Разважанне брата Алоіса

“Святы Дух чыніць з нас стваральнікаў супакою і еднасці”.

Субота, 11 чэрвеня 2022 г.

Як я цешуся, што мы разам падчас гэтага тыдня Пяцідзесятніцы! Пандэмія пакінула адбітак на ўсіх нас, часта нас ізалявала, таму цяпер мы ўсё глыбей адчуваем прыгажосць магчымасці сустрэцца разам.

Мы, браты, вельмі радыя вітаць вас, асабліва на супольных малітвах. І нам бы хацелася, каб усе, хто ўваходзіць у гэты Храм Паяднання, адчулі, што нас прымае сам Бог.

Малітва не з’яўляецца абавязкам. Але яна робіць нас здольнымі да таго, каб атрымаць Божую любоў, а таксама выражае нашу любоў, прагу гэтае любові. Гэта чыніць з нас людзей, адкрытых на іншых і рыхтуе браць на сябе абавязкі.

Разам з тым калі мы, браты, прымаем вас тут, у Храме, я павінен адразу дадаць, што вы таксама сваёю прысутнасцю і сваім удзелам падтрымліваеце нашую малітву. У Царкве мы ўсе маем патрэбу адно ў адным. У Царкве існуюць розныя задачы і функцыі, але ёсць толькі адзін гаспадар — Езус Хрыстус.

Так, мы патрэбныя адно аднаму, каб узрастаць у даверы да Бога. Мы жывем у час разнастайных пагроз, якія могуць выклікаць у нас пачуццё страху, такіх як кліматычныя катастрофы і крызіс біяразнастайнасці, а цяпер яшчэ й вайна ў так блізкай нам Украіне.

Мне здаецца, што давер да Божае прысутнасці ды Божае любові становіцца яшчэ больш важным не дзеля таго, каб звесці да мінімуму праблемы, але дзеля таго, каб супрацьстаяць ім. Малітва дазваляе нам не ўцякаць ад цяжкасцяў.

Падчас першае Пяцідзесятніцы ўсе вучні Езуса сабраліся на малітве, каб чакаць «моц з вышыні». І мы сабраліся ў той жа інтэнцыі. Мноства маленькіх свечак, якія мы запалілі раней, з’яўляюцца сімвалам глыбокае праўды: Святы Дух дае нам унутранае святло.

Дух Святы — гэта любоў і ўнутранае святло, а таксама подых стала прысутнага жыцця. Таксама як наш подых змушае нас да жыцця, нават калі мы гэтага не ўсведамляем, так і Святы Дух змушае нас жыць у кожны момант, нават калі мы гэтага не ўсведамляем. І існуе сувязь паміж нашым фізічным дыханнем і Божым подыхам унутры нас. Пэўная асоба ў сваёй метафары зайшла так далёка, што сказала, што нашае дыханне — гэта сакрамэнт Духа Святога.

Нібы подых жыцця, Святы Дух ажыўляе ўсё стварэнне. Прыемна ўсведамляць, што мы, людзі, звязаны з усім, што існуе. І Біблія кажа нам, што стварэнне стогне і чакае, як мы, вызвалення. Так падвойма ж нашыя намаганні, каб клапаціцца пра нашую цудоўную планету.

Пры ўсёй нашай разнастайнасці Святы Дух яднае нас адно з адным ды з Езусам. Нішто не можа адлучыць нас ад Хрыста Езуса, ні зло, ні сучаснасць, ні будучыня, ні смерць, ні нават грэх, калі мы гэта прызнаем.

Такім чынам, Святы Дух чыніць з нас стваральнікаў супакою і еднасці. У нашых сем’ях, у нашых мясцовасцях, на нашых працоўных месцах, у школе ці ўніверсітэце, а таксама ў нашых цэрквах мы можам звярнуцца да іншых, зацікавіцца імі. Перадусім, мы можам звярнуцца да тых, хто праходзіць праз час выпрабаванняў.

Велізарная шчодрасць, з якой мільёны ўкраінскіх бежанцаў былі прынятыя ў розных краінах Еўропы, паказвае вялікі патэнцыял адкрытасці і гуманізму. Але нам бы хацелася, каб тая шчодрасць пералівалася таксама на іншых людзей, што знаходзяцца ў патрэбе, напрыклад, на бежанцаў з іншых краін.

Шчодрасць азначае матэрыяльную дапамогу, але не толькі. Асабістая сустрэча з тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе, — незаменна. Наконадні ў нас быў шанец атрымаць такі досвед: тры браты паехалі сустрэцца з украінскімі бежанцамі ў Польшчу, Чэхію і Славаччыну, акрамя таго атрымалася наведаць й саму Украіну — Львоў ды Кіеў. Яны павезлі з сабою плёны салідарнага ахвяравання, але зразумелі, што асабісты кантакт не менш важны, як і матэрыяльная дапамога. Для людзей, якіх наведалі браты, гэта было падбадзёрваннем і знакам таго, што яны не забытыя.

Той самы вопыт мы атрымалі літаральна тры тыдні таму, падчас нашае пілігрымкі на Святую Зямлю. Нас з 300 маладзёнамі з розных краін там прымалі хрысціяне. Іх там усё меней і меней; многія вымушаныя былі пакінуць сваю айчыну. Такія візіты, знакі салідарнасці, неабходныя, каб дапамагчы ім вытрываць у гэтае сітуацыі.

Адважымся ж здзяйсняць такія візіты да людзей вакол нас, дзе мы жывем. Менавіта тады нараджаецца радасць. Гэта спосаб выказаць нашую веру ў Хрыста, які прыйшоў з’яднаць усю чалавечую сям’ю. А таксама гэта спосаб на аднаўленне жыцця нашых цэркваў.

Printed from: https://www.taize.fr/be_article33993.html - 3 February 2023
Copyright © 2023 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France