Пілігрымка Даверу на пачатку 2021 г.

Маладзёнаў, што прыедуць да вёскі Тэзэ ў снежні 2020 г. на Еўрапейскую моладзевую Сустрэчу, мы запрашаем вяртацца дадому разам з адным-двума братамі, якія змогуць правесці малітвы ў іх краінах у студзені 2021 г.

Пілігрымка Даверу працягнецца ў многіх месцах

Упершыню супольныя малітвы са спевамі Тэзэ будуць адбывацца адначасова ў шэрагу краін Еўрапейскага кантынента ў суботу 2 студзеня ды нядзелю 3 студзеня 2021 г., альбо ў бліжэйшыя да гэтых дат дні. На распачацце новага года тое будзе шлях малітвы ў інтэнцыі супакою, а таксама запрашэннем для ўсіх тых, хто прагне адчуць атмасферу спаткання Еўрапейскае сустрэчы ў Тэзэ.

Правядзенне малітвы ў вашае краіне

На пачатку восені мы апублікуем першасны ліст краін, дзе тыя малітвы маюць адбыцца. Калі вашае краіны не будзе ў гэтым спісе, вы можаце прапанаваць у якасці месца малітвы таксама й ваш край, напісаўшы братам, якія адказваюць канкрэтна за вашую дзяржаву (адказнаю асобаю за Беларусь і Украіну ў Супольнасці Тэзэ з’яўляецца брат Жан-Даніэль). Вы таксама можаце напісаць наўпрост да нас на адрас. Нашаю задумкаю будзе правесці адну малітву ў кожнае краіне, а не шэрагу малітваў. Кожная маладая асоба, якая пажадае дапамагчы ў падрыхтоўцы і правядзенні малітвы ў горадзе на памежжы з суседняе краінаю, няхай напіша нам на гэты адрас.

Падрыхтоўка і праграма

Хоць браты з нецярпеннем чакаюць скіравацца ў як мага больш еўрапейскіх краін, каб прыняць удзел у гэтых малітвах, моладзь, якая будзе арганізоўваць тую падзею, павінна прыняць на сябе ўсе разнастайныя аспекты падрыхтоўкі. Тое між іншым уключае ў сябе: пошук храма, правядзенне размоваў і запрашэнне кіраўнікоў розных хрысціянскіх Цэркваў, рэпетыцыю спеваў, падрыхтоўку месца для малітвы. Дзеля таго, каб дапамагчы нам і сабе ў гэтае падрыхтоўцы, восенню на нашае старонцы будзе апублікавана больш дэталёвая інфармацыя, а таксама прапанова праграмы гэтых малітваў.

Па ўсім свеце

Па розных прычынах браты змогуць удзельнічаць у супольных малітвах выключна ў еўрапейскіх краінах, але, безумоўна, маладзёны па ўсім свеце змогуць заангажаваца ў гэтую ініцыятыву па месцы свайго знаходжання. Апублікаваны спіс будзе ўключаць пералік усіх месцаў, пра якія мы будзем паінфармаваныя зваротнаю сувяззю ад вас на наш паштовы адрас.

Printed from: http://www.taize.fr/be_article28907.html - 26 October 2020
Copyright © 2020 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France