Еўрапейская сустрэча ў Турыне ды online
Разважанні брата Алоіса
Серада, 29 снежня 2021 г., ТурынДля мяне з некаторымі братамі з нашае Супольнасці ўсцешна быць тут, разам з вамі, моладдзю з Турына і з рэгіёна П’емонт, а таксама з асобамі з больш аддаленых тэрыторый. Словы вітання кірую таксама да тых, хто сочыць за намі праз сеціва. Словы падзякі мы кіруем у бок кіраўнікоў розных Цэркваў, якія аддана працавалі дзеля гэтага этапу Пілігрымкі Даверу ў Турыне. На жаль, ужо другі год запар з-за пандэміі мы вымушаныя мяняць свае планы. Сёлета мы вырашылі прапанаваць праграму ў форме online, працягваючы падрыхтоўку да Еўрапейскае сустрэчы, якая адбудзецца ў наступным ліпені, з 7 па 10 чысло, у гэтым цудоўным горадзе Турыне. Таму ўжо зараз, разам з усімі прысутнымі, я прагну скіраваць вам шчырае запрашэнне да ўдзелу ў той Сустрэчы. Сюды я прыехаў з братам Маркам з выспы Лампедуза. Як вядома, цягам ужо некалькіх гадоў гэты востраў з’яўляецца адным з месцаў, куды прыбываюць мігранты, якія перасякаюць Міжземнае мора з Афрыкі. Правесці Каляды на востраве мяне запрасіла адна з манашак з супольнасці Малых сясцёр Езуса, якая жыве там разам са сваімі сёстрамі па абшчыне. Уся іх парафія вельмі цёпла сустрэла нас і папрасіла мяне прывітаць вас усіх. Я надаль застаюся пад уражаннем ад таго, што мы перажылі на гэтым востраве. На працягу некалькіх дзён тузін лодак берагавой аховы ды Корпусу падатковай аховыі (іт. Guardia di Finanza) прывозілі людзей, якіх яны выратавалі ў моры — перадусім маладых мужчын, некалькі жанчын, а нават бацькоў з немаўлём. Коўдра, шклянка вады, прыязны позірк, невялікі знак падбадзёрвання: разам з сёстрамі мы не маглі зрабіць нешта большае, каб павітаць іх. Затым мігрантаў адвезлі на закрытую тэрыторыю, дзе іх зарэгістравалі ўлады. На Каляды, у якасці выключэння, мы атрымалі дазвол паехаць туды, каб правесці з імі некалькі хвілін, у тым цэнтры, дзе будзе вырашацца іх будучыня. Некаторыя з правізарычных чоўнаў, на якіх яны пакінулі афрыканскі кантынент, дастаўлены ў порт Лампедузы. Хрысціяне на востраве часам бяруць з лодак два кавалкі дрэва, каб зрабіць крыж. Адзін з іх мы забралі з сабой і пакладзем на наш абраз падчас малітвы вакол крыжа.
Гэтыя дні на Лампедузе прымусілі мяне адчуць яшчэ больш настойлівы заклік да адзінства чалавечае сям’і. Цягам надыходзячага года ў Тэзэ ды на сустрэчах у іншых месцах мы будзем разважаць над шасцю сфармуляванымі мною прапановамі, якім я даў агульную назву “Становячыся стваральнікамі адзінства”. Існуе так багата разломаў, што дзеляць нашую чалавечую сям’ю, нават блізкую да нас. Таму я прагну, каб мы ўсе задаліся пытаннем: што мы можам зрабіць на сваім узроўні, нават вельмі пакорліва, каб быць стваральнікамі адзінства? Не дазвольма нашым страхам спаралізаваць нас, калі сутыкнемся з велізарнымі праблемамі. Калі мы ствараем повязі сяброўства і адзінства, нават вельмі маленькія, мы атрымліваем радасць, а атрымліваючы, цешымся. Заўтра, падчас тэматычнае сустрэчы ў сеціве, мы паразважаем над словамі Езуса: “Бо Я быў падарожным, і вы прынялі Мяне”. Мы ўбачым некалькі прыкладаў салідарнасці асобаў, што заангажаваныя ў працу з уцекачамі, бежанцамі і асобамі, якія шукаюць прытулку. Другі семінар таго дня мае назву “Дзейнічаючы разам дзеля клопату пра наш супольны дом”. Так што, да заўтра на наступным этапе нашае Сустрэчы. Чацвер, 30 снежня 2021 г., ТурынТут, у Турыне, гэты этап пілігрымкі быў падрыхтаваны па ініцыятыве розных мясцовых Цэркваў. І ад усёй душы хачу падзякаваць усім, хто месяцамі працаваў, каб усё прайшло як мага лепш. Тое, што мы падрыхтавалі гэтую сустрэчу разам з хрысціянамі розных Цэркваў, з’яўляецца выдатным сведчаннем еднасці: калі хрысціяне збіраюцца разам, яны могуць спрыяць братэрству чалавечае сям’і. Толькі што мы пачулі, што ў Евангеллі, якое мы чытаем, Езус заклікаў сваіх вучняў да еднасці. Ён сказаў, малюся “каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне”. Езус выразна кажа: адзінства ўсіх, хто верыць у Яго, з’яўляецца не толькі мэтай, але і ўмовай для таго, каб свет зразумеў Хрыста і даверыўся Яму. Якім жа чынам хрысціяне могуць заслугоўваць на давер пры абвяшчэнні Божае любові, калі яны застаюцца падзеленымі? Сярод прапаноў на 2022 год адна датычыцца пошуку адзінства сярод хрысціян. Пасярод выпрабаванняў, якія перажывае наш свет, вельмі важна было б часцей сустракацца ахрышчаным вернікам з розных Цэркваў для сумеснай малітвы, засяроджанай на Божым Слове. Дзякуючы такой малітве мы даведваемся, што Езус ужо яднае нас. Любоў Хрыста можа праявіцца значна ярчэй, калі мы пакорліва прызнаем, чаго нам бракуе, і калі мы адкрыемся на тое, што можам атрымаць адзін ад аднаго. У бліжэйшыя месяцы наступныя этапы Пілігрымкі Даверу на Зямлі таксама будуць характарызавацца гэтым пошукам еднасці чалавечае сям’і. Упершыню, з 8 па 15 траўня, у нас адбудзецца пілігрымка на Святую Зямлю, падрыхтаваная рознымі Цэрквамі і Экуменічным Інстытутам Тантур у Ерузалеме. Шчыра запрашаем вас; хрысціяне там з нецярпеннем чакаюць вашага візіту! Затым, на пачатку лета, мы запрашаем маладзёнаў, якія хацелі прыняць удзел у Еўрапейскае сустрэчы тут, у Турыне, асабіста прыехаць на сустрэчу з 7 па 10 ліпеня. Існуе таксама магчымасць, каб прыехаць у вёску Тэзэ да альбо пасля вашага побыту ў Турыне. А потым, роўна праз год, у нас пройдзе чарговая Еўрапейская сустрэча ў рэгіёне, дзе нас чакаюць ужо доўгі час: розныя хрысціянскія Цэрквы і цывільныя ўлады запрасілі нас, рыхтуючы цёплы прыём, нягледзячы на халодны клімат. Маўляў, вы здагадаліся: мы скіруемся на поўнач Еўропы і будзем рады быць з вамі ў Нямеччыне, на ўсходзе гэтае краіны, у горадзе Ростак. Нашая Сустрэча працягнецца: пасля гэтай апошняй малітвы ў Турыне заўтра ўвечары мы перадамо трансляцыю малітвы ўжо з Тэзэ. Яшчэ раз вялікі дзякуй усім, хто ў няпростых умовах зрабіў гэтую сустрэчу магчымай. І памолімся, каб гэты надыходзячы год быў годам супакою і надзеі! Пятніца, 31 снежня 2021 г., ТэзэСёння днём мы з некалькімі братамі вярнуліся з Турына да Тэзэ. Нягледзячы ні на што, мы былі вельмі шчаслівыя, што змаглі пражыць невялікую сустрэчу з моладдзю горада і наваколля, а таксама з прадстаўнікамі некаторых іншых краін. Вядома, нам сумна, што мы не змаглі прывітаць больш шырокіх колаў удзельнікаў, але санітарны кантэкст прымусіў нас тое ўчыніць, а сама Сустрэча была адменена, але толькі часткова: мы зноў сустрэнемся ў Турыне з 7 па 10 ліпеня з маладзёнамі, якія змогуць прыехаць з розных краін. Шчыра заахвочваю вас тое зрабіць! У Турын я прыехаў непасрэдна з выспы Лампедуза, дзе мы з адным з братоў правялі Каляды. Туды мяне запрасіла адна з манашак з супольнасці Малых сясцёр Езуса, якая жыве там разам са сваімі сёстрамі па абшчыне. Я надаль пад уражаннем таго, што мы дасведчылі там. Амаль штодня мігранты прыбываюць на востраў, куды іх забіраюць з мора лодкі берагавой аховы. Коўдра, шклянка вады, прыязны позірк, невялікі знак падбадзёрвання: наўрад ці разам з сёстрамі мы змаглі б зрабіць нешта большае, каб павітаць іх. Манашка з абшчыны падарыла нам крыж, зроблены з двух кавалкаў дрэва з разбітага чаўна. Сёння ўвечары і ў наступныя тыдні, калі будзем маліцца вакол нашае іконы Крыжа, мы пакладзем яго на гэты абраз. На гэтае выспе мы моцна адчуваем адзін з разломаў нашае чалавечнасці, паміж Еўропай і Афрыкай. Тут, у Еўропе, мы не можам пакінуць на волю лёсу гэтыя перыферыйныя месцы, куды прыбывае так багата мігрантаў. Выключна салідарнасць усяго кантынента забяспечыць адпаведны прыём, калі паважаецца годнасць тых, хто прыбывае. Мы сустрэлі лекара, які на працягу 28 гадоў дапамагаў прымаць мігрантаў на востраве, а цяпер займаецца палітыкай. Разам з іншымі людзьмі ён заклікае да развіцця эканамічнага партнёрства паміж Еўропай і Афрыкай. Варта памятаць, што разломы чалавецтва існуюць не толькі далёка, яны й на нашым парозе! Выйдзем жа па-за межы, каб заініцыяваць сяброўства. Тады мы ўбачым, як нашыя сэрцы адкрываюцца, пашыраюцца, становяцца больш чалавечнымі; мы адкрыем для сябе радасць. Для людзей веруючых практыкаванне братэрства неаддзельнае ад веры. Езус сказаў: “Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабіл” (Мц 25, 40). Сваім прыходам у свет Хрыстус Езус з’яднаўся з кожным чалавекам. На працягу года ў Тэзэ ды іншых месцах мы будзем разважаць тэматыку гэтага закліку: “Становячыся стваральнікамі адзінства”. Наколькі нам на тое дазволіць санітарная сітуацыя, будзьма праводзіць міжнародныя сустрэчы ў Тэзэ тыдзень за тыднем, а таксама два мерапрыемствы, на якія я вас ужо зараз запрашаю. У сярэдзіне ліпеня нас чакае чарговая сяброўская сустрэча паміж хрысціянскае і мусульманскае моладдзю. А напрыканцы жніўня тыдзень разважанняў для маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, сярод тэмаў, якія будуць прапанаваныя, плануецца цэлая праграма па ахове біяразнастайнасці. Крыху раней, у траўні, адбудзецца пілігрымка на Святую Зямлю, а ў канцы года — Еўрапейская сустрэча ў Нямеччыне, у горадзе Ростак. Сёння вечарам я хацеў бы асабліва прывітаць тых, хто перабывае з намі ў сеціве. Усе разам скіруйма совй позірк да Хрыста, бо Ён — святло свету. Молімся ж, каб Яго святло асвятляла нашыя сэрцы, сэрцы ўсіх людзей. |