Браты ў Бангладэш

Браты з Тэзэ жывуць у Бангладэш з 1974 года. Праз некалькі гадоў побыту ў Чытагонг яны пераехалі ў сталіцу Даку. З 1987 года іх дом знаходзіцца ў мясцовасці Маймансінгх, а ў 2021 годзе яны пераедуць у Танарбайд, невялікую вёску ў Нацыянальным парку Мадхупур.

З самага пачатку браты засяродзілі сваю дзейнасць сярод моладзі, ствараючы невялікія школы для бедных, знаходзячы спосабы падтрымліваць навучэнцаў у іх адукацыі, арганізоўваючы малітоўныя сустрэчы з разважаннямі, якія рэгулярна праводзяцца ў розных частках краіны ды шмат чаго іншага. Адзін з братоў, цяпер ужо нябожчык, выкладаў у галоўнай семінарыі Дакі больш за трыццаць гадоў.

Важнаю праблемаю, якая ўзнікала на працягу многіх гадоў, з’яўляецца пытанне людзей з інваліднасцю. Ужо ў Чытагонге і сталіцы браты займаліся беднымі інвалідамі, якія на той момант амаль не мелі падтрымкі ў грамадстве. З гадамі ў краіне саспела ўсведамленне іх цяжкага становішча, а зараз існуе мноства арганізацый, якія займаюцца іх патрэбамі. У пачатку 1990-х браты стварылі ў мясцовасці Маймансінгх адну з першых арганізацый - “Грамадскі цэнтр для інвалідаў” і запачаткавалі царкоўныя пілігрымкі для інвалідаў. Браты таксама спрычыніліся да стварэння ў Бангладэш у раёне Маймансінгх адзінае суполкі L’Arche.

Браты працуюць не толькі з бенгальцамі, але і з людзьмі з розных груп карэнных народаў, асабліва этнасам гаро (таксама вядомым як мандзі), якія складаюць большасць хрысціян у раёне Маймансінгх. Як і ў Тэзэ, яны моляцца тройчы на дзень, спрабуючы пасеяць зерне прымірэння паміж хрысціянамі розных канфесій, прадстаўнікамі разнастайных этнічных груп і вызнаўцамі розных рэлігій. Кантакт братоў з рознымі групамі адбываецца на сталай аснове, а людзі з розных слаёў грамадства прыходзяць і далучаюцца да іх асяродка: студэнты каледжаў, універсітэтаў альбо каранічных школ, бедныя жанчыны, бяздомныя дзеці, хрысціяне ўсіх канфесій у краіне, індуісты, мусульмане і агностыкі.

Супольная малітва ў капліцы братоў у Маймансінгх

Printed from: https://www.taize.fr/be_article32041.html - 29 September 2023
Copyright © 2023 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France