё магчымае, каб зрабіць больш адчувальнаю любоў Бога да кожнага без выключэння чалавека і да ўсіх народаў. Ён хацеў, каб наша маленькая Супольнасць прынесла гэтую таямніцу на свет сваім жыццём, у сціплае прыхільнасці да іншых. Таму мы, браты, хочам прыняць гэты выклік разам з усімі, хто шукае міру па ўсёй зямлі.

За некалькі тыдняў да смерці ён пачаў разважаць над лістом, які будзе агучаны падчас міланскай сустрэчы. Ён адзначыў некаторыя тэмы і некаторыя свае тэксты, да якіх хацеў зноў вярнуцца і працаваць над гэтым. Мы прынялі іх у такім стане, у якім яны былі, каб скласці гэты “Незавершаны ліст”, перакладзены на 57 моў. Гэта свайго кшталту фінальнае паведамленне брата Ражэ, якое дапаможа нам ісці наперад па той дарозе, на якой Бог “пашырае нашыя крокі” (Псальм 18, 36).

Разважаючы над гэтым няскончаным лістом на сустрэчах, што адбываліся ў 2006 годзе як у Тэзэ, з тыдня на тыдзень, так і ў іншых месцах на розных кантынентах, кожны чалавек можа паспрабаваць знайсці шляхі яго завяршэння ў жыцці, якім ён жыве.

Брат Алоіс

“Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам” [1]. Чым з’яўляецца той спакой, які дае Бог?

Перадусім, гэта духоўнае жыццё, супакой сэрца. Гэты спакой дазваляе нам глядзець на свет з надзеяй, хаця яго часта разрываюць гвалт і канфлікты.

Гэты Божы спакой таксама падтрымлівае нас, каб мы маглі спрытна ўнесці свой уклад у збудаванне супакою ў тых месцах, дзе існуе такая пагроза.

Спакой у свеце настолькі актуальны дзеля таго, каб палегчыць пакуты, і ў прыватнасці, каб дзеці сёння і заўтра не жылі ў бядзе і небяспецы.

У сваім Евангеллі з асляпляльнай інтуіцыяй Святы Ян у трох словах выказвае, кім з’яўляецца Бог: “Бог ёсць любоў” [2]. Калі мы зможам зразумець толькі гэтыя тры словы, мы пойдзем далёка, вельмі далёка.

Што нас захапляе ў гэтых словах? Справа ў тым, што яны перадаюць гэтае святлістае перакананне: Бог не паслаў Хрыста на зямлю, каб некага асудзіць, але каб кожны чалавек ведаў, што яго любяць і каб ён мог знайсці шлях да еднасці з Богам.

Але чаму некаторыя людзі дзівяцца таму каханню, даведваючыся, што іх любяць ці нават берагуць? Чаму ў іншых склалася ўражанне, што імі грэбуюць?

Калі б толькі кожны мог усвядоміць, што Бог застаецца побач з намі нават у бязгрэшнай глыбіні нашае самотнасці. Бог кажа кожнаму: “Ты дарагі ў вачах Маіх, шматкаштоўны, і Я палюбіў цябе” [3].

Сапраўды, усё, што Бог можа зрабіць, гэта даць сваю любоў; пра што кажа ўсё Евангелле.

Тое, што Бог просіць ад нас і прапануе нам, гэта проста атрымаць бязмежную ласку.

Тое, што Бог нас любіць - гэта тая рэчаіснасць, якую часам цяжка зразумець. Але калі мы выяўляем, што Ягоная любоў - гэта перадусім дараванне, нашыя сэрцы знаходзяць супакой, а нават змяняюцца.

І тады ў Богу мы можам забыцца на тое, што атакуе нашае сэрца: гэта добрая крыніца, з якой можна атрымаць свежасць і новую жыццёвую сілу.

Ці дастаткова мы ўсведамляем, што Бог нам так давярае, што ён кліча кожнага з нас? Чым ёсць той заклік? Бог запрашае нас любіць так, як любіць Ён. Няма больш глыбокае любові, чым імкнуцца да таго, каб аддаць сябе: Богу ды іншым.

Той, хто жыве каранямі жыцця, замацаванымі ў Богу, выбірае любоў. А сэрца, якое вырашыла кахаць, можа выпраменьваць бязмежнае дабро. [4]

Жыццё напоўнена спакойнай прыгажосцю для тых, хто імкнецца любіць з даверам.

Усе, хто вырашыў палюбіць і сведчыць пра гэта сваім жыццём, мусяць задаць сабе адно з самых важных пытанняў: як мы можам палегчыць боль і пакуты іншых людзей, незалежна ад таго побач яны ці далёка?

Але што значыць кахаць? Ці можна падзяліць пакуты людзей найбольш жорстка трактаваных? Так, гэта менавіта тое.

Ці можа гэта азначаць бясконцую шчырасць і самаадданае забыццё самога сябе для іншых? Так, безумоўна.

І зноў: што значыць кахаць? Любіць азначае дараваць, жыць як людзі, якія прымірыліся. [5] А прымірэнне заўсёды прыносіць у душу вясну.

У маленькім горным пасёлку, дзе я нарадзіўся, каля нашага дома, жыла шматдзетная сям’я. Маці памерла. Адно з дзяцей, крыху маладзейшае за мяне, часта прыязджала да нас. Яно любіла маю маці, як быццам яна была яго роднай. Аднойчы дзіцяці даведалася, што яны збіраюцца пакінуць пасёлак, і для яго той ад’езд быў зусім не просты. Як можна суцешыць пяці- ці шасцігадовае дзіцяці? Тое было так, нібы яно не мела перспектывы для зразумення такога аддзялення.

Незадоўга да смерці Хрыстус запэўніў сваіх сяброў, што яны атрымаюць суцяшэнне: Ён пашле ім Духа Святога, які стане для іх апорай і суцяшэннем, і хто заўсёды застанецца з імі. [6]

У сэрцы кожнага чалавека Хрыстус усё яшчэ шэпча сёння, “Я ніколі не пакіну вас у самотнасці; Я пашлю вам Духа Святога. Нават калі вы знаходзіцеся ў глыбіні роспачы, Я застаюся побач з вамі”.

Прымаць суцяшэнне, якое дае Дух Святы, значыць шукаць у цішыні і супакоі, каб аддаць сябе Яму. Тады, хоць часам могуць адбыцца цяжкія падзеі, становіцца магчыма выйсце па-за іх межы.

Ці мы так лёгка засмучаемся, што нам трэба суцяшэнне?

Бываюць выпадкі, калі нас усіх узрушаюць асабістыя выпрабаванні альбо пакуты іншых людзей. Гэта можа зайсці так далёка, каб падарваць нашу веру і згасціь нашую надзею. Адкрыццё даверу веры і душэўнага спакою часам ўключае цярплівасць да самога сябе.

Пэўны кшталт пакут пакідае асабліва глыбокае ўражанне: смерць таго, каго мы любім, некага, хто нам можа спатрэбіцца, каб ісці наперад тут, на зямлі. Але такое выпрабаванне часам можа быць зменена, і тады гэта адкрывае нам шлях да еднасці.

Радасць Евангелля можа быць адноўлена сярод тых, хто знаходзіцца ў надзвычайным бедстве. Бог прыходзіць асвятляць таямніцу чалавечых пакут, заходзячы так далёка, што прымае нас у інтымнай блізкасці з самім сабой.
І тады мы апыняемся на шляху надзеі. Бог не пакідае нас усіх у самотнасці. Ён дазваляе нам рухацца ў кірунку да еднасці, да таго, чым з’яўляецца еднасць любові, якою ёсць Царква, адначасова такая загадкавая і такая неабходная...
Хрыстус еднасці [7] прапануе нам гэты велізарны дар суцяшэння.

У вымярэнні, у якім Царква здольная прынесці вылячэнне нашаму сэрцу, несучы прабачэнне і спачуванне, робіць паўнату еднасці з Хрыстом больш даступнай.
Калі Царква мае намер любіць і разумець таямніцу кожнага чалавека, калі нястомна слухае, суцяшае і лечыць, становіцца тым, што ёсць найбольш яскравым: крышталёва чыстым адлюстраваннем еднасці.
Пошукі прымірэння і супакою прадугледжваюць барацьбу ўнутры сябе. Тое не значыць ісці па лініі найменшага супраціву. Не ствараецца анічога трывалага, калі ўсё занадта проста. Дух еднасці не легкаверны. Тое вядзе да таго, што сэрца агарняе больш, дабрыня паглыбляецца, падазрэнні не прымаюцца да ўвагі.

Каб быць носьбітамі еднасці, ці будзе кожны з нас ісці наперад у сваім жыцці па шляху даверу і няспынна абнаўляемаей добразычлівасці?

На гэтай дарозе часам здараюцца няўдачы. Тады нам трэба памятаць, што крыніца супакою і еднасці знаходзіцца ў Богу. Замест таго, каб бянтэжыцца, будзьма заклікаць Яго Святога Духа ў нашыя слабасці.

І, на працягу ўсяго нашага жыцця, Святы Дух дазволіць нам ісці зноў і зноў, ідучы ад аднаго пачатку да іншага ў кірунку будучага супакою. [8]

У абшары, у якім нашая Абшчына стварае магчымасці пашырэння чалавечае сям’і...

[1Ян 14, 27

[21 Ян 4, 8

[3Ісаі 43, 4

[4На адкрыцці Савета моладзі ў 1974 г. брат Ражэ сказаў, “Якая вартасць жыцця без любові? Навошта тады жыць? З якой мэтай? Сэнс нашага жыцця ў гэтым: быць каханым навекі, каханым аж на вечнасць, каб у сваю чаргу мы змаглі памерці за любоў. Так, бо тыя шчаслівыя, хто памірае за любоў”. Памерці ад кахання азначала для яго каханне да самага канца.

[5“Жыць як людзі, якія прымірыліся”. У сваёй кнізе A Prospect of Happiness?, што з’явілася за два тыдні да смерці брата Ражэ, ён чарговы раз вытлумачыў, што тыя словы значылі для яго: “Ці можна тут успомніць, што мая бабуля па маці інтуітыўна зразумела нешта накшталт ключа да экуменічнага паклікання і што яна адкрыла для мяне шлях, які я потым паспрабаваў рэалізаваць? Пасля першае сусветнае вайны яе найглыбейшым жаданнем было тое, каб больш нікому не давялося перажываць тое, што перажыла яна. Паколькі ў Еўропе хрысціяне вялі вайну адзін супраць аднаго, яна думала: хай яны прымірацца, каб не дапусціць чарговае вайны. Яна паходзіла са старой пратэстанцкай сям’і, але, жывучы ва ўнутраным прымірэнні, пачала хадзіць у каталіцкі касцёл, не робячы пры гэтым ніякага разрыву з уласным народам. Уражаны сведчаннямі яе жыцця, калі я быў зусім маленькім, я знайшоў уласную хрысціянскую ідэнтычнасць у яе кроках, сумяшчаючы веру майго паходжання з таямніцай каталіцкае веры, ні з кім не разрываючы зносін”.

[6Ян 14, 18 і 16, 7

[7Выраз “Хрыстус еднасці” брат Ражэ ўжо выкарыстоўваў раней, калі 5 кастрычніка 1986 года вітаў у Тэзэ папу Яна Паўла ІІ: “Пастаянная туга маіх братоў і мая палягае на тым, каб кожны маладзён адкрыў для сябе Хрыста, не ізаляванага Хрыста, але ‘Хрыста еднасці’, які прысутнічае ў паўнаце ў той таямніцы еднасці, якая ёсць Ягоным Целам, Царквою”. У ёй многія маладыя людзі могуць знайсці спосабы, каб прысвяціць усё сваё жыццё. Там яны маюць усё неабходнае, каб стаць стваральнікамі даверу і прымірэння не толькі паміж сабою, але і з усімі пакаленнямі, ад самых сталых да маленькіх дзяцей. У нашае абшчыне Тэзэ крочыць за ‘Хрыстом еднасці’ падобнае да агня, які гарыць унутры нас. Мы пайшлі б на канец свету, каб шукаць шляхі, пытацца, звяртацца, калі будзе трэба жабраваць, але ніколі збоку, заўсёды застаючыся ў той унікальнай еднасці, якою з’яўляецца Царква”.

[8Апошнія чатыры абзацы брат Ражэ прамовіў у снежні 2004 г. прыканцы Еўрапейскае Сустрэчы ў Лісабоне. Гэта былі апошнія словы, якія ён прамовіў публічна.

Printed from: https://www.taize.fr/be_article26954.html - 3 November 2024
Copyright © 2024 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France