Пяцідзесятніца 2020 | Ключавыя пункты праграмы

На гэтае старонцы мы публікуем розныя відэаролікі, размешчаныя ў сеціве з нагоды сёлетняе Пяцідзесятніцы.

Пазначаныя гадзіны адпавядаюць сярэднееўрапейскаму часу (CEST), які на дзве гадзіны апярэджвае так званы скаардынаваны універсальны час (UTC+2). Каб перавесці на час беларускі, трэба дадаць 1 гадзіну.

Пятніца, 29 траўня

20:30 вечаровая малітва, перад якою з вітальным словам звернецца брат Алоіс

Як й штовечар аж да суботы 6 чэрвеня, вы можаце сачыць за вечаровае малітваю наўпрост з Тэзэ на гэтае старонцы. Калі распачнуць біць званы, брат Алоіс звернецца з вітальным словам.


Субота, 30 траўня

Біблійнае разважанне онлайн а 10-ае раніцы

Біблійны ўрывак: Ян 7, 37-53

37 У апошні, вялікі дзень свята, Езус стаў і, заклікаючы, сказаў: «Калі хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е.
38 Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой».
39 Гэта сказаў Ён пра Духа, якога меліся прыняць тыя, хто паверыў у Яго, бо яшчэ не было Духа, таму што Езус яшчэ не быў услаўлены.
40 З натоўпу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: «Ён сапраўды прарок!»
41 Другія казалі: «Гэта Месія!» А іншыя казалі: «Хіба з Галілеі прыйдзе Месія?
42 Ці ж не сказана ў Пісанні, што Месія прыйдзе з роду Давіда і з мястэчка Бэтлеема, адкуль быў Давід?»
43 І вось адбылася з-за Яго спрэчка ў натоўпе.
44 Некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі.
45 Прыйшлі ж слугі да першасвятароў і фарысеяў, а тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?»
46 Слугі адказалі: «Ніколі ніхто з людзей так не гаварыў».
47 Фарысеі адказалі ім: «Няўжо і вас увялі ў зман?
48 Хіба паверыў у Яго хто са старэйшын або з фарысеяў?
49 Але гэты натоўп, які не ведае Закону, пракляты!»
50 Тады Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Езуса раней, сказаў ім:
51 «Ці наш Закон асуджае чалавека, пакуль не выслухаюць яго і не даведаюцца, што ён робіць?»
52 Нагэта адказалі яму: «Ці і ты з Галілеі? Даследуй і ўбачыш, што з Галілеі прарок не выйдзе!»
53 І разышліся кожны да свайго дому.

Пытанні да абмеркавання ў групах

  1. Які быў мой досвед цягам апошніх тыдняў?
  2. Чаго я “прагну” ў дадзены момант майго жыцця?
  3. Што я хачу зрабіць з гэтым прагненнем? Пра што я думаю? Ці тое можа зараз паказаць мне нешта важнае ў маім жыцці?

15:00 онлайн-сесія пытанняў і адказаў з братам

17:00 семінар

«Сапраўды Пан ёсць на месцы гэтым, а я не ведаў». Азіраючыся на маё дасвядчэнне апошніх месяцаў, прымаю тое, што было жыватворным. Семінар, які правядуць дзве сястры святога Андрэя.

20:30 вечаровая малітва (трансляцыя з Тэзэ)


Нядзеля Спаслання Святога Духа, 31 траўня | Пяцідзесятніца/Сёмуха

Ранішні ўдзел у мясцовых царкоўных урачыстасцях

Раніцаю ў краінах, дзе гэта магчыма, мы запрашаем усіх удзельнікаў свята далучыцца да сваёй звычайнай парафіі альбо мясцовай супольнасці.

Біблійнае разважанне онлайн а 10-ае раніцы

Біблійны ўрывак: Дзеяў 2, 1-18

1 Калі настаў дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам у тым самым месцы.
2 І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны.
3 І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх.
4 І напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.
5 Былі ў Ерузалеме жыхары Юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам.
6 Калі ўзняўся шум гэты, сабралася мноства людзей і захвалявалася, бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове.
7 Былі ўражаныя і здзіўляліся, кажучы: «Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы?
8 Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся?
9 Парфяне і мідзяне, і эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Азіі,
10 Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірынэяй, ды прыезджыя рымляне,
11 юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя».
12 Усе былі ўражаныя і ў замяшанні, кажучы адзін аднаму: «Што гэта значыць?»
13 А іншыя з насмешкай казалі: «Яны напіліся маладога віна».
14 Тады ўстаў Пётр разам з Адзінаццаццю, узняў рукі свае і прамовіў моцным голасам да іх: «Мужы юдэйскія і ўсе жыхары Ерузалема, пазнайце і выслухайце мае словы.
15 Яны не п’яныя, як вы думаеце, бо яшчэ толькі трэцяя гадзіна дня,
16 але гэта тое, што было сказана прарокам Ёэлем:
17 “І будзе ў апошнія дні, — кажа Бог: Я пралью з Духа Майго на кожнае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя, а юнакі вашыя будуць бачыць візіі, а старцам вашым будуць сніцца сны.
18 І на слуг Маіх, і на служанак Маіх у тыя дні Я пралью Духа Майго, і яны будуць прарочыць.

Пытанні да абмеркавання ў групах

  1. Дзе я бачу, малыя ці вялікія, праявы Божае моцы?
  2. Ці цягам апошніх тыдняў мне давялося бачыць, як паводзіны ці адносіны іншых людзей адрозніваюцца ад маіх? Што з гэтага я магу “запазычыць” для сябе?
  3. Брат Цімаці распавядае пра знакі новага часу. Якія ў мяне спадзяванні адносна грамадства ці груп, з якімі я жыву?

12:00 публікацыя выступу віртуальнага хору

54 маладзёны з 40 розных краін заспяваюць разам канон Veni Sancte Spiritus, знаходзячыся ў сваіх дамах.

15:00 онлайн-сесія пытанняў і адказаў з братам

17:00 семінар

Стварайце салідарнасць у час непакою. Інтэрактыўны семінар са сведчаннямі з Паўднёвае Афрыкі, Бельгіі ды Францыі.

20:30 вечаровая малітва (трансляцыя з Тэзэ)

Ва ўрачыстасць Пяцідзесятніцы, як й штовечар, аж да суботы 6 чэрвеня, вы можаце сачыць за вечаровае малітваю наўпрост з Тэзэ на гэтае старонцы.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article28131.html - 28 January 2021
Copyright © 2021 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France