Разважанне брата Алоіса
Вялікдзень 2021 | Крыніца новае надзеіНядзеля, 4 красавіка 2021 | Тэзэ, Храм Паяднання Сардэчна вітаю ўсіх прысутных у Тэзэ ў гэты Пасхальны дзень. Цешуся, што мы можам быць разам, з’яднаныя ў малітве, у той час, калі ў выніку пандэміі пачынаецца новы перыяд абмежаванняў на паездкі ўва Францыі. Прагну таксама прывітаць тых, хто сочыць за намі сённяшнім ранкам ў розных краінах свету праз сеціва. У Вялікдзень мы запрошаныя да пераходу - Пасхі, якая, здаецца, пераўзыходзіць любое чалавечае зразуменне - пераход ад бяды да надзеі. Першаю была жанчына, каторая вялікодным ранкам перажыла гэты пераход: Марыя з Магдалы, якая прывяла да яго вучняў Езуса ... і нас наўздагон. Паранак яшчэ не світаў. Тым не меней Марыя ўжо была ў дарозе. Пакуль было цёмна, звонку ды ў яе сэрцы, яна адчувала, магчыма, разгубленасць, што ёй трэба вярнуцца і быць побач з тым, хто аднойчы перамяніў яе жыццё. У той час як вучні Езуса замкнуліся са страху, яе выбар пайсці да магілы, несумненна, быў для яе спосабам памятаць пра яго, але таксама й спосабам, у якім праяўлялася яе чаканне. Менавіта яе любоў да Езуса натхніла гэтае чаканне, якое не змаглі цалкам ліквідаваць найбольшыя пакуты. Будучы першым сведкам адсунутага ад уваходу да магілы каменя, яна пабегла да Сымона Пятра і другога вучня, каб распавесці ім, што бачыла. Яны, у сваю чаргу, пабеглі даведацца, што тое, пра што яна казала, праўда, але потым вярнуліся да сваіх дамоў, Марыя ж усё яшчэ, паводле Евангелля ад Яна, заставалася ў тым садзе, дзе ёй насустрач неўзабаве прыйдзе Ўваскрослы Пан. Няхай жа нас узрушыць уваскрасенне! Самастойна нам цяжка ў тое паверыць - настолькі тое неймаверна. Але разам мы можам пачуць неймаверную навіну, якую Марыя, а потым і апосталы абвясцілі ў дзень Вялікадня: Хрыстос жывы! Гэта дзіўная вестка вялікоднае раніцы неаддзельная ад папярэдняй, пра якую мы ўзгадвалі цягам апошніх некалькіх дзён: Хрыстус Езус зыйшоў да самага найніжэйшага пункту пакут, каб адкрыць усяму чалавецтву шлях да Бога, свайго Айца. Як жа тады той, хто уваскрос з памерлых, мог бы не мець перапоўненай любові да тых, хто не можа паверыць у існаванне Бога, бо пакута спаралізавала ў іх імпульс даверу? Пасхальная радасць зусім не ідэалістычная, і робіць нас адкрытымі і чулымі да тых, хто пакутуе. Хрыстус з пакораю кажа нам: “Я падзяляю вашыя выпрабаванні і сумневы; Я хацеў бы перажыць тое разам з вамі”. Пандэмія і яе працяглыя наступствы, што надаль дасквяраюць нам, патрабуюць ад нас захавання даверу. Асабліва я ўзгадваю пра тых, хто захварэў, пра сем’і, якія страцілі блізкага чалавека, пра адважных выхавальнікаў. Я таксама думаю пра ўсіх, хто перажывае гэты складаны перыяд у самотнасці. У той час, калі наш свет выпрабоўваецца такімі пакутамі, а цудоўная чалавечая надзея так часта пахістваецца, асабліва важным мне падаецца супольная малітва, каб адчуваць, што мы знаходзімся ў зносінах, што мы поруч адно аднаго, што мы сябруем. Перад абліччам пакутаў ды праблемаў сучаснасці Евангелле дазваляе нам адкрыць крыніцу новае надзеі. Не дазвольма ж, каб яна знікла. Ці мы дазволім прысутнасці Уваскрослага Хрыста ўзрушыць намі, Хрыста, які ў радасцях і смутку нашага жыцця сягае кожнага з нас? Гэтае раніцаю наш брат Жэрэмі будзе складаць абавязацельствы манаскіх зарокаў на ўсё жыццё ў якасці брата нашае Супольнасці. Гэта заахвочванне для ўсіх нас давяраць Хрысту. Сапраўды, нам хацелася б палюбіць Хрыста і выказваць тое сваім жыццём. |