Зварот брата Алоіса на распачацце Сінадальнага шляху ў Рыме

У суботу, 9 кастрычніка 2021 г., брата Алоіса запрасілі выступіць у Рыме з прамоваю на распачацце каталіцкага Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці, які будзе трываць цягам двух наступных гадоў. Ніжэй мы публікуем тэкст звароту.

Дзякуй, Святы Ойча, за скліканне гэтага сінода. У Тэзэ мы былі вельмі кранутыя, што нас запрасілі на адкрыццё. Дзякуй таксама за традыцыю запрашаць дэлегатаў з іншых Цэркваў. Будзе вельмі істотна пачуць ад іх аб іх уласнае практыцы сінадальнасці з яе моцнымі бакамі, але й абмежаваннямі.

Гэты сінадальны працэс надыходзіць у вырашальны момант, калі мы з’яўляемся сведкамі дзвюх супярэчлівых падзей. З аднаго боку, чалавецтва ўсё больш выразна ўсведамляе, што ўсе мы звязаны адно з адным ды з усім стварэннем. З іншага боку, у сацыяльнае, палітычнае і этычнае сферах нарастае палярызацыя, што выклікае новыя падзелы ў грамадстве, паміж краінамі, а нават у сем’ях.

На жаль, паміж нашымі Цэрквамі, а таксама ўнутры іх, прагледжваецца тэндэнцыя да пераўтварэння існуючых розніц у палярызацыю, якая дзеліць людзей, і менавіта ў гэты час нашае сведчанне міру набывае жыццёва важнае значэнне.

Якім чынам мы можам прасоўваць хрысціянскае адзінства наперад? Наконадні я запытаўся пра тое ў пастара Лары Мілера, былога генеральнага сакратара Сусветнага хрысціянскага форуму. Ён адказаў: “Нядобра пачынаць са слоў: ‘Вось, кім мы з’яўляемся, і таму мы маем рацыю’. Будзе лепей прызнацца да ўласных слабасцяў і папрасіць іншыя Цэрквы дапамагчы нам атрымаць тое, чаго нам бракуе - гэта ўспрымальны экуменізм, які дазваляе нам прымаць тое, што зыходзіць ад іншых”. Ці ж бы гэты пастар не бачыў усё правільна? Усе мы нясем скарб Хрыста ў гліняных начыннях, і, бадай, ён прамянее больш выразна, калі мы пакорліва прызнаем тое, чаго нам не стае.

У самым нутры Каталіцкага Касцёла сінод выявіць вялікую разнастайнасць. Сінод будзе яшчэ больш плённым, калі адначасова паглыбіцца пошук еднасці. Тое неабходна не дзеля таго, каб пазбегнуць або схаваць канфлікты, але дзеля таго, каб узмацніць дыялог, які нас паяднае.

Каб заахвоціць да гэтага, на маю думку, пажадана, каб у Сінадальным шляху былі моманты, каб перавесці дыханне, нібы невялікія перапынкі, для таго каб запрыкмеціць адзінства, якое ўжо дасягнута ў Хрысце, зрабіць яго бачным.

У сувязі з гэтым, Святы Ойча, паколькі ты запрасіў нас памарыць, я хацеў бы падзяліцца з вамі марай. Ці існуе мажлівасць, што ў пэўны момант, падчас сінадальнага працэсу, на вялікі экуменічны сход могуць быць запрошаныя не толькі дэлегаты, але і ўвесь народ Божы, не толькі католікі, але вернікі з розных Цэркваў? Бо праз хрост і паводле Святога Пісання мы з’яўляемся сёстрамі і братамі ў Хрысце, аб’яднанымі ў супольнасці, якая пакуль яшчэ недасканалая, але ўжо цалкам рэальная, нават калі існуюць пакуль багаслоўскія пытанні, якія трэба будзе вырашыць.

Такі сход - тут, у Рыме, і адначасова ў іншых месцах на свеце - мог бы мець у цэнтры ўрачыстую цэрэмонію выслухання Божага Слова, з доўгай хвілінай маўчання і малітваю вернікаў у інтэнцыі супакою. Ці можна было б паверыць тое моладзі? Ці тая ўрачыстасць магла б быць працягнутая часам дзялення паміж удзельнікамі з розных канфесій? Тое магло б выявіць, што, з’яднаўшыся ў Хрысце, мы становімся міратворцамі.

Да гэтае прапановы мяне натхніла нашае дасвядчэнне з Тэзэ. У нашае Абшчыне, якая складаецца з розных канфесій, мы жывем пад адным дахам. Ужо больш за шэсцьдзесят гадоў мы прымаем маладзёнаў з розных Цэркваў, а таксама й тых, хто перабывае ў пошуках сэнсу свайго жыцця. Захоўваючы дыстанцыю да нейкага найбольш агульнага назоўніка, мы ўвесь час імкнемся ісці да крыніцы Евангелля, да ўваскрослага Хрыста, які праз Святога Духа вядзе нас разам да Таго, хто з’яўляецца Айцом усіх людзей без выключэння.

Здымак: Цілен Чэбуль (Tilen Čebulj)

Printed from: https://www.taize.fr/be_article32596.html - 19 April 2024
Copyright © 2024 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France