Разважанне брата Алоіса
Быць у стане прыняць адметнасць іншыхЧацвер, 28 ліпеня 2022 г. Для нас, братоў, вялікая радасць зноў бачыць вас у Тэзэ ў такой вялікай колькасці з Еўропы і нават з іншых краін, са Злучаных Штатаў, Карэі ды іншых месцаў. Шчыра вітаем усіх вас! Асабліва хочацца прывітаць маладых валанцёраў, якія праводзяць тут больш працяглы час. Яны паходзяць з розных краін Еўропы, а таксама з шэрагу дзяржаў Афрыкі, Лацінскае Амерыкі і Азіі. Дзякуй усім гэтым маладым валанцёрам, чыя прысутнасць ды заангажаванне дазваляюць нам прымаць вас тут на працягу тыдня. Як вы ведаеце, у гэтым годзе мы вырашылі паглыбіць тэму адзінства ў розных яе вымярэннях: адзінства чалавечае сям’і і ўсяго стварэння, еднасць Царквы, а таксама еднасць кожнага з нас з самім сабою. Дзеля таго, каб паразважаць над гэтае тэматыкаю, у тэксце Прапаноў на гэты год “Становячыся стваральнікамі адзінства” вы знойдзеце некалькі рэфлексій. У першых дзвюх частках гэтага тэксту гаворка ідзе пра сустрэчы і дыялог з людзьмі, якія паходзяць з іншых слаёў грамадства, або з тымі, хто мае розныя ідэі ці погляды на жыццё, адрозныя ад нашых. Прасцей кажучы, мне здаецца важным тое, каб дыялог не быў спынены з прычыны нашае адмовы прыслухацца да іншага спосабу мыслення. Ці лёгка гэта? Вядома, што не. Нядаўна адзін маладзён сказаў мне, як складана было мець чалавека ў яго невялікай групе, чые думкі на многія тэмы ён зусім не падзяляў. Але менавіта на гэтым й палягае выклік: ці здольныя мы падтрымліваць дыялог нават тады, калі часам мы не згаджаемся па істотных пытаннях? Дыялог менавіта тады яшчэ больш важны, калі існуюць рознагалоссі. Зразумела, гаворка не ідзе пра рэлятывізацыю адрозненняў або прыняцце спосабаў размовы, якія супярэчаць нашым самым глыбокім перакананням. Мая свабода не пагаджацца з іншымі павінна быць захаваная. Узгадайма стаўленне Езуса, які мог сустракаць людзей з вельмі розных слаёў грамадства. Аднойчы Ён сказаў сваім вучням такія словы, якія ім, напэўна, было цяжка ажыццявіць: “Калі вы будзеце любіць тых, хто любіць вас, якую маеце ўзнагароду? Ці ж не тое самае робяць і мытнікі? І калі вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце?” (Мацвея 5, 46-48) Нядаўна ў нас была магчымасць перажыць цудоўны досвед дыялогу, дзякуючы пятае «Сяброўскае сустрэчы паміж хрысціянскае і мусульманскае моладдзю», з удзелам каля сотні маладых людзей і выступоўцаў з абедзвюх рэлігій. Я быў глыбока крануты даверам гэтых маладых мусульман, якія вырашылі правесці гэтыя некалькі дзён у Тэзэ. Безумоўна, іх давер нашмат палягчаў дыялог, але мы бачылі й глыбокія рознагалоссі паміж намі. Бо для абодвух бакоў балюча, што скарб нашае веры не можа быць цалкам атрыманы і падзелены з іншымі. І ўсё ж падчас гэтае сустрэчы мы зноў пераканаліся, што сапраўднае сяброўства магчыма! Вось што выказаў французскі філосаф Жак Марытэн наступнымі словамі, прыточаных у нашых сёлетніх Прапановах: “Самае сапраўднае і блізкае сяброўства можа існаваць паміж людзьмі, якія па-рознаму ставяцца да істотнае матэрыі. Натуральна, тое мае элемент болю, але гэта чыніць нашага сябра яшчэ больш дарагаім для нас”. Для тых з нас, хто ідзе па слядах Езуса, мне здаецца, што менавіта ў імя нашае веры мы можам весці дыялог. Некаторыя баяцца, што дыялог прывядзе да страты нашае ідэнтычнасці, але не варта баяцца! Калі мы маем паўнавартаснае духоўнае жыццё, мы зможам прыняць адметнасць іншых, іх іншасць у дабрыні і даверы. У гэты перыяд, калі наш свет часта скалынаецца ад лютасці, і калі вайна працягвае расхістваць еўрапейскі кантынент ва Украіне, неабходна тэрмінова зрабіць усё магчымае, каб сказаць, што рэлігіі не жадаюць гвалту, але імкнуцца быць фактарамі міру, сяброўства і братэрства паміж усімі людзьмі. Я спадзяюся, што гэтыя дні ў Тэзэ дазволяць кожнаму з нас перажыць такое ўзрастанне сэрца. Тады мы зможам прымаць адно аднаго, дазволім іншым прымаць нас – чалавеку насупраць мяне, незнаёмцу, таму, хто адрозніваецца ад мяне. Менавіта ў гэтым духу мы будзем працягваць нашую «Пілігрымку Даверу на Зямлі» праз сустрэчы тут, у Тэзэ. А напрыканцы года мы сустрэнемся ў Нямеччыне, у прыгожым горадзе Ростак на Балтыйскім моры, падчас чарговае Еўрапейскае сустрэчы [https://www.taize.fr/ecrire/?exec=rubrique&id_rubrique=3710]. А зараз дзіця пералічыць назвы краін, прадстаўнікі якіх перабываюць гэтым тыднем на пагорку - краін, якія прадстаўленыя вялікае колькасцю асобаў, а дзеці будуць раздаваць кветкі. Ёсць кветкі для жыхароў Мексікі, Гватэмалы, Нікарагуа, Эквадора, Калумбіі, Бразіліі і Аргенціны. Таксама для тых, хто прыбыў са Швецыі, Даніі, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі, РФ, Польшчы, Вугоршчыны, Румыніі, Сербіі, Вялікае Брытаніі, Ірландыі, Джэрсі і Кіпра. Для гасцей з Гішпаніі, Андоры, Партугаліі, Італіі, Францыі, Швейцарыі, Бельгіі, Люксембурга, Нідэрландаў, Нямеччыны, Аўстрыі, Харватыі, Славеніі, Чэхіі і Украіны. Для моладзі з Карэі, КНР, Ганконга, Малайзіі, Камбоджы, В’етнама, Тайланда, Бангладэш і Індыі. Для прыбылых са ЗША, Канады і выспаў Кірыбаці. Для жыхароў Егіпта, Алжыра, Беніна, Буркіна-Фасо, Нігерыі, Чада, Судана, Конга-Кіншасы, Кеніі, Танзаніі, Уганды, Зімбабвэ і Паўднёвае Афрыкі. Мы таксама перадаем кветкі для арцыбіскупа Жаана Энрыка Вівеса з Сеу-д’Уржэля ў Андоры, арцыбіскупа Жан-Поля Веска з Алжыра і біскупа Дэвадхара з амерыканскае Метадысцкае Царквы. |