Для нас, братоў, вельмі ўсцешна бачыць, што вы сабраліся тут, у нашым Храме Паяднання. Бадай, вы ведаеце, што з-за пандэміі нам давялося закрыць прыём у Тэзэ ў сярэдзіне сакавіка, і нам было вельмі сумна з гэтай нагоды. Мы не ўяўляем свайго абшчыннага жыцця без гасціннасці.
Але гэты перыяд абмежаванняў і каранціну таксама дазволіў нам жыць чымсьці накшталт вакацый у Абшчыне і падумаць пра самае неабходнае. У пэўным сэнсе нашае жыццё як братоў Абшчыны аднавілася ў гэты перыяд, калі мы былі заставаліся сам-насам, без якіх-кольвек папярэдніх планаў.
Выпрабаванні, якія перажывае наш свет, таксама прымусілі нас спытаць саміх сябе: сутыкнуўшыся з велізарнымі праблемамі, якія змены мы павінны здзейсніць у нашым уласным спосабе жыцця? Апошнім часам, напрыклад, мы ў Абшчыне сур’ёзна разважаем пра экалагічны пераход, да якога мы ўсе пакліканы.
Яшчэ адзін нечаканы плён гэтага нядаўняга перыяду датычыцца таго, што стала магчымым дзякуючы сродкам сувязі. Ад самога пачатку каранціну, і мы працягваем тое чыніць аж да сёння, мы надаем нашыя супольныя малітвы ў сеціве. Гэта дазволіла нам падтрымліваць рэляцыі з людзьмі па ўсім свеце, пакуль наш Храм быў закрыты.
Паўсталі таксама іншыя ініцыятывы. Напрыклад, на мінулых выходных 300 маладзёнаў з больш чым паўсотні краін прымалі ўдзел у online-сустрэчы. Я вітаю іх, бо яны зараз таксама маюць магчымасць нас пачуць.
У межах гэтае ініцыятывы ў сеціве сёння днём маладыя людзі з пяці кантынентаў падзяліліся сваім нядаўнім досведам салідарнасці ў іх краінах. Разам з імі мне б хацелася паразважаць, якім чынам таксама й мы ў вельмі сур’ёзны і складаны час у дадзены момант можам распазнаць знакі надзеі?
Сёлета, у 2020 годзе мы планавалі разважаць над тэмаю “Заўсёды ў дарозе, ніколі не губляючы каранёў”. На той час мы нават не ведалі, што палова чалавецтва будзе абмежаваная цягам некалькіх месяцаў ... не будучы ў стане вырушыць куды-кольвек.
Аднак гэтая тэма надаль застаецца вельмі актуальнай. “Заўсёды ў дарозе” - гэта не азначае жыцця ва ўмовах пастаяннай нестабільнасці. Нам неабходна захаваць глыбокія карані, наш унутраны якар, больш устойлівы, чым тая зменлівая рэчаіснасць нашага існавання.
Часам мы можам адчуваць сябе вельмі бездапаможнымі перад абліччам пакутаў. А некаторыя маладзёны, сутыкнуўшыся з няўпэўненасцю ў будучыні, нават адчуваюць амаль што экзістэнцыйны брак супакою.
У гэтую часіну сумненняў і пакут будзьма ж адважнымі памятаць, што малітва - гэта шлях, які заўсёды адкрыты. Што змяняецца, калі мы даручаем Богу іншага чалавека альбо выпрабаванне, якое мы праходзім? На шчасце, мы не можам зрабіць вымярэнняў Божага адказу на нашыя малітвы. Бог значна пераўзыходзіць нашыя непасрэдныя чаканні ды разлікі.
Але адна рэч дакладна ёсць пэўная: даручаючы ўсё Богу, мы ўступаем у глыбокую салідарнасць з бліжнім, аб’ядноўваемся з салідарнасцю самога Хрыста, які сёння пакутуе разам з тымі, хто праходзіць праз выпрабаванні. Так, малітва настройвае нас на дарогу; тое робіць нас адказнымі за іншых і за сябе.
Сёлета, у жніўні, мы, браты, дзякуем Богу за жыццё брата Ражэ, які прыбыў да Тэзэ 80 гадоў таму. Гэта быў пачатак заснавання, які будзе паслядоўна працягвацца гадамі.
Брат Ражэ прыехаў да Тэзэ сам, калі меў 25 гадоў. Гэта быў пачатак другой сусветнай вайны. Што ён мог зрабіць перад абліччам гвалту і пазбаўлення людзей чалавечае годнасці? У яго не было сродкаў, каб спыніць варварства. Але нават цалкам адзін ён змог прыняць людзей, якія апынуліся ў цяжкасці. Але перадусім ён ужо тады прыняў рашэнне рыхтавацца да міру.
У 1980 г. ён звярнуўся да моладзі з такімі словамі: “Нават па дзве ці тры асобы, накіроўваючыся адзін да аднаго, здзяйсняйце пілігрымку да месца малітвы, дзе можна супольна маліцца, словамі ці ў цішыні. Набярыцеся адвагі здзейсніць гэтыя пілігрымкі не толькі да такіх, як вы самі, але й да тых, хто мае іншыя погляды”.
Працягваючы, ён дадаў: “Маладыя людзі разумеюць, што, каб ісці за Хрыстом, яны пакліканы змагацца не зброяй сілы, але сэрцам, напоўненым прымірэннем. Яны прагнуць дзяліцца. Іх надзея палягае на тым, што большасць хрысціян, якія адмаўляюцца крочыць лёгкім шляхам карыстання са значных матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў, будуць удзельнічаць у падрыхтоўцы зямлі, на якой усе будуць пачувацца ў сябе дома. Багата маладзёнаў здольныя да самаахвярнага ўдзелу там, дзе сітуацыя найбольш патрабуе заангажавання, дзеля прымірэння і супакою ва ўсім свеце”.
Гэтыя словы падаюцца мне вельмі актуальнымі. Сапраўды, у нашым свеце, дзе шмат чаго змяняецца з небывалай хуткасцю, дзе мы пачуваемся збянтэжанымі перад абліччам гвалту, перад матэрыяльнай няўпэўненасцю, што ўжо зараз стала праблемаю для шэрагу людзей, перад кліматычнай надзвычайнай сітуацыяй, моладзь выбірае быць “сведкамі надзеі і носьбітамі прымірэння”.
Зараз мне б хацелася яшчэ раз скіраваць да вас запрашэнне. Напрыканцы года, калі, канечне, дазволіць сітуацыя, у нас, у Тэзэ, адбудзецца новы этап “Пілігрымкі Даверу”: Еўрапейская сустрэча ў вёсцы Тэзэ з 27 снежня 2020 г. па 1 студзеня 2021 года мае сабраць моладзь з усяго свету, дзякуючы ініцыятывам online.
У гэты час выпрабаванняў спадзяваймася прысутнасці Святога Духа, які надасць нам мужнасці. Сапраўды, Дух дазваляе нам пакінуць страх і пачаць давяраць. Дзякуючы гэтаму, мы таксама атрымаем імпэт, неабходны для далейшага прасоўвання перад светам, заўсёды застаючыся ў дарозе, але ніколі не губляючы каранёў.