Быць уважным на прысутнасць Бога ў нашым жыцці

Аўторак, 25 лютага 2020 | Тэзэ, Храм Паяднання

Для нас, братоў, вялікая радасць бачыць, як багата вас сабралося тут на гэтым тыдні. Ужо цягам апошніх двух тыдняў у вялікае колькасці на ўзгорку знаходзяцца маладзёны з Францыі. А зараз каля 2000 сярод вас прыбылі з Партугаліі ды іншых месцаў. Шчыра вітаем кожнага!

Сёння раніцай мы пачулі вельмі магутную гісторыю, якая паходзіць з першай часткі Бібліі (1 Вал 19), дзе апісваецца важны момант у жыцці прарока Іллі. Пасля змагання і лютасці ў імя свайго Бога Ілля разумее, што жыццё яго бессэнсоўнае. Ён цалкам збянтэжаны і думае, што памірае.

Але Пан наведаў яго, заклікаў яго вярнуцца на дарогу і даў яму сілы. Менавіта тады адбываецца незвычайная сустрэча. Схаваны ў пячоры, Ілля чакае. Распачынаецца моцная віхура, але Бога няма ў шторме. Адбываецца землятрус, але й там Бога няма. І яшчэ агонь, але й там Бога таксама не было.

Нарэшце, калі моцны шум спыняецца, Ілля чуе “шум ціхага ветру”, і затым ён разумее, што Бог праходзіць міма. Ён прыкрывае твар і прыціскаецца да зямлі.

Гэтая гісторыя дапамагае нам зразумець, што Бог не прыходзіць праз праявы ўлады і гвалту. У той час як Ілля разлічвае распазнаць Божую прысутнасць у відовішчных падзеях, такіх як пажар, бура ці землятрус, Бог выяўляе яму Сваю прысутнасць зусім іншым чынам.

Ці маглі б мы, у сваю чаргу, імкнуцца распазнаць часта прыхаваныя знакі прысутнасці Бога ў нашым жыцці і ў свеце? У пэўныя дні Ягоную прысутнасць можна выявіць у своеасаблівым подыху цішыні. Таму мы павінны быць уважлівымі, каб мець магчымасць гэта пачуць.


Заўтра пачынаецца Вялікі пост. Гэта той час, які Царква прапануе нам дзеля таго, каб быць больш уважлівымі да прысутнасці Бога ў нашым жыцці.

Так, падчас Вялікага посту мы хацелі б падрыхтавацца да святкавання вялікага свята Вялікадня. Хрыстус пераадолеў зло, і Ягонае пастаяннае прабачэнне дазваляе нам аднавіць унутранае жыццё. Мы запрошаныя да навяртання: не замыкацца ў сабе праз самааналіз ці індывідуальны перфекцыянізм, але шукаць зносін з Богам, а таксама зносін з іншымі.

Каб адзначыць гэтае ўваходжанне ў Вялікі пост, мы будзем мець два адмысловыя знакі падчас супольнае малітвы. Першы знак - попел. Падчас ранішняе малітвы ўсім ахвотным на ілбе браты попелам зробяць знак крыжа. У часе здзяйснення гэта жэсту, кожны брат прамовіць да вас: “Звярніцеся да Бога і давярайце Ягонае любові”. Гэта вельмі стары жэст, які заклікае нас да пакоры і дапамагае прыняць кволасць нашага існавання.

Другі знак - пэўны літургічны жэст, які паходзіць з праваслаўнае традыцыі. Падчас вечаровае малітвы тыя, хто жадаюць, змогуць атрымаць памазанне алеем на чоле. Робячы знак крыжа, браты кожнаму скажуць: “Вось памазанне ацалення, памазанне свята”.


Сёння адным са спосабаў, што прасоўвае радасць, несумненна, з’яўляецца выбар дзялення тым, што мы маем, жыццём у сціпласці. Сапраўды, усвядомлена абраны сціплы лад жыцця дазваляе супрацьстаяць гонцы за тым, што залішняе. Выбар сціпласці таксама адкрывае нашыя сэрцы на дзяленне і радасць, што паходзіць ад Бога.

У гэты час Вялікага посту, будзьма адважнымі, каб перагледзець наш стыль жыцця, каб не ўзгадваць пра дрэннае сумленне тым, хто зрабіў меней, але з мэтаю салідарнасці з абяздоленымі і з усім Тварэннем, якое мы пакліканыя абараняць і захоўваць.

Заўтра раніцаю попел і алей, якія мы атрымаем, - гэта два сімвалы, што запрашаюць нас прабачаць і святкаваць. Няхай гэты Вялікі пост стане радасным для кожнага з нас. Радасць прабачэння, радасць дзялення.

Printed from: https://www.taize.fr/be_article27410.html - 30 November 2021
Copyright © 2021 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France