Брат Алоіс на 2022 год

Становячыся стваральнікамі адзінства

Дапамога ва ўзрастанні адзінства ды стварэнне повязяў паміж людзьмі – гэта адны з самых вялікіх выклікаў сучаснасці. Тагачаснасць адзначаецца супярэчлівым развіццём падзей.

З аднаго боку, чалавецтва ўсё больш свядомае таго, наколькі людзі ўзаемазвязаны і злучаны з усім стварэннем. Пандэмія прымусіла нас да таго, каб ізноў зразумець, што мы адна чалавечая сям’я; мы ўсе разам перажываем пэўныя цяжкасці, і таму толькі разам можам іх пераадолець.

З іншага боку, свет становіцца ўсё больш палярызаваным – сацыяльна, палітычна ды этычна. Гэта вядзе да новых падзелаў у грамадстве, паміж краінамі, а нават у сем’ях. Ад гэтых антаганізмаў не застрахаваныя й хрысціяне. Паміж Цэрквамі, а нават у іх улонні, нарастае рознагалоссе, што вядзе да падзелаў, таму ў такі момант нашае сведчанне супакою ва ўсёй нашай разнастайнасці будзе жыццёва важным.

Сёння ў некаторых краінах узгаданы антаганізм спалучаецца з велізарнай стратай даверу да хрысціянскіх супольнасцяў, спавадаванай выяўленнем сексуальных злоўжыванняў і духоўнага гвалту, учыненымі іх прадстаўнікамі. Багата людзей убачылі, што іх давер быў здраджаны. У Тэзэ адносна гэтых сур’ёзных пытанняў, як і ў шэрагу іншых месцаў, апошнімі гадамі мы ўдзельнічаем у працэсе пошуку праўды. Таму мы прагнем зрабіць усё ад нас залежнае, каб Тэзэ было бяспечным месцам для кожнага чалавека (www.taize.fr/protection [http://www.taize.fr/protection]).

Царква пакліканая быць месцам сяброўства для ўсіх. З гэтае нагоды сёння патрэбнае радыкальнае навяртанне ў кірунку вернасці евангельскаму пасланню. Хрыстус сваёю любоўю, якая сягнула аж самаахвяравання, адкрыў новую крыніцу, з якой мы можам чэрпаць энергію, каб жыць нібы браты і сёстры, спрыяць годнасці кожнага чалавека ды клапаціцца аб стварэнні. Хрыстус просіць нас, каб праз нашую братэрскую еднасць мы былі знакам Ягонага прыйсця дзеля аб’яднання ўсіх людзей у Божае любові.

Мне б хацелася, каб гэтыя прапановы на 2022 год заахвоцілі нас да задавання сабе пытанняў: якую ролю мы можам адыграць, каб дапамагчы ўзрастаць еднасці ў чалавечае сям’і і ва ўсім стварэнні, з блізкімі нам людзьмі, у нашых Цэрквах і супольнасцях, а нават у нашых уласных сэрцах?

брат Алоіс

  • Кожная з шасці прапаноў суправаджаецца тэкстам, які мае паглыбіць нашыя разважанні. Гэтыя кароткія цытаты будуць паддадзены больш глыбокае рэфлексіі ў артыкулах на нашае старонцы, у падкастах, а таксама падчас семінараў, якія адбываюцца ў Тэзэ.
  • У сеціве да кожнай з гэтых шасці прапаноў будуць апублікаваныя біблійныя спасылкі і камэнтары. Яны паслужаць натхненнем для выбару тэкстаў з Пісання падчас біблійных уводзінаў у Тэзэ.

Першая прапанова | Атрымліваючы, цешымся

Усе мы можам зрабіць свой унёсак у будучыню для міру і адзінства ў чалавечае сям’і. Гэта распачынаецца з адносін, якія мы будуем адно з адным. Варта клапаціцца адно пра аднаго, пра нашыя сем’і, пра нашых крэўных ды сяброў, асабліва ў час выпрабаванняў.

Адзінства чалавечае сям’і таксама ўзмацняецца за кожным разам, калі мы адкрываемся на тых, хто паходзіць з адрознага ад нас асяроддзя. Ці можам мы часцей выходзіць насустрач іншым, у тым ліку тым, да каго б мы не падышлі знянацку? Часта мы будзем здзіўленыя, калі атрымаем ад іх тое, чаго ніколі не маглі сабе ўявіць.

Калі мы не дазволім нашым ваганням або страху спаралізаваць нас, нам будзе даравана цешыцца з таго, што атрымліваем. Праз стасункі з іншымі мы адкрываем уласную тоеснасць, і тое можа дапамагчы нам пазбавіцца ўнутранага смутку і надаць сэнс нашаму існаванню.

У адной з прыпавесцей, якую распавёў Езус, параненаму дапамагае незнаёмец, які праходзіў побач. Робячы гэта, той чалавек рызыкаваў выйсці па‐за межы этнічных, палітычных і рэлігійных бар’ераў. Ці ў той дзень гэты спантанічны ўчынак, дзякуючы якому ён стаў бліжэй да параненага, не напоўніў сэнсам яго жыццё? Да гэтага часу мы памятаем і натхняемся гэтай постаццю, “добрым самаранінам” (Лукі 10, 29‐37).

“Убунту – адна з прымавак у нашай краіне – істота быць чалавекам. Убунту перадусім кажа пра тое, што вы як чалавек не можаце існаваць адасоблена. Тое сведчыць пра нашую ўзаемасувязь. Мы занадта часта лічым сябе адасобленымі адзінкамі, аддзеленымі адна ад адной, у той час як вы звязаны, а тое, што вы робіце, уплывае на ўвесь свет”. – Словы англіканскага арцыбіскупа‐сеньёра Дэсманда Туту, істотнай постаці барацьбы з апартэідам і за прымірэнне ў Паўднёвае Афрыцы.

Другая прапанова | Падтрымліваючы дыялог

Дапамога ва ўзрастанні адзінства патрабуе перадусім стварэння сувязяў даверу. Але занадта часта чалавечыя рэляцыі загрожаныя недаверам. Вербальны гвалт усё часцей сустракаецца ў публічных дэбатах і ў сацыяльных сетках, а людзі маніпуляваныя страхам. Як мы павінны рэагаваць на гэтакія адхіленні?

Мы можам выбраць паставу слухання і дыялогу. Гэта не значыць сказаць некаму, што мы падзяляем іх меркаванне, калі гэта не так, але замест гэтага рабіць хутчэй усё магчымае, каб працягваць размову з тымі, хто думае інакш, чым мы. Спрабуйма зрабіць усё ад нас залежнае, каб пазбегнуць зрыву дыялогу.

Учыньма, каб ніколі й нікому не наклейваць ярлыкоў ды ніколі не мець прадузятасці. Нікога не варта змушаць да пэўнага дзеяння або меркавання. Нават радыкальную нязгоду можна выказаць без агрэсіі, хаця часам, трэба прызнаць, перад абліччам сітуацыі несправядлівасці, трэба праявіць гнеў.

Існуе рэфлекс абароны ўласнае тоеснасці, што паглыбляе падзелы ў нашых грамадствах; тое таксама датычыць хрысціянскіх супольнасцяў. Замест таго, каб супрацьпастаўляць сябе ў апазіцыі да іншых, ці змаглі б мы ўмацняць тоеснасць і пачуццё прыналежнасці, якія б не выключалі адкрытасці на іншых?

“Самае сапраўднае і блізкае сяброўства можа існаваць паміж людзьмі, якія па-рознаму ставяцца да істотнае матэрыі. Натуральна, тое мае элемент болю, але гэта чыніць нашага сябра яшчэ больш дарагаім для нас”. – Словы французскага філосафа Жака Марытэна, 1970 г.

Трэцяя прапанова | Усе мы браты і сёстры

Дапамога ва ўзрастанні адзінства азначае адмову ад сацыяльнае няроўнасці. Пэўныя палярызацыі сваімі каранямі сягаюць выключэння, ад якога пакутуюць або адчуваюць вельмі многія людзі, а нават цэлыя народы.

З хрысціянамі ўсіх Цэркваў, з вернікамі розных рэлігій, з жанчынамі і мужчынамі добрай волі, якія не вераць у Бога, мы можам быць салідарнымі з людзьмі, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы, з маргіналамі, з мігрантамі, чые жыццёвыя шляхі часта былі адзначаны вялікімі пакутамі.

Жыццё нібы браты і сёстры пачынаецца з нашага парога. Ствараючы сяброўства, варта выйсці па‐за межы падзелаў. І мы ўбачым, што нашыя сэрцы стануць больш адкрытымі, шырэйшымі, больш чалавечымі. Ці мы свядомыя таго, наколькі наш асабісты лад жыцця можа быць уплывовы нават на іншым канцы зямлі?

Для вернікаў жыццё нібы браты і сёстры неадрыўнае ад веры. Езус сказаў: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мацвея 25, 40). Прыходзячы на свет, Хрыстус Езус з’яднаўся з кожным чалавекам. Мы набліжаемся да Яго, калі крочым насустрач тым, каго параніла жыццё; яны дазваляюць нам увайсці з Ім ў больш глыбокія адносіны.

“Самы вялікі выклік тагачаснасці: як здзейсніць рэвалюцыю сэрца, рэвалюцыю, якая павінна пачацца з кожнага з нас. Калі мы пачынаем займаць самае нізкае месца, мыць ногі іншым, любіць нашых братоў і сясцёр той пякучай любоўю, тым запалам, які прывёў да крыжа, тады мы сапраўды можам сказаць: «Цяпер я пачаў»”. – Словы амерыканскае журналісткі Дораці Дэй, актывісткі барацьбы за правы чалавека, 1963 г.

Чацвёртая прапанова | Салідарнасць з усім стварэннем

Сёння мы больш выразна бачым адзінства стварэння. Узаемазалежнасць усіх жывых істот прымушае нас усвядоміць, што мы, у пэўным сэнсе, сёстры і браты ўсіх істот. Для вернікаў нашая цудоўная планета – гэта дар, які Бог даручыў нам, дар, які мы маем перадаць наступным пакаленням.

Сёння мы бачым, наколькі праз дзейнасць чалавека аслабленая планета. Апошнім часам экалагічныя катастрофы і надзвычайныя кліматычныя з’явы закранулі багата рэгіёнаў свету. З‐за гэтых крызісаў усё больш людзей будуць вымушаныя пакінуць сваю радзіму, якая стала непрыдатнай для пражывання. Цягам апошніх дзесяцігоддзяў вялікая колькасць даследаванняў папярэджвае нас аб знішчэнні біяразнастайнасці.

Перад абліччам гэтых надзвычайных экалагічных сітуацый вырашальнае значэнне маюць рэакцыі палітыкаў, інавацыі навукоўцаў і паставы грамадства. Багата маладзёнаў бяруць на сябе мужныя абавязацельствы, але, і тое праўда, некаторыя з іх сутыкаюцца з расчараваннем і гневам – і гэта зразумела.

Але мы не павінны падаць духам з гэтай прычыны! Часцей за ўсё перамены пачынаюцца «амаль з нічога». Для вернікаў вера ў Бога стымулюе ангажаванне і веру ў здольнасці людзей рэагаваць на гэтыя крызісы. Ці не варта запытацца ў саміх сябе: які канкрэтны крок, якім бы сціплым ён ні быў, я магу зрабіць у найбліжэйшае будучыні, каб пачаць альбо паглыбіць экалагічнае навяртанне?

“Усе мы – хто б і дзе б мы ні знаходзіліся – можам адыграць сваю ролю ў змене нашае супольнае рэакцыі на беспрэцэдэнтную пагрозу змены клімату і дэградацыі навакольнага асяроддзя. Клопат аб Божым стварэнні – гэта духоўнае даручэнне, якое патрабуе выразнай паставы. Надыйшоў крытычны момант. Ад гэтага залежыць будучыня нашых дзяцей і будучыня нашага супольнага дома”. – Сумесная заява Папы Францішка, Патрыярха Барталамея і арцыбіскупа Кентэрберыйскага Джасціна Уэлбі, 1 верасня 2021 г.

Пятая прапанова | Запал да хрысціянскага адзінства

Пошук адзінства з’яўляецца сур’ёзным выклікам для хрысціян. Ці мы здольныя быць ферментам братэрства, калі надаль утрымліваюцца нашыя падзелы? Унікальную крыніцу еднасці мы знаходзім у Хрысце (Яна 17, 20‐21; Эфесцаў 2, 14). Аддаючы сваё жыццё на крыжы, Ён сягнуў самае далёкае ступені любові, якая разбурае нянавісць і бар’еры паміж людзьмі.

Евангелле заклікае нас выйсці за межы падзелаў і сведчыць аб тым, што еднасць магчымая ў вялікай разнастайнасці. Ці ж бы не было тое асабліва важным ўнёскам, да якога запрошаныя хрысціяне, каб чалавечая сям’я магла жыць разам нібы браты і сёстры? Гэтакі кшталт сведчання больш вымоўны, чым словы.

Евангелле надае нам імпэту развіваць мастацтва стварэння еднасці. Усе мы, дзе б мы ні знаходзіліся, можам быць стваральнікамі адзінства, будуючы повязі слухання і сяброўства.

У дыялогу паміж хрысціянскімі канфесіямі неабходна сур’ёзна ставіцца да адрозненняў, якія засталіся, памятаючы пра істотнасць тэалагічных даследаванняў. Але дыялог сам па сабе не вядзе да бачнага адзінства.

Каб крочыць наперад, мы, ахрышчаныя члены розных Цэркваў, павінны часцей збірацца разам на супольную малітву, сканцэнтраванай на Божым Слове. Хто ведае? Святы Дух можа здзівіць нас. Мы можам адкрыць, што Езус з’яўляецца тым, хто аб’ядноўвае нас, што любоў Хрыста можа праявіцца значна ярчэй, калі мы пакорліва прызнаем, чаго нам бракуе, калі мы адкрываемся на тое, што можам атрымаць ад іншых.

“Істотным з’яўляецца прымаць даванне і атрыманне адзін ад аднаго. Не дзеля таго, каб упасці ў дагматычны рэлятывізм, але каб дасягнуць пункту, калі мы разумеем, што сутнасць апостальскае веры можа быць выказана ў розных, але збліжаных лініях. І ў рэшце спадзявацца ды чакаць новага спаслання Духа, будучы гатовым яго прыняць”. – Словы праваслаўнай тэолаг Элізабэт Бэр‐Сіжэль, 1986 г.

Шостая прапанова | Няхай Бог аб’яднае нашыя сэрцы

Дапамога ва ўзрастанні адзінства патрабуе ангажавання ўсёй нашай істоты, якая пачынаецца ў нашым сэрцы. Словамі спрадвечнага псальма наша малітва ўзносіцца да Бога: “Умацуй сэрца маё ў страху імя Твайго” (Псальм 86, 11).

Кіруючыся да ўнутранага адзінства, ці не варта часам упарадкаваць нашыя прагненні, усведамляючы, што мы не зможам усяго ані зрабіць, ані дасведчыць? Калі перад намі багата магчымасцяў, спрабуйма распазнаць, якія з іх найбольш вядуць да супакою, святла і шчасця.

У нас ёсць глыбокая прага супольнасці і еднасці, якая прыходзіць да нас ад Бога, а выказаць тое мы можам у малітве. Застаючыся ў цішыні сам‐насам з Богам, нават малая колькасць слоў дапамагае нам знайсці сэнс жыцця і аднаўляе нашу гатоўнасць дазволіць Святому Духу дзейнічаць у нас.

Каб знайсці адзінства сэрцаў, пэўны шлях заўсёды магчымы: звяртаючы свае вочы да Хрыста Езуса, вучыцца больш пазнаваць Яго, давяраючы Яму нашыя радасці і беды. Нават у разгар цяжкасцей, нават з вельмі малое ўпэўненасцю адносна будучыні, крок за крокам мы можам працягваць гэты наш шлях, веруючы, што праз Святога Духа ўваскрослы Хрыстус заўсёды з намі.

“Увайсці ў цішыню азначае слухаць Бога, пазбаўляючыся ўсяго, што перашкаджае нам слухаць ці чуць Бога. Тое значыць слухаць Бога, дзе б Ён ні выказваў сваю волю, у малітве, але й па-за прастораю малітвы. Гэтае маўчанне патрэбна нам, каб выконваць Божую волю, маўчанне, якое пашыраецца дзякуючы нашае іншае паставе, і якім мы так грэбуем... альбо тое, чым мы пагарджаем з-за няведання – ўспамінамі. Мы павінны «збіраць» сляды, падказкі, запрашэнні, загады Божае волі, нібы земляроб, які назапашвае ўраджай у свіране, нібы даследчык, які грамадзіць вынікі эксперыменту”. – Словы французскае пісьменніцы і грамадскае дзяячкі Мадлен Дэльбрэль, 1968 г.

Буклет з Прапановамі на 2022 г. у фармаце PDF

PDF - 361.2 кб

Printed from: https://www.taize.fr/be_article32912.html - 27 May 2022
Copyright © 2022 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France