Разважанне брата Алоіса

Дазвольма святлу Божае любові перамяніць нас

Вялікая радасць для нас зноў бачыць такую колькасць вас у гэтым Храме Паяднання! У гэтыя дні спаўняецца роўна шэсцьдзесят гадоў, як гэты Храм, дзе мы молімся, быў урачыста адкрыты.

Многія з вас прыехалі ў Тэзэ ўпершыню пасля двух гадоў, адзначаных пандэміяй. Я шчыра спадзяюся, што гэты побыт прынясе вам супакой Хрыста і радасць.

На гэтым тыдні тут перабываюць маладыя людзі і сем’і з Турына, якія нядаўна так цёпла віталі нас падчас нашае Еўрапейскае сустрэчы ў гэтым горадзе. Акрамя таго ёсць група з рэгіёна Ростак на поўначы Нямеччыны, на Балтыйскім моры, куды мы паедзем напрыканцы года. Сардэчна вітаю вас усіх!

Учора ў малых групах вы абмяркоўвалі пэўнае загадненне: прысутнасць у Евангеллі даволі моцнага закліку да паўсюднага братэрства. Такім чынам, для тых з нас, хто з’яўляецца вернікамі, братэрства неаддзельнае ад веры. Езус сказаў: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабіл” (Мц 25, 40).

Праз сваё прыйсце на свет Хрыстус з’яднаўся з кожным чалавекам. Мы набліжаемся да Яго, калі звяртаемся да тых, каго параніла жыццё; гэтыя людзі дазваляюць нам увайсці ў больш глыбокія адносіны з Езусам. І не забываймася: жыць братэрствам азначае даваць, але й атрымліваць таксама ад іншых.

Як вы маглі прачытаць у трэцяй прапанове, якія я сфармуляваў на 2022 год, мне здаецца, што сёння мы пакліканы жыць менавіта такім братэрствам “з хрысціянамі ўсіх Цэркваў, з вернікамі розных рэлігій, з жанчынамі і мужчынамі добрай волі, якія не вераць у Бога”.

Гэты досвед паўсюднага братэрства некаторыя з вас могуць адчуць у сваім блізкім атачэнні альбо таксама часам выязджаючы ў іншую краіну на час валантарыяту. У многіх маладзёнаў я бачу прагу да заангажавання, здольнасць не заставацца пасіўнымі перад абліччам сур’ёзных выпрабаванняў, праз якія праходзіць наша чалавечая сям’я!

На гэтым тыдні прыехалі некалькі груп бежанцаў з Украіны. Усе мы адчуваем вялікі боль, што трагедыя вайны працягвае скалынаць наш еўрапейскі кантынент. Адначасова мне б хацелася таксама сказаць, наколькі ў Тэзэ мы ўражаны шчодрым прыёмам, які так шмат людзей аказалі тым, хто быў вымушаны пакінуць сваю краіну. Гэта выдатная праява салідарнасці. Нам бы хацелася выказаць сваю блізкасць да ўкраінцаў, якія прысутнічаюць тут на гэтым тыдні.


І яшчэ адно апошняе слова. На гэтым тыдні, у суботу 6 жніўня, мы адзначаем свята, якое асабліва падкрэсліваюць усходнія хрысціяне: свята Перамянення Пана. Урачыстасць нагадвае пра той момант з жыцця Езуса, калі, падняўшыся на гару, каб памаліцца з трыма сваімі вучнямі, Яго твар раптам змяніўся, а вучні ўбачылі Яго ў неапісальным святле.

Па факце, вучні раптоўна ўбачылі, кім насамрэч з’яўляецца Езус. Той, за кім яны вырашылі крочыць, сам цяпер збіраецца дайсці да крайнасці пакут. І цяпер Ён ззяе перад імі Божым святлом, Ён перамяняецца. Вучні адкрываюць, што Ён перабывае ў таямнічае роднасці і блізкасці з Богам.

Але якім чынам тая падзея прамаўляе сёння да нас? Езус запрашае ўсіх нас, каб прынамсі праз хвіліну суправаджаць Яго разам з вучнямі на гары Табор. Там, на гары, Ён не толькі дае нам зразумець, што Ён сам напоўнены Божым святлом, але таксама дае зразумець, што хоча дзяліцца гэтым святлом з кожным з нас.

Гледзячы на ​​перамененага Езуса, святло, якога свеціць у цемры, мы разумеем, што быць хрысціянінам азначае дазволіць сабе быць перамененым святлом Божае любові. Калі падчас малітвы мы спаглядаем на святло перамененага Хрыста, яно пасяляецца ў нашых сэрцах. А Бог таксама кажа нам, што мы Яго ўмілаваныя дзеці. І кажа ён гэта кожнаму з нас без выключэння.

Printed from: https://www.taize.fr/be_article34417.html - 19 April 2024
Copyright © 2024 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France