Вялікі пост 2020
Зварот брата Алоіса«Не паддавайцеся выпрабаванням, але разам з Богам будзьце творцамі ў абставінах, якія склаліся»У часе, калі мы набліжаемся да Вялікадня, па ўсім свеце расце трывожнасць перад абліччам распаўсюджвання каронавіруса. Здаецца, што ўпершыню ў Тэзэ мы, верагодна, правядзем Вялікі тыдзень і святкаванне Вялікадня без наведвальнікаў. Асобы, што выслалі свае заўякі на ўдзел у сустрэчах, мы былі вымушаныя папрасіць адкласці свой побыт, а Храм Паяднання закрыць. Мы працягваем нашае жыццё малітваю і працаю, “будучы аддзеленымі ад усіх, але з’адзіночанымі з усімі”. Мы вельмі добра ўсведамляем, што малітва заступніцтва аб’ядноўвае нас з такой колькасцю іншых людзей па ўсім свеце. Па тэлефоне ці праз сеціва мы атрымліваем шмат навін ад людзей, якія сутыкаюцца з падобнымі праблемамі ў розных частках свету. Некаторыя з нашых братоў жывуць альбо падарожнічаюць у Карэі, Італіі ды іншых месцах. Нашы браты з КНР, кантактуюцца са сваімі сем’ямі, ад самага пачатку эпідэміі сочаць з увагай і глыбокай заклапочанасцю за яе развіццём. Не кажучы ўжо пра неабходныя сродкі перасцярогі ды змены ў нашым жыцці, гэты даволі нечаканы і выключны крызіс здароўя закранае нас больш глыбока. Перадусім, мы мусім адчуваць пакуты і цяжар ахвяр, хворых, іх сем’яў ды ўсіх, хто моцна пацярпеў ад эканамічных наступстваў. Мы памятаем пра іх у малітве. Мы прагнем падзякаваць і выказаць нашае захапленне тым, хто адданы ўсімі сіламі дапамозе пацярпелым і, у цэлым, у рэарганізацыі дзяржаўных паслуг. Так багата сведчанняў пра творчую шчодрасць, салідарнасць і пра супрацьдзеянне пасіўнасці і расчараванню. Як жаж у гэты складаны перыяд не спытаць сябе: чаго ад нас чакае Хрыстус? Што прапануе нам Уваскрослы, які прыйшоў са збянтэжанымі вучнямі, нягледзячы на зачыненыя дзверы? Да чаго Ён сёння заклікае нас? У складаных сучасных умовах, кажучы словамі брата Ражэ, “Не паддавайцеся выпрабаванням, але разам з Богам будзьце творцамі ў абставінах, якія склаліся”. Ідучы за Хрыстом, мы ідзем у кірунку дасвядчэння навяртання, звароту ад цемры да святла Уваскрослага. З дня ў дзень нас не павінны адцягваць страхі, гнеў, шкадаванні, разгубленасць і цемра, якая часта прэтэндуе на тое, каб ахапіць увесь свет і манапалізаваць нашу ўвагу... Заставаймася ж з’адзіночанымі, глыбока ў нашых сэрцах, з крыніцаю супакою, якая заўсёды застаецца па-над усім. Па меры павелічэння меры стрымлівання і меры засцярогі для аховы здароўя, каб пазбегнуць заражэння, паклапоцімся ж пра скарб чалавечых адносін. Падтрымлівайма сувязь - праз тэлефонныя званкі і сяброўскія кантакты - з тымі, хто ізаляваны, а ў першую чаргу і перадусім з найстарэйшымі, найбольш кволымі ды тымі, хто ўжо пацярпеў ад іншай хваробы ці страты. У бліжэйшыя дні мы хацелі б узяць на сябе і распаўсюдзіць некаторыя канкрэтныя ініцыятывы, каб духоўна выказаць сваю салідарнасць. Штовечар а 20:30 сярэднееўрапейскага часу (а 21:30 часу беларускага) праз сацыяльныя сеткі [https://www.taize.fr/en_article27535.html] з нашага дому будзе адбывацца трансляцыя супольнае малітвы з невялікае групаю братоў. Кожны з вас, калі жадае, праз адпаведную форму можа высылаць нам свае малітоўныя інтэнцыі [http://www.taize.fr/en_article26769.html]. Як святы Павел сказаў рымлянам: “Хто адлучыць нас ад любові Хрыста: няшчасце ці прыгнёт, ці пераслед, ці голад, ці галеча, ці небяспека, ці меч? (...) Бо я перакананы, нішто не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым” (Рым 8, 35. 38-39). брат Алоіс
[1] Здымак: Linde Dorenbos |