Артыкул брата Алоіса

Пяць гадоў пасля Laudato Si’

Пяць гадоў таму папа Францішак апублікаваў сваю энцыкліку Laudato Si’, у якой звярнуўся з заклікам “да адновы дыялогу на тэму спосабу будавання будучыні нашай планеты”. Ён дадаў: “Мы патрабуем дыскусіі, якая нас усіх з’яднае, бо экалагічны выклік і яго чалавечыя карані датычаць і закранаюць усіх нас” [1].

Гэты заклік сёння больш актуальны, чым калі-небудзь. Крызіс, выкліканы пандэміяй COVID-19, раптам звярнуў увагу на тое, наколькі ўразлівы наш агульны дом.

У той жа час, раптоўнае закрыццё паловы чалавечага насельніцтва і радыкальныя рашэнні ў галіне аховы здароўя, прынятыя ў шэрагу краін, таксама паказалі, што палітычная, сацыяльная і эканамічная рэакцыя надаль была патрэбная з увагі на сур’ёзнасць пытання. Гучаць галасы з запытам, каб жыццё нашага грамадства не проста аднавіла свой звычайны ход, але каб мы скарысталіся гэтым момантам, каб здзейсніць больш глыбокую самарэфлексію.

З тымі, хто падзяляе веру ў Бога, мы звяртаемся да яго ў малітве і просьбе. Але я маю ўнутранае перакананне, што ў гэтым часе выпрабавання Бог таксама просіць нас: “Абудзіцеся!” Ён размаўляе з намі, таму што нас кахае. Ці не сказаў бы ён нам: паглядзіце, на колькі вы залежыце адзін ад аднаго, залежыце ад блізкіх людзей, але існуе залежнасць й паміж краінамі ды народамі. Паглядзіце, на колькі вам патрэбнае чалавечае братэрства. Паглядзіце, на колькі клопат пра стварэнне неабходны для вашае агульнае будучыні.

Так, абудзімся!

- У той час, калі шалёны тэмп нашага грамадства раптам амаль спыніўся, нам пагражае цяпер рызыка сацыяльнага хаосу. А тымі, хто пацерпіць сярод першых, будуць самыя бедныя, ці тое будуць краіны, ці людзі. Ці дзякуючы ім мы зможам стварыць новую салідарнасць, нанова адкрываючы значэнне ўзаемнае дапамогі, якую апошнімі тыднямі дэманстравала так багата людзей?

- У той час, калі непазбежна пагаршаецца калапс біяразнастайнасці, а кліматычны крызіс цісне на чалавецтва, навукоўцы, а таксама маладое пакаленне заклікаюць нас распачаць хуткія ды неабходныя змены. Неабмежаваная эксплуатацыя абмежаваных рэсурсаў далей ужо немагчымая. Ці мы заўсёды будзем больш усведамляць, што ўсе стварэнні сусвету “з’яднаныя нябачнымі повязямі, ствараюць нешта накшталт універсальнай сям’і” [2]?

У Тэзэ мы ўражаныя, бачачы, як багата моладзі заангажавана ў справу ратавання планеты. Гэтым маладзёнам я прагну сказаць: не губляйце адвагі перад марудлівасцю і ваганнямі, якія вы заўважаеце. З людзьмі майго пакалення мы павінны прасіць у вас прабачэння за тое, што грэбуем той адказнасцю. Спажыванне заняла занадта шмат месца, нібы шчасце зводзілася толькі да гэтага. Вы маеце рацыю, заахвочваючы нас змяніць свой лад жыцця, каб ён стаў больш цвярозым і больш арыентаваным на самае неабходнае [3].

Тое, што дае мне надзею, дык гэта ўзнікненне шматлікіх ініцыятыў, якія ў асноўным складаюцца з вельмі канкрэтных абавязацельстваў, якія, не даючы сістэмных рэакцый, выяўляюць жаданне дзейнічаць, без якіх нічога не было б магчымым. Гэтыя ініцыятывы, як мне падаецца, аказваюць усё большы палітычны ўплыў [4].

На вернікаў ускладваецца дадатковая адказнасць: планета - гэта дар, які Бог даручае нам [5], клопат пра Стварэнне - неад’емная частка нашае веры. Сутыкаючыся з гэтымі экалагічнымі праблемамі, агульнае сведчанне хрысціянскіх канфесій [6], а таксама розных рэлігій становіцца яшчэ больш важным - разам з усімі, хто знаходзіць сваю матывацыю да заангажавання ў іншым месцы, а не ў веры.

У выніку пандэмічнага крызісу ёсць перасцярогі, што няроўнасць будзе яшчэ больш узрастаць, а аднаўленне эканомікі адбудзецца без належнага ўліку кліматычнае надзвычайнае сітуацыі. Але ў нас таксама ёсць велізарная магчымасць задаць сабе пытанне пра будучыню, якой мы хочам. Ці зможам мы скарыстацца гэтым момантам?


[1Laudato Si’, 14. У гэтым тэксце папа Францішак сваёю паставаю далучыўся да іншых хрысціянскіх лідэраў, у тым ліку Сусветнага Патрыярха Барталамея I° Сусветнае рады Цэркваў.

[2Laudato Si’, 89.

[3У Тэзэ, стымуляваныя гэтымі чаканнямі моладзі, мы спрабуем здзейсніць канкрэтныя крокі ў розных сферах: вада, рэцыклінг, кампост, энергетыка, цеплаізаляцыя будынкаў і г.д. Мы будзем яшчэ больш уважлівыя да таго, каб перагледзець наш стыль жыцця, каб спрасціць тое, што трэба.

[4У сувязі з гэтым мне б хацелася ўзгадаць тут еўрапейскі заклік да пакту аб клімаце ды занятасці, які будзе абвешчаны 2 чэрвеня больш, чым 800 асобамі з розных грамадскіх слаёў.

[5Гл. Быцця 2, 15: “Пан Бог узяў чалавека і пасяліў яго ў садзе Эдэн, каб ён працаваў і даглядаў яго”.

[6Адной з такіх ініцыятыў з’яўляецца сетка “зялёных Цэркваў”, да якой Тэзэ далучылася летась - гл. www.taize.fr/eco [http://www.taize.fr/eco]

Printed from: https://www.taize.fr/be_article28100.html - 6 December 2021
Copyright © 2021 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France