Разважанні брата Алоіса

“З якой крыніцы мы чэрпаем жыццё?”

Чацвер, 26 жніўня 2021 г.

З надыходам канца летняга сезона для нас, братоў, асабліва ўсцешна прывітаць вас у Тэзэ на гэтым, самым масавым сёлета, тыдні. З манашкамі і валанцёрамі, якія жывуць з намі, нам было вельмі сумна ўвесну закрываць прыём: таму мы вельмі цешымся, што зноў бачым так багата вас на гэтым тыдні.

У складаным кантэксце, які мы перажываем, вельмі важна сустракацца, маліцца і абменьвацца думкамі, а таксама слухаць адно аднаго. Вядома, нам хацелася б, каб пандэмія ўжо засталася па-за намі - і, на жаль, гэта не так, - але мы тым больш поўныя ўдзячнасці, што сёлета змаглі дасведчыць гэтыя цудоўныя летнія сустрэчы.

Асаблівым чынам мне б хацелася падзякаваць выступоўцам, што ўдзельнічалі ў спецыяльным тыдні разважанняў для моладзі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў: ваш досвед і сведчанні заахвочваюць нас і заклікаюць не адчайвацца па прычыне маштабаў выклікаў сучаснасці.

Сапраўды, у гэты час багата людзей з адвагаю прымаюць шэраг праблемаў. Перадусім маю на ўвазе тых, хто перажыў выпрабаванні хваробаю або страціў каханага чалавека, часам не маючы магчымасці развітацца. Узгадваю таксама пра апякуноў, якія падвяргаюцца небяспецы, пра супрацоўнікаў у шпіталях. У нашае малітве не забывайма таксама пра тых, хто выконвае свае абавязкі ў грамадскае сферы.

Тут, у Тэзэ, мы сустракаем шмат маладзёнаў, якія цягам апошніх месяцаў пакутавалі ад самотнасці або якія з трывогай задумваюцца над сваёю будучыняю. Акрамя пакут, звязаных з пандэміяй, многіх хвалюе надзвычайная сітуацыя з кліматам ды экалагічныя катастрофы, колькасць які ўзрасла гэтым летам у многіх месцах на нашае планеце.

А колькі народаў свету, здаецца, праходзяць праз бясконцыя выпрабаванні! Сёння ўвечары мы маліліся за людзей, якія гэтымі днямі спрабуюць пакінуць Афганістан: таму атуляйма нашымі малітвамі тых жанчын і мужчын, што сёння застаюцца ў роспачы ў Кабуле. Памолімся таксама за ўмілаваны народ Гаіці, які ў чарговы раз выпрабоўваецца моцным землятрусам, а таксама за іншыя народы свету.

Перад абліччам стомленасці і разгубленасці многіх людзей паўстае пытанне: з якой крыніцы мы можам чэрпаць жыццё? За стагоддзі да Хрыста прарок Ісая ўжо паказваў на такую крыніцу, калі пісаў: “Тыя, хто спадзяецца на Пана, адновяць сілы, пабягуць і не стомяцца, пойдуць і не знясіляцца”.

Гэтая крыніца ўнутры нас. Ад нас залежыць, ці будзьма мы здольныя кожны раз адблакоўваць яе, імкнучыся спадзявацца на Бога; на Божую любоў, якая пастаянна абнаўляецца.

Гэты крок даверу можа дапамагчы нам займацца ўсім, што існуе: атрымаць тое нібы ў дар і ўсё больш адкрывацца для тых, хто быў нам давераны. Тады можа адбыцца зварот: будзьма жыць не толькі заясоджваючыся на сабе. Прымаючы Божую прысутнасць у нашых сэрцах, мы тым самым рыхтуем дарогу на Божае прыйсце для многіх іншых.

Сёлета цэнтрам нашых рэфлексій з’яўляецца тэма “Мець надзею ў спрыяльны і неспрыяльны час”. У тым пасланні на 2021 год вы можаце прачытаць наступны сказ: “Ці вера не азначае перадусім даверу ў прысутнасць, якая знаходзіцца як у глыбіні нашага быцця, так і ва ўсім Сусвеце, няўлоўнай, але ўсё ж такой рэальнай?”.

Гэтая прысутнасць не навязваецца нам звонку, хаця мы й можам распазнаць яе прыкметы ў падзеях нашага жыцця і ў людзях вакол нас. Гэта тая добрая прысутнасць, якая ёсць заўсёды, нягледзячы на нашыя сумневы, нават калі мы адчуваем, што вельмі мала разумеем, кім з’яўляецца Бог.

Брат Ражэ, які больш 75 гадоў таму даў пачатак жыццю нашае Супольнасці, часцяком казаў так: нават калі мы вельмі мала разумеем з Евангелля, мы можам паспрабаваць ухапіць больш сэнсу, калі пачнем з некалькіх слоў, якія сталі істотнымі для нас і якія мы стараемся ўвасобіць у жыццё.

І паступова мы ўваходзім у давер самога Езуса: як і Ён, мы Божыя дзеці, што спадзяёмся на таго, хто пераўзыходзіць усё, што мы можам сабе ўявіць, і тым не менш знаходзіцца побач з намі. У сваім Духу Ён жыве ў нас. І ў гэтым самым даверы Хрыста мы можам знайсці душэўную сілу, якая надае імпэт нашаму жыццю.


Пілігрымка даверу будзе працягвацца й пасля заканчэння лета. Міжнародныя сустрэчы працягнуцца ў Тэзэ, і мы гатовыя сардэчна прымаць вас заўсёды, калі толькі эпідэмічны стан дазволіць нам сустракацца разам.

У канцы года, з 28 снежня па 1 студзеня 2022 года, мы правядзем наступную Еўрапейскую сустрэчу ў італьянскім Турыне. Хаця пакуль цяжка сказаць, у якой форме тая Сустрэча пройдзе, ужо зараз мы запрашаем вас да ўдзелу. Браты ж, якія будуць на месцы ўжо з верасня, неўзабаве паведамяць нам навіны!

Этап Пілігрымкі даверу адбудзецца на Святой Зямлі з 8 па 15 траўня 2022 года. Дадзены этап Пілігрымкі даверу рыхтуецца ў супрацоўніцтве з Экуменічным Інстытутам Тантур у Ерузалеме і некалькімі Цэрквамі Святой Зямлі.

На наступнае лета ў Тэзэ мы ўжо плануем дзве спецыяльныя падзеі: з 13 па 17 ліпеня 2022 г. пройдзе пятая сустрэча для сяброўства паміж хрысціянскае і мусульманскае моладдзю. А з 21 па 28 жніўня 2022 года адбудзецца чарговы тыдзень разважанняў для моладзі ва ўзросце 18-35 гадоў.

І напрыканцы. Апошнім часам мы задумваліся над пэўным пытаннем: “У гэты час вялікіх змен у свеце і ў Царкве чаго чакае Бог ад нашае Супольнасці?”, таму зарадзілася ідэя, каб больш грунтоўна распавесці пра нашае жыццё і нашую будучыню пэўным людзям з па-за нашае Абшчыны. З гэтае нагоды мы запрасілі дзвюх жанчын і двух мужчын з розных канфесій і розных царкоўных абавязкаў адбыць у нас шасцідзённы “братэрскі візіт”. Я давяраю гэты, новы для нас крок, вашым малітвам.

Printed from: https://www.taize.fr/be_article32121.html - 28 May 2022
Copyright © 2022 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France