Падрыхтоўка перад паездкаю

Пададзеная ніжэй інфармацыя прызначана перадусім для тых, хто мае замер прывезці групу моладзі да Тэзэ, але можа быць карыснаю таксама для ўсіх зацікаўленых.

Перад паездкаю, калі ласка, дакладна растлумачце ўсім удзельнікам вашае групы ніжэйшую інфармацыю:

- пра сціпласць жыцця ў вёсцы Тэзэ і падчас Еўрапейскіх Сустрэч

- пра штодзённую праграму падчас побыту ў вёсцы ці на Сустрэчы

- пра супольную малітву: раніцаю, апоўдні ды ўвечары.

Карыснымі для вас могуць быць наступныя старонкі:

- Развучваючы спевы;

- праглядзіце кароткі фільм “Жыццё ў Тэзэ” пра нашыя сустрэчы (фільм даступны на розных мовах);

- дазнайцеся пра вопыт іншых маладзёнаў, якія ўжо раней пабывалі ў Тэзэ;

- прачытайце некаторыя матэрыялы ў разделе Малітва.

Кожны ўдзельнік вашае групы павінен быць гатовы ўдзельнічаць у розных аспектах сустрэч цягам тыдня.

Калі вы жадаеце знайсці маладога чалавека з вашага рэгіёну, які ўжо бываў у Тэзэ і які мог бы падзяліцца той інфармацыяй, а таксама - па магчымасці - наведаць вашую групу, калі ласка, пішыце нам на агульны адрас альбо беспасрэдна да кантактнае асобы, што адказвае за наш край.

Магчыма, у вас ёсць жаданне заангажаваць у падрыхтоўку вашае групы мясцовыя хрысціянскія абшчыны? Маўляў, ці ёсць шанс арганізаваць малітву альбо прыняць удзел у набажэнстве ў мясцовай царкве беспасрэдна перад паездкаю? Чаму б не здзейсніць крокі “салідарнасці” яшчэ перад выездам?

Калі ласка, захапіце з сабою Біблію.

Музыканты: забярыце з сабою духавыя інструменты, віяланчэлі, класічныя гітары, што могуць спатрэбіцца падчас малітвы (напрыканцы тыдня ў вёсцы) альбо цягам Еўрапейскае Сустрэчы.

Калі вы з’яўляецеся кіраўніком групы моладзі, запазнайцеся са старонкаю Арганізацыя паездкі групы моладзі. Пасля чаго будзе можна здзейсніць папярэднюю рэгістрацыю вашае групы (датычыць сустрэч у вёсцы Тэзэ). Такую рэгістрацыю можна распачаць, нават не валодаючы поўнай інфармацыяй адносна дадзеных усіх удзельнікаў групы; пазней інфармацыю можна дадаваць/змяняць/выдаляць.

Яшчэ да таго, як вырушыць на сустрэчу ў Тэзэ, мы прапануем вам загадзя выбраць і абвесціць дату спаткання ўжо па вашым вяртанні дадому цягам некалькіх тыдняў пасля візіту, каб зноў мець магчымасць сабрацца ўсёю групаю. Гэта дазволіць вам разам паразважаць пра тое, што было істотным на сустрэчы для кожнага ўдзельніка групы і якім чынам гэты досвед можа дапамагчы ў паўсядзённым жыцці.

Незалежна ад таго, ці вы прыязджаеце ў Тэзэ самастойна, вязеце моладзевую групу альбо падарожнічаеце ў якасці аднаго з удзельнікаў такой групы, падрыхтоўка перад сустрэчаю заўсёды вельмі важная.

Лепшае ўсведамленне і разуменне характару сустрэч Тэзэ яшчэ да прыезду дазволіць вам лягчэй прыняць актыўны ўдзел ва ўсёй праграме з самага пачатку і працягваць жыць ужо пасля гэтага досведу духам Пілігрымкі Даверу дома.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article26961.html - 7 July 2020
Copyright © 2020 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France