Спецыяльная праграма тыдня разважанняў

Біяразнастайнасць - іншы экалагічны крызіс

З 21 па 28 жніўня 2022 г. у рамках тыдня разважанняў для маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў будзе прапанаваны спецыяльны расклад праграмы для маладзёнаў, якія жадаюць заняцца тэмаю аховы біяразнастайнасці. Спецыяльны дадатак падчас тыдня рэфлексіі прапанаваны ўжо трэці раз - першыя дзве тэмы былі прысвечаныя міграцыі і кліматычнаму крызісу. Як і ў мінулыя гады, у рамках тыдня разважанняў будзе прапанавана вялікая колькасць майстар-класаў па самых розных тэмах.

У якім фармаце пройдзе гэты спецыяльны тэматычны курс?

Гэтая тэма будзе разглядацца з розных пунктаў гледжання - навуковага, духоўнага, філасофскага, палітычнага, з удзелам экспертаў з усіх гэтых розных галінаў. Штораніцы будуць адбывацца ўводзіны да Бібліі ды іншыя духоўныя мерапрыемствы. У другой палове дня прапанаваная тэма будзе вывучацца больш глыбока з шырокім спектрам круглых сталоў, лекцый ды інтэрактыўных семінараў. У розны час на працягу тыдня будуць арганізаваныя групы дзялення для паглыблення разважанняў.

Чаму была абрана менавіта гэтая тэма?

Вы калі-небудзь чулі пра вялікага пінгвіна? Ці пра тасманійскага тыгра? Ці пра белага дэльфіна Байдзі або дронта? Гэтыя жывёлы паходзяць з розных частак свету, і вы, напэўна, ніколі пра іх не чулі, але іх аб’ядноўвае адна рэч: яны вымерлі.

За апошнія 50 гадоў сусветная папуляцыя жывёл скарацілася амаль на 70%. За апошнія 100 гадоў вымерла 900 гатункаў. Сёння больш за 35 000 гатункаў знаходзяцца пад пагрозаю знікнення. Гэтыя лічбы сапраўды ўражваюць. Страта біяразнастайнасці на нашае планеце пагражае не толькі асобным гатункам, бо яна закранае ўсіх нас, у кожнае краіне ды рэгіёне свету.

Фактычна, біяразнастайнасць мае важнае значэнне для працэсаў, якія падтрымліваюць усё жыццё на зямлі, у тым ліку жыццё людзей. Без шырокага спектру жывёл, раслін ды мікраарганізмаў мы не можам мець здаровыя экасістэмы, якія мы выкарыстоўваем, каб забяспечыць сабе паветра, якім мы дыхаем, ежу, якую мы ямо, і гэтую зямлю, якую вернікі называюць Божым стварэннем.

Хто будзе сярод запрошаных гасцей?

Хаця спіс прамоўцаў яшчэ абнаўляецца, вось некаторыя імёны пацверджаных дакладчыкаў:

  • • Катрын Бёнінг-Газэ, біёлаг, дырэктар Цэнтру даследаванняў біяразнастайнасці і клімату Зенкенберга (Нямеччына)
  • • Філіп Ламбэр, дэпутат Еўрапарламента (Бельгія)
  • • Дамінік Бург, філосаф (Швейцарыя)
  • • Андрэас Штрайт, чыноўнік ААН, Сакратарыят Пагаднення аб захаванні папуляцый еўрапейскіх рукакрылых (Нямеччына)
  • • Адэлаіда Шарлье, кліматычная актывістка (Бельгія)
  • • Роберт Бейер (Факультэт заалогіі Кембрыджскага ўніверсітэта, Нямеччына/Ангелія)
  • • Каралін Інгран-Хофет, пратэстанцкі пастар (Францыя)
  • • Кірылі Рыд, англіканскі пастар (Злучанае Каралеўства)
  • • Ёханэс Хэрман, арнітолаг (Францыя)
  • • Эва Смук-Стратэнверт, дырэктар Народнага экалагічнага ўніверсітэта і Таварыства Ziarno (Польшча)
  • • Джакама Дзаціні (рух Пятніцы для будучыні, Італія)
  • • Лаура Маразіні і Ан Дутрыо, рух Laudato Si’, (Францыя)
  • • Ліза Хілс да Сілва, псіхолаг (Нямеччына)
  • • Жанна Барэйр, Кампанія EcoAct (Францыя)
  • • Магда Кадзяк, рух Laudato Si’ (Польшча)

Printed from: https://www.taize.fr/be_article34294.html - 21 September 2023
Copyright © 2023 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France