Разважанні брата Алоіса

Штовечар падчас Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы брат Алоіс звяртаецца да маладых пілігрымаў. На гэтае старонцы мы публікуем тэксты разважанняў з Уроцлава.

Аўторак, 31 снежня 2019 г.

Мы амаль падыйшлі да завяршэння нашае Еўрапейскае Сустрэчы. Зноўку мы шчыра дзякуем тым, хто прымаў нас: сем’ям і парафіям, гораду Уроцлаву і ваколіцы, таксама як і палякам, якія прыходзілі дапамагаць і ствараць для нас так прыемную атмасферу.

Цягам гэтых дзён, якія мы правялі разам, мы выказвалі нашае прагненне будаваць будучыню супакою. Перадусім, у нашым асабістым жыцці, у нашых сем’ях ды месцах, дзе мы працуем альбо навучаемся. Але таксама і ў нашых краінах і па-за імі, у Еўропе і па ўсім свеце.

Нашымі ўласнымі вачыма мы ўбачылі вялікую чалавечую разнастайнасць і зараз мы здольныя цешыцца з гэтае нагоды. На еўрапейскім кантыненце кожная краіна, кожны народ, кожны рэгіён дадае што-небудзь, ствараючы мазаіку, якая кшталтуе нашую частку света. Не варта спрабаваць учыніць наш кантынент, каб усё выглядала аднолькава, але мы павінныя хутчэй дацэньваць мясцовыя асаблівасці, а таксама разнастайнасць традыцый і культур.

Не забываймася, што часам гісторыя пакідае глыбокія шнары! Спрабуйма зразумець, якім чынам развіваюцца розныя часткі нашага кантынента. Спрабуйма рабіць усё, каб выкрыць, перадусім у нас саміх, забабоны, якія мы можам мець адносна іншых.

Свабоду, якую вярнулі на ўвесь наш кантынент 30 гадоў таму, было цяжка здабыць. Багата хто, асабліва тут, у Польшчы, заплаціў за гэта вельмі высокую цану. Для некага ўкараненне сябе ў веры стала крыніцаю іх сведчання, часам з наражэннем свайго жыцця на рызыка.

Гісторыя гэтай барацьбы за свабоду была адзначана пэўнымі дзіўнымі падзеямі, адною з якіх было прабачэнне, якое скіравалі польскія хрысціяне нямецкаму народу пасля другой сусветнай вайны. Гэты ўклад у прымірэнне, новы пачатак, які стаў адным з цудаў у гісторыі нашага кантынента.

Калі мы прыгадваем сёння такія падзеі, якія адбываліся ў перыяды напружанасці і непаразумення, трэба знайсці надзею наконт таго, што й зараз таксама магчыма новая будучыня. Безумоўна, існуюць розныя выклікі, як мы бачылі тое ў тэматыцы сустрэч, прапанаваных за апошнія дні.

Зараз кожны з нас вернецца дадому. Але зараз больш, чым калі-небудзь, мы ўсведамляем, што мы з’яўляемся часткаю вялікае еднасці, супольнасці Царквы. Ва Уроцлаве вы зрабілі аблічча Царквы больш маладым.

У свеце, які змяняецца, мы маем шукаць шляхоў выражэння Евангелля па-новаму. Прыклад мы можам знайсці ў ахвярнасці і даверы Марыі: вельмі юная яна прыняла нешта неверагоднае, стаючы маці Хрыста, тым самым адкрываючы чалавецтву шлях да новага пачатку.

Зараз на пераломным этапе разам з развіццём чалавецтва дазвольма веры, сціпласці і радасці Хрыста кіраваць намі! Такім чынам, будзьма здольныя падрыхтаваць шляхі, якія Бог выкарыстоўвае, каб прыйсці і перабываць сёння сярод нас. Бог дае нам уяўленне, якое патрэбна нам, каб рухацца наперад, да света заўтрашняга дня, каб заўсёды быць у дарозе, але ніколі не губляючы каранёў.

Панядзелак, 30 снежня 2019 г.

Толькі што мы прачыталі адзін з першых біблійных радкоў. Гэтая паэтычная аповесць пра стварэнне падкрэслівае адказнасць чалавека за Сусвет, адказнасць за клопат і абарону зямлі. Гэтую адказнасць Бог усклаў на чалавецтва.

Мне б хацелася падзякаваць і адначасова заахвоціць вас, моладзь. Вы насамрэч сур’ёзна бярэце на сябе гэтую адказнасць. У Тэзэ мы ўражаныя, бачачы прыхільнасць многіх з вас да захавання стварэння, абароны біяразнастайнасці і спрашчэння ладу нашага жыцця.

З асобамі з майго пакалення мы павінны папрасіць у вас прабачэння за тое, што дагэтуль так грэбавалі гэтай адказнасцю. Спажыванне заняло занадта шмат месца, нібыта шчасце залежала толькі ад гэтага. Вы заахвочваеце нас змяніць наш стыль жыцця, каб яно стала больш засяроджаным на істотных рэчах.

Заўтра раніцаю ў “Прапановах на 2020 год” вы прачытаеце, што перад абліччам змен клімату і навакольнага асяроддзя існуе магчымасць супольнага сведчання розных хрысціянскіх канфесій. Сапраўды, у гэтым бачны цудоўны заклік сабрацца вакол экуменічных ініцыятыў.

Каб сёння вырашыць гэтыя вялікія праблемы, мы павінны ведаць, дзе шукаць падтрымкі. Гэтымі днямі нас будуць напраўляць і натхняць словы “Заўсёды ў дарозе, ніколі не губляючы каранёў”. Быць заўсёды ў дарозе не азначае жыць у сталае нестабільнасці; мы мусім трымаць нашыя карані, запушчанымі ў рэчаіснасць, якая не будзе зменліваю.

Нядаўна я размаўляў з адною з валанцёрак, якая перабывала у Тэзэ цягам некалькіх месяцаў. Яна прыехала з Японіі і была часткаю каманды, якая дапамагала ахвярам цунамі ў рэгіёне Фукусімы. Я надаль здольны чуць яе словы: “Так багата людзей страцілі там свае карэнні, яны згубілі ўсё”.

Часам перад абліччам пакутаў мы пачуваемся вельмі кволымі. Памятайма, што малітва – гэта шлях, які заўсёды адкрыты перад намі. Ці давярэнне Богу іншага чалавека альбо выпрабавання, якое мы праходзім, нешта змяняе? Мы не ведаем, і, на шчасце, мы не ў стане дазнацца, якім чынам Бог адказвае на нашыя малітвы. Бог існуе далёка па-за нашымі вылічэннямі.

Але адна рэч пэўная: давяраючы ўсё Богу, мы ўваходзім у больш глыбокую салідарнасць з нашым блізкім, мы аб’яднаныя салідарнасцю самога Хрыста з тымі, хто сёння пакутуе, з тымі, хто праходзіць праз выпрабаванні. Малітва спрыяе нашаму руху, яна чыніць з нас адказных за іншых і за саміх сябе.

Калі мы пачынаем маліцца, нашая ўвага можа быць нечым адцягнута альбо мы заўважым, што словы даюцца нам вельмі цяжка. Памятайма, у нас унутры перабывае Езус Хрыстус, і Ён ведае нас. Нашая малітва можа быць вельмі простаю, але Ён разумее нашыя сэрцы. Будзьма ж дзяліцца з Ім хвілінамі адпачынку, сам-насам альбо праз супольную прыгожую малітву.

Гэтым вечарам я чарговы раз прагну падзякаваць усім тым, хто прыняў нас, асабліва тым, хто адчыніў свае дзверы, каб прыняць пілігрымаў, а таксама лідарам хрысціянскіх супольнасцяў Уроцлава ды мясцовым уладам. Некаторыя з іх гэтым вечарам сёння разам з намі.

Нашая Пілігрымка Даверу будзе працягвацца. Крыху больш, чым праз год, нас чакае цалкам іншы, новы этап: разам з моладдзю з розных краін мы скіруемся на Святую Зямлю. Пілігрымка пройдзе напрыканцы лютага 2021 г. Пасля нашае Сустрэчы ў мінулым сакавіку ў Бейруце, мы прагнем выказаць нашую салідарнасць з усімі тымі, хто прагне супакою на Блізкім Усходзе.

І літаральна перад той паездкаю адбудзецца чарговая Еўрапейская моладзевая Сустрэча. Мы сустрэнемся ў краіне, якую мы ўсе так любім. Мы вернемся на поўдзень нашага кантынента. Ад 28 снежня 2020 г. да 1 студзеня 2021 г. нас будуць вітаць у Турыне.

Нядзеля, 29 снежня 2019 г.

У гэты вечар я хацеў бы сказаць вам некалькі слоў пра нядаўні этап нашае Пілігрымкі Даверу, пра сустрэчу моладзі ў Кейптаўне, у Паўднёвае Афрыцы, якая адбылася на запрашэнне розных цэркваў горада.

Паўднёвая Афрыка – цудоўная краіна, якая паказала свету моц пратэсту супраць апартэіду і стала прыкладам негвалтоўнага пераходу. Але раны гісторыі ўсё яшчэ глыбокія – нашы браты, якія жылі там два гады, змаглі гэта ўбачыць.

Белыя, чорныя і мецісы маюць розны лад жыцця і нячаста сустракаюцца. Яны жывуць у асобных раёнах, паміж якімі мала мастоў. У такім кантэксце было складана папрасіць людзей цягам пяці дзён гасціць маладога чалавека, не ведаючы загадзя, ці будзе ён чорным, белым ці змяшанага паходжання.

Падчас адной з падрыхтоўчых сустрэч адна жанчына сказала: “Вядома, мы баімся, але ведаем, што павінны зрабіць гэта”. Адчыніць дзверы незнаёмаму ніколі не бывае простаю справаю. У Кейптаўне праблема была яшчэ большай.
На пачатку Сустрэчы я сказаў 2000 маладым людзям: “Прыязджаючы з Тэзэ, у нас няма спецыяльнага паслання. Гэта вы, тыя, хто жыве пасланнем нашае Сустрэчы, прымаючы адзін адно”.

Ва ўсіх нашых краінах нас заклікаюць прымаць тых, хто прыязджае з іншых месцаў, часам здалёк. Гэта змяняе нас і можа прымусіць нас адчуваць сябе ў небяспецы. Разам з тым, гэта вельмі ўзбагачае нас. У Польшчы вы прымаеце багата людзей з Украіны, якія прыязджаюць сюды працаваць. У сувязі з гэтым мы цешымся, што на нашае Сустрэчы другою па колькасці групаю пасля палякаў з’яўляюцца ўкраінцы.

З уласнага дасвядчэння ў Тэзэ, я магу вам сказаць, што пры прыёме бежанцаў мы самі атрымліваем шмат, магчыма, нават больш, чым мы даем. Вядома, гэта не заўсёды проста. Адно з выпрабаванняў, з якімі нам давялося сутыкнуцца, была смерць маладога чалавека па імені Самір. Выехаўшы з роднай зямлі, з Судану, ён быў змушаны да рабства ў Лівіі, а потым перапраўлены праз Міжземнае мора на імправізаваным чоўне.

Але потым, перабраўшыся ўва Францыю, праз некалькі тыдняў сардэчная хвароба забрала ягонае жыццё. Гэта быў вялікі шок. Праз некалькі месяцаў пасля гэтага мне ўдалося паехаць у Судан і наведаць яго маці. Калі я знайшоў яе ў іх сціплым доме ў Хартуме, яна не пераставала плакаць.

І вось у пэўным моманце яна выпрасталася і сказала: “Бог даў яго нам, Бог забраў яго назад; няхай будзе праслаўлена Божае імя”. Я ніколі не забуду гэтае сустрэчы. Я захоўваю ў сэрцы гэтыя словы маці, якая з’яўляецца мусульманкай.
Іншыя жывуць нібы чужынцы на гэтай зямлі не таму, што паходзяць здалёк, але таму, што яны маргіналізаваныя. Іх пакуты могуць быць звязаныя з самотнасцю або пакінутасцю, злоўжываннямі альбо з-за хваробы, няўпэўненасці ў сабе або беспрацоўя. Некаторыя формы беднасці адразу відавочныя, іншыя ж менш прыкметныя.

Нават калі матэрыяльна нічога ім не бракуе, некаторыя задаюцца пытаннем: які сэнс можа мець іх жыццё, калі яны быццам да нічога не належаць і падобныя да чужынцаў на гэтае зямлі? Як мы можам падысці да іх, каб выслухаць іх і дазволіць сабе быць імі кранутымі?

Простая ўважлівасць да іншых і братэрства – адна з самых важных каштоўнасцей. Заўтра раніцаю у вашых прымаючых парафіях вы зможаце паразважаць пра гэта ў невялікіх групах дзялення пры дапамозе тэксту з Бібліі, які мы пачулі ў гэты вечар.

Узгадайма, як Езус наведваў хворых, выключаных і чужынцаў. У гэтым мы знойдзем натхненне, калі запытаем сябе, што сёння можам зрабіць мы.

Субота, 28 снежня 2019 г.

Сёння быў вялікі павітальны дзень – жадаю вам добрага пачатку Сустрэчы! Рады быць разам з вамі ва Уроцлаве і апынуцца ў Польшчы, зямлі, якая ўжо правяла чатыры Еўрапейскія Сустрэчы: дзве тут, адну ў Варшаве і, нарэшце, у Познані.
У гэты вечар я хацеў бы падзякаваць усім, хто прымае нас. Якая цудоўная гасціннасць! Тое, што ўсе маладыя людзі прымаюцца ў сем’ях, з’яўляецца знакам Евангелля. У Польшчы часта кажуць: “Gość w dom, Bóg w dom” – “Госць у доме – Бог у доме”.

Сёння, калі вы прыехалі, вы атрымалі “Прапановы на 2020 год”. Яны маюць тытул: “Заўсёды ў дарозе, ніколі не губляючы каранёў”. Гэтыя словы былі ўпершыню выкарыстаны шмат часу таму для апісання жыцця полькі Уршулі Ледухоўскай.
Жанчына, якая апярэдзіла свой час, была грамадзянкай Еўропы, наведваючы шмат якія краіны, дзе пачыналі рассяляцца сёстры з яе манаскае кангрэгацыі. Некалькі такіх сясцёр жывуць сёння ў Тэзэ і разам з сёстрамі святога Андрэя дапамагаюць нам прымаць і суправаджаць моладзь.

Тут, у Польшчы, вера дала шматлікім людзям глыбокія карані і дазволіла ім, нават у нягодах, праявіць незвычайную мужнасць і смеласць. Мы, у сваю чаргу, хацелі б паглыбіць карані нашае веры, прымаючы Божую любоў у дачыненні кожнага з нас.

Мы сабраліся тут у вялікай разнастайнасці народаў, паходжання і меркаванняў. Гэта разнастайнасць не перашкаджае нам мець зносіны. Наадварот, гэта мае давесці нас, несумненна, да цеснага кантакту нас з Божаю воляй: Бог хоча праз Хрыста сабраць нас разам для адзінства, які сам з’яўляецца еднасцю.
І такое адзінства ў разнастайнасці – сведчанне, якое выходзіць па-за межы Царквы. У разгар праблем сучаснага свету і цяжкіх часоў, якія перажывае еўрапейскі кантынент, мы можам імкнуцца пераносіць гэтае пасланне еднасці ўсё далей.

У 1989 г. мы былі тут, ва Уроцлаве, – гэта быў гістарычны момант. Вецер энтузіязму і свабоды дзьмуў і ствараў надзею. Сёння гэты новы этап у нашае Пілігрымцы Даверу адбываецца ў больш складаным кантэксце.

Затым наша сустрэча становіцца тым больш важнай: мы хочам пашырыць адзінства і салідарнасць, каб лепш несці нашу адказнасць у свеце.

У гэтым адзінстве і салідарнасці, пра якія мы імкнемся сведчыць, мы хацелі б, каб у найбяднейшых было сваё месца. У прымаючых парафіях вы будзеце сустракацца з людзьмі, якія дапамагаюць выключаным і хворым, якія наведваюць зняволеных, чужаземцаў ды іншых. Гэтыя людзі – знакі надзеі.

Заўсёды ў дарозе, ніколі не губляючы каранёў. У гэты вечар мы пачулі ўрывак з кнігі Быцця, які прадстаўляе нам постаць Абрагама, дзе падкрэслена, як ён усё пакінуў і, разлічваючы на абяцанне Бога, пайшоў са сваёю жонкаю Сарай да зямлі, якой яны не ведалі.

Будзьма ж такімі радыкальнымі, як і яны! Дазвольма паверыць, што Бог кіруе намі. Бог прымушае нас пакінуць страх, каб увайсці ў давер. Даверцеся Богу, давярайце іншым. Гэты давер да Бога заклікае нас пакінуць за сабою свой ілжывы стан быцця ў небяспецы.

Разлічвайма на прысутнасць Святога Духа. Гэта дасць нам смеласць у часы выпрабаванняў, а таксама вынаходлівасць, якая нам патрэбна на гэтым этапе чалавечае гісторыі, дзе ўсё мяняецца з галавакружнай хуткасцю. Так, Бог прымушае нас пакінуць страх, каб увайсці ў давер.

Прамова дзіцяці: штовечар мы будзьма чытаць з лісту краін назвы дзяржаў, удзельнікі якіх прысутныя на Сустрэчы. Назвы прадстаўляюць безліч краін. Сёння ўвечары мы цешымся з нагоды прывітаць моладзь з …

У розных месцах, дзе мы зараз перабываем, малітва будзе працягвацца праз выкананне спеваў і малітву вакол крыжа. Кожны можа падыйсці і пакласці сваё чола на дрэва крыжа, каб даверыць Богу нягоды свае ды іншых асоб.

Printed from: https://www.taize.fr/be_article27078.html - 10 December 2024
Copyright © 2024 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France