Унебаўшэсце 2021 | Хрыстус нашым адзінствам

З 13 па 16 траўня ў нямецкім Франкфурце адбыўся трэці экуменічны тыдзень “Kirchentag”. Падчас экуменічнага набажэнства на тэлебачанні брат Алоіс прачытаў наступную пропаведзь.
Чацвер, 13 траўня 2021

Сёння мы адзначаем Ушэсце. Бог узяў Езуса да сябе. Гэта падобна на шчаслівы канец. Але вучні адчувалі сябе кінутымі Езусам. Яны былі расчараваныя. Спадзяванні, якія яны палягалі ў Езусе, не спраўдзіліся.

Толькі паступова яны пачынаюць разумець: нават калі яны больш не бачаць Езуса, Ён сапраўды перабывае сярод іх. Гэта адкрывае новыя гарызонты. З уваскрасеннем Езуса Бог стаў на бок прыніжаных. Божая любоў мацнейшая за нянавісць, гвалт і смерць. Убогія людзі зямлі могуць устаць і ўзрадавацца. Ззяе нечаканае святло.

У звычайныя часы на гэтую ўрачыстасць да Тэзэ ў Бургундыі прыбывае каля дзвюх тысяч маладзёнаў. У нашым Храме паяднання мы спяваем і перадаём святло Уваскрасення з дапамогай маленькіх свечак.

Грамада, дарагія сёстры і браты, нават калі вы сядзіцё сёння сам насам перад экранам, нас аб’ядноўвае вера ва ўваскрасенне Езуса. Але вы, магчыма, падобныя да мяне, які ў гэты момант думае пра людзей, для каго тая вера не такая ўжо й простая. Часцяком моладзь у Тэзэ задае мне пытанні: “Што асабіста для мяне значыць, што Езус уваскрос з памерлых? Чаму Бог не ўмешваецца, калі людзі пакутуюць і калі ўсё, што дае мне бяспеку, развальваецца?” Такія пытанні яшчэ больш узмацніліся падчас пандэміі.

Наша вера не дае нам простых адказаў. Але яна запрашае нас верыць у тое, што Хрыстус застаецца з намі нават у цяжкія часы. Гэта дае мне надзею, што мы будзем вучыцца на досведзе пандэміі. Мы хочам жыць нібы браты і сёстры, дзяліцца між сабою іншым чынам ды яшчэ больш рашуча клапаціцца пра сваю зямлю. Прыйшоў час на новы адлік.

Мы, царкоўныя супольнасці, прагнем унесці ў гэта свой уклад. Але багата хто справядліва кажа: вашая аповесць пра любоў не заслугоўвае даверу! Злоўжыванні разбурылі шмат даверу. Таму патрэбная мужнасць, каб унесці святло ў гэтую цемру.

Мы, браты з Тэзэ, таксама сутыкаемся з гэтай праблемай. У размовах з тымі, хто перажыў злоўжыванне, нам стала ясна, што вылячэнне магчыма толькі тады, калі мы прызнаем, што адбылося. Калі мы возьмем на сябе адказнасць і прыкладзем усе намаганні, каб галасы ахвяр былі пачутыя, тады ахвяры таксама атрымаюць законную справядлівасць, а ў будучыні ніхто не адчуе такіх пакут. Для гэтага ў нашых Цэрквах неабходна глыбокае абнаўленне. Структурныя змены вельмі важныя.

Каб распачаць новы адлік у грамадстве і ў нашых Цэрквах, таксама й нам неабходна глыбокае духоўнае абнаўленне.


Шмат маладых людзей шукае духоўнага жыцця, якое падтрымлівала б іх. У Тэзэ яны адчуваюць, як важна зноў і зноў рабіць паўзы. І гэта праўда: дзе б я ні быў, я ў любы момант магу звярнуцца да Хрыста. Уваскрослы Пан заўсёды побач.

Сумневы могуць застацца. Вера - гэта не столькі валоданне пэўнасцю; гэта перадусім падарожжа ў надзеі. Гэта робіць нас адкрытымі на іншых. Больш адчувальнымі да людзей і падзей вакол нас і ў свеце.

Пандэмія накладвае на нас балючыя межы, але мы ўжо можам падрыхтавацца да таго, каб быць больш адкрытымі на іншых у будучыні. Нават да людзей мы не падыходзілі б спантанна: напрыклад, да мігрантаў, якія могуць жыць побач. Мы толькі што чулі, як Аляксандра, Сандра і Эмбот рэалізуюць гэта ў сваім жыцці, адкрываючыся на іншых. Менавіта гэта нас натхняе.

Нядаўна ў Тэзэ нас наведала пастар з нашага рэгіёна. Яна распавяла нам, як у перыяд да апошніх абмежаванняў яна прапаноўвала парафіянам сустракацца раз на тыдзень невялікімі групамі за простым пасілкам, каб распавесці пра сваё жыццё і сваю веру.

У гэтым няма нічога надзвычайнага. Магчыма, нехта з вас таксама хацеў бы зрабіць нешта падобнае, як толькі тое будзе магчыма. Царква - жывая абшчына. Яна жыве супольнымі набажэнствамі і сумесным паўсядзённым жыццём. Гэта супольнасць у руху.

Мы можам жыць у такой супольнасці ў руху ў нашых царкоўных абшчынах і ў невялікіх групах. Гэтыя рэляцыі ўзмацняюцца, калі хрысціяне розных канфесій аб’ядноўваюцца. Толькі разам духоўнае абнаўленне нашых Цэркваў можа прагрэсаваць. Мы можам прыняць хрысціянскую разнастайнасць сярод нас у якасці дару. Гэта не выключае таго, што часам нам проста даводзіцца зносіць адно аднаго. Ні пры якіх абставінах мы не павінны змірыцца са скандалам нашых падзелаў! Нашыя Цэрквы яшчэ не могуць падзяліцца усімі скарбамі веры. Але Хрыстус не падзелены. Ён - нашае адзінства. Толькі калі часцей будзем збірацца на супольнае малітве, мы зможам даверліва пражыць сваё адзінства ў разнастайнасці.

Гэта магчыма. У Тэзэ людзі розных канфесій, моў, краін і культур збіраюцца перад абліччам Бога дзень за днём. Калі мы разам слухаем Пісанне, славім Бога і праводзім доўгі час у цішыні, Святы Дух ужо робіць нас жывой супольнасцю.

Нам падабаецца спяваць гэтыя спрадвечныя словы, Ubi caritas et amor, Deus ibi est. - “Дзе міласэрнасць і любоў, там Бог”. Багата таго, што людзі робяць для іншых, - гэта жывы знак Божае любові. Адкрыйма на гэта вочы! Нават у нашы, часам цяжкія, дні Валадарства Божае ўжо сярод нас.

Printed from: https://www.taize.fr/be_article31785.html - 1 December 2023
Copyright © 2023 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France