Вялікдзень 2020

Надыходзіць новы світанак

Нядзеля, 12 красавіка 2020 г. | Тэзэ, Ізба

Са змрочнымі навінамі, якія дастаўляюць нам кожны дзень, мы просім Бога прыйсці на дапамогу чалавецтву, выпрабаванаму не толькі хаосам каронавіруса, але і шматлікімі іншымі пакутамі. Мы даручаем Богу ўсіх, хто захварэў, іх блізкіх і тых, хто пра іх клапоціцца.

Мы просім Бога. Але будзьма асцярожнымі, каб не адступіць ад нашай пакуты, проста чакаючы, калі гэтае выпрабаванне пройдзе, і ўсё вернецца так, як было раней. Мы просім Бога, але й Бог таксама заклікае нас – Бог хоча, каб яго слухалі. Бог мог бы сказаць нам: “Абудзіся!”

Не для таго, каб Бог пакараў чалавецтва. Не, ніколі! Бог з’яўляецца Богам спагады, блізкі кожнаму чалавеку. Бог “можа даць толькі любоў”, як тое часцяком паўтараў брат Ражэ паводле слоў верніка-нестарыяніна, Ісаака Сірыйскага, што жыў у VII стагоддзі ў Ніневіі.

Так, Бог любіць кожнага з нас. Бог таму любіць нас, што прамаўляе да нас. Ці ж не хоча Бог нам сказаць: “Паглядзіце, наколькі вы залежаце адзін ад аднаго, ад блізкіх вам людзей, а таксама ад краін і насельніцтва. Паглядзіце, як вам патрэбныя адносіны сясцёр і братоў. Паглядзіце, наколькі клопат пра стварэнне неабходны для вашае будучыні”.

Пандэмія, якая атакуе нас, знянацку акрэсліла неабходнасць далёка ідучых змен у нашым грамадстве. Ашаламляльныя сумы грошай па-ранейшаму трацяцца, напрыклад, на зброю, тады як малюсенькае часткі гэтае сумы будзе дастаткова, каб вярнуць чалавечую годнасць столькім людзям, якія яе пазбаўлены.

Шмат людзей адважна падыходзіць да заклікаў быць салідарнымі. Аддаючы сябе справе, каб перад абліччам эпідэміі магло працягвацца жыццё, яны калі-некалі рызыкуюць здароўем альбо ўласным жыццём.

Натуральна, што цяжкае выпрабаванне, якое мы зараз перажываем, утрымлівае заклік да таго, каб быць сястрою ці братам, і многія ведаюць, як на гэта адрэагаваць. Але, акрамя таго, што можа быць тым святлом, якое сёння прынесла велікоднае пасланне?

У велікодную раніцу Марыя Магдалена прыйшла да апосталаў з весткай, што магіла пустая. Мы можам уявіць страх, які ахапіў іх. Акрамя катастрофы ганебнай смерці Езуса на крыжы паўстае бяда: Яго цела знікла. Тое было так, нібы знік кожны след ад вялікай надзеі, якую ўзбудзіў Езус. Пётр і Ян спяшаюцца да месца здарэння. Прыйшоўшы да магілы, Пётр заглядае і застаецца збянтэжаны. Другі вучань “убачыў і паверыў”.

Чым жа было тое, што так раптоўна спавадавала веру гэтага вучня? Як пры пустым гробе ён можа распазнаць, што Езус уваскрос? Мы ніколі не даведаемся. Адзіная падказка ў тым, што менавіта ў гэты момант ён, здаецца, разумее нешта са Святога Пісання. Ці раптам прыгадвае сабе такое слова, як у псальме: “І не дасі святому Твайму ўбачыць тленне”? Ці пытаецца самога сябе перад пустым гробам: але ж натуральна, я не думаў пра гэта, яшчэ не цалкам тое зразумеў?

Уваскрасенне Езуса – гэта тая рэальнасць, што выходзіць па-за межы нашага разумення; гэтага нельга растлумачыць рацыянальна, але тое адкрывае перад намі нязведаны гарызонт. Хвароба, лютасць і смерць ужо не маюць апошняга слова. Надыходзіць новы світанак. Гэта не толькі цалкам змяняе спосаб нашага ўспрымання жыцця, але гэта пераўтварае тых, хто яго прымае, і вызваляе ў іх нечаканую энергію. Гэта прымушае вучняў Езуса ўтварыць супольнасць, якая прамянее жыццём самога Бога.

Навязаная нам ізаляцыя вельмі цяжкая – я маю на ўвазе людзей, якія застаюцца ў адзіноце, пра сем’і, якія жывуць на вельмі маленькай прасторы, пра тых, хто адрэзаны ад сваіх блізкіх, аб бяздомных. Аднак гэтая ізаляцыя не можа абмяжоўваць нашых гарызонтаў. Няхай велікоднае пасланне адкрые перад намі новыя вымярэнні, якія з’яўляюцца вялікімі і шырокімі.

Падчас малітвы, нават сціплай, мы можам прыняць святло пасхальнага паслання. Мы можам адкрыць, што змена нашых асабістых і калектыўных паводзінаў магчыма з улікам іншай будучыні для нас і ўсяго чалавецтва. Мы можам дазволіць, каб у нас ўзнікла неабходная фантазія дзеля рэалізавання на практыцы новае салідарнасці.

Уваскрослы пасылае сваіх вучняў на ўвесь свет, не для таго каб з’яднаць усё чалавецтва ў адну рэлігійную сістэму, але каб іх жыццё на зямлі прамянела надзеяй супакою і поўні ўсяго стварэння.

А таму дазвольма сабе быць захопленымі пасхальным святлом і вітацца адно з адным гэтаю велікоднаю навінаю: “Хрыстос уваскрос! – Так, Ён сапраўды ўваскрос!”

брат Алоіс

Printed from: http://www.taize.fr/be_article27808.html - 15 August 2020
Copyright © 2020 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France