Пасланне на 2023 год

2023: Духоўнае жыццё і салідарнасць

Дзе мы можам знайсці крыніцу паўсюднага братэрства нашае чалавечае сям’і, усяго стварэння? З уплывам часу ў духоўных традыцыях народаў зямлі склаліся розныя адказы на гэтае пытанне.

Для хрысціян надышоў час глыбей зразумець уласную веру. Не дзеля таго, каб выставіць сябе наперад ці сцвярджаць, што ў нас ёсць адказы на ўсе пытанні, але каб больш эфектыўна далучыцца да супольнага пошуку з тымі, хто не хоча проста скарыцца свайму лёсу, але хто вырашыў працаваць над вялікімі выклікамі сучаснасці. Гэтае пасланне на 2023 год імкнецца вызначыць напрамкі дзеянняў, якія дапамогуць аднавіць хрысціянскае жыццё ў наш час.

«Малітва і праведныя ўчынкі». У жудасныя гады Другой сусветнай вайны у пастара Дзітрыха Банхёфера [1] была пэўная інтуіцыя. Знаходзячыся ў зняволенні, ён разважаў аб істотных аспектах хрысціянскага жыцця. Пасярод трагедыі вайны ён заняў стасоўную пазіцыю. У цемры сваіх часоў ён выразна бачыў:

Нашае хрысціянскае існаванне сёння будзе засяроджана выключна на дзвюх рэчах: малітве і праведных ўчынках сярод людзей. Усё хрысціянскае мысленне, абмеркаванне і арганізацыя павінны нанава нарадзіцца з гэтае малітвы ды ўчынкаў.

Як мы можам перанесці гэтую інтуіцыю на сённяшні дзень? Кожны можа даць свой адказ. У Тэзэ мы б сказалі: праз паглыбленне нашага духоўнага жыцця і нашае салідарнасці з іншымі, або, іншымі словамі, падсілкоўваючы нашае малітоўнае жыццё і пашыраючы сяброўства...

Распазнаць знакі Божае прысутнасці ў нашым жыцці нам дапаможа сведчанне Дзітрыха Банхёфера. Ён быў цалкам свядомы існуючага ў яго часы абсалютнага зла, аднак унутраны імпульс дазволіў яму, як і шэрагу іншых людзей мінулага і сучаснасці, у сітуацыі надзвычайнае лютасці зрабіць выбар на карысць надзеі і даверу да Бога, не сумняючыся ў чалавецтве.

У цяперашняе сітуацыі таксама й мы можам зрабіць выбар на карысць даверу. У нашым свеце мы ў стане ўбачыць святло, якое паходзіць аднекуль. Нават калі мы перажываем цяжкія часы, нават калі Бог, здаецца, не адказвае на наш лямант, гэтае святло ўжо ўзыходзіць, нібы зараніца, у нашых сэрцах (2 Пятра 1, 19).

Брат Алоіс

Выбіраючы давер

Што сёння можа змяніць наш светапогляд і абудзіць нашую творчасць, калі маладое пакаленне – й не толькі яно – знаходзіцца пад такім цяжарам? Безумоўна, існуе шмат прычын адчуваць глыбокую трывогу, абставіны, якія могуць моцна паўплываць на нашае бачанне свету і тое, як мы бачым сябе. Некаторыя людзі нават даходзяць да таго, што ставяць пад сумнеў Бога і Божую прысутнасць у свеце.

Хваляванне – зразумелая рэакцыя. Тое нават карысна, калі дапамагае нам убачыць і зразумець небяспеку, якая нам пагражае, быць празорлівымі і не наіўнымі. Варта аднак быць асцярожнымі, каб не паддацца фаталізму, цынізму або страху, якія рызыкуюць зацягнуць нас у негатыўную спіраль.

Каб пазбегнуць такога тупіка, Евангелле скіроўвае нас, указваючы на Хрыста Езуса, які крочыць перад намі. Цягам усяго жыцця Хрыстус адчуваў радасць, але меў таксама й клопаты. Ён быў аб’ектам нарастаючай варожасці, якая ў выніку прывяла да надзвычайнай лютасці ўкрыжавання. Але смерць не мела апошняга слова, таму што Бог вярнуў Яго да жыцця, і Ён жыве вечна. Гэта неверагодная рэч у Евангеллі. Ягоныя першыя сведкі заклікаюць нас узяць на сябе рызыка, каб паверыць у гэтае пасланне.

Сёння Хрыстус працягвае крочыць побач з кожным чалавекам, каб перадаць усім людзям безумоўную Божую любоў. Праз Святога Духа, Божы подых, Ён робіць нас здольнымі заняць стасоўную пазіцыю, надаючы кожнаму чалавеку фундаментальную годнасць.

Кіруймася ж не толькі тым, што прыходзіць да нас звонку, але павітайма таксама тое ўнутранае святло, той давер, які носіць імя веры.


Шукаючы аднаўлення ў малітве

Каб па-новаму зірнуць на сваё жыццё, на іншых людзей і на свет, патрэбны асабісты высілак. Тое адбываецца ў глыбіні нашага быцця, калі мы запрашаем да сябе ласкавую Божую прысутнасць. Тое звязана з унутранаю зменаю кірунку, якую Евангелле называе навяртаннем, і якая вядзе нас да таго, каб мы прымалі Божае суцяшэнне, любячы ўсё больш і больш.

Кожны можа адшукаць час і месца, каб знайсці ўнутраную цішыню, адкрыць прастору слухання і знайсці еднасць з Богам. Езус ужо заклікаў да гэтага сваіх сяброў: “Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці” (Мацвея 6, 6).

Здаецца, што гэтае запрашэнне ідзе неяк супраць плыні. Мы перажываем час, калі ўсё становіцца значна больш палярызаваным, калі ў нашым грамадстве, часам нават у Цэрквах ды сем’ях, нарастаюць падзелы. У гэтым кантэксце шум і хлусня нібыта заглушаюць маўклівае духоўнае развіццё, якое патрабуе часу.

Менавіта таму асабліва важная малітва: гэта крыніца надзеі, шлях да ціхамірнасці; яна дае нам магчымасць трымаць адчыненымі дзверы дыялогу нават з тымі, хто супрацьстаіць нам ці хто мае іншае, адрознае ад нас, жыццёвае дасвядчэнне.


Ідучы разам з іншымі

Акрамя асабістае малітвы ёсць яшчэ адзін заклік: крочыць разам з іншымі, маючы на ўвазе тое паўсюднае братэрства, знакі якога мы спрабуем распазнаць. Духоўнае жыццё – гэта не ізаляванае імкненне; яно працягваецца ў агульных справах з тымі асобамі, якія шукаюць нечага падобнага.

Распачаць мы можам ужо зараз, дапамагаючы ўзрастаць бачнай еднасці хрысціян! Вядома, не дзеля таго, каб быць мацнейшым перад абліччам варожага свету, але каб вызваліць дынамічнасць Евангелля. Каб сабрацца разам на малітве, няма патрэбы чакаць на ўзгадненне ўсіх багаслоўскіх пытанняў.

Калі сустракаемся з хрысціянамі розных вызнанняў, часам мы ўсведамляем погляды, якія здаюцца, а часам і сапраўды могуць быць, несумяшчальнымі, прынамсі, на канцэптуальным узроўні. Замест таго, каб тое падкрэсліваць, існуе іншы магчымы падыход: зноў і зноў пачынаць з супольнае малітвы. Такая практыка еднасці дазволіць Божаму народу скіравацца да супольнага вызнання веры.

Магчыма, што гэта дапаможа змяніць наш погляд на Царкву: ці патрафім мы разглядаць яе у катэгорыі вялікай сям’і тых, хто вырашыў любіць, ідучы слядамі Хрыста? Надыйшоў час, каб быць закваскай міру, перастаць спрыяць падзелам паміж сабой, застаючыся на паралельных сцяжынах, якія ніколі не сустракаюцца!

Гэты пошук бачнага адзінства мае адбывацца адначасова з прызнаннем зла, якое часам чынілася ў нашых Цэрквах, і з цвёрдаю пастановаю ўчыніць неабходныя змены. Багата хто ўбачыў, як ушчэнт разбіты іх давер. Таксама ў Тэзэ давер некаторых людзей быў падмануты; мы гэта добра ведаем. Давер — гэта крохкая рэчаіснасць, якую часта трэба аднаўляць і адбудоўваць, а тое магчыма толькі прыслухоўваючыся да тых, хто быў паранены [2].


Пашыраючы нашае сяброўства

Каб спрыяць стварэнню агульначалавечае сям’і, Царква мае быць знакам надыходу Божага Валадарства і адкрываць тое, да чаго нас сёння заклікае Святы Дух. Вось некаторыя з гэтых заклікаў, якія трэба паглыбіць разам з іншымі.

- Сёння для многіх людзей пачуццё прыналежнасці становіцца ўсё больш важным дзеля фармавання ўласнае тоеснасці. Гэтая прыналежнасць можа развіцца, аднак, не ў супрацьстаянні і ў канфлікце з іншымі, але праз павагу і сустрэчу. Шукайма ж у іншых людзях тую частку праўды, якая дапаможа нам узрастаць.

- Месцам узаемнае павагі можа стаць дыялог паміж вызнаўцамі розных рэлігій. У гэтым дыялогу адкрытасць на іншых магчымая, калі мы самі ўкаранёныя ва ўласнае рэлігійнае традыцыі, нібы дрэва, якое патрабуе глыбокіх каранёў, каб шырока раскінуць галіны. Сапраўднае сяброўства магчыма, нават калі яно звязанае з пэўнымі пакутамі з-за таго, што іншыя не могуць падзяляць нашых самых глыбокіх перакананняў.

- Багата хто сёння з болем усведамляе, наколькі моцна расізм і ўсе формы дыскрымінацыі ляжаць цяжарам на міжасобасных адносінах у шэрагу грамадстваў па ўсім свеце. Шукайма ж разам таго, што можа дапамагчы нам змяніць наш погляд на іншых, напрыклад, выслухоўваючы тых, хто пакінуў сваю бацькаўшчыну. Прымем жа тую частку іншасці, якая пераўтварае кожную сустрэчу ў скарб.

- А ці дастаткова мы ўважлівыя на енкі зямлі? Нашая чалавечая дзейнасць разам з нядбайнасцю наносяць шкоду нашае цудоўнае планеце, аб чым сведчаць экалагічныя катастрофы ды экстрэмальныя ўмовы надвор’я, якія пачасціліся апошнім часам. Неабходна нагадаць пра адказнасць, якую чалавецтву даручыў Бог. Безумоўна, палітычныя і эканамічныя рашэнні неабходныя, але й кожны з нас ужо зараз можа зрабіць свой лад жыцця больш сціплым і аднавіць пачуццё здзіўлення прыгажосцю стварэння.

- У кантэксце вайны, якая спусташае Украіну і многія іншыя месцы на свеце, некаторым людзям вельмі цяжка маліцца, быццам Бог адсутнічае або маўчыць перад абліччам зла. Аднак малітва за мір абуджае ў нас пачуццё адказнасці і нашую салідарнасць з усімі, хто так жудасна перажывае трагедыю вайны. Няма мовы аб тым, каб прасіць лёгкага міру, які саступае перамогу агрэсару, але пра сапраўдны і патрабавальны мір, які, каб быць трывалым, павінен быць справядлівым і праўдзівым. Малітва аб супакоі, бадай, актуальная як ніколі раней.


Для тых з нас, хто веруе, давер да Бога можа даць нам надзею, якая з’яўляецца больш магутнаю, чым страх перад будучыняю. Не наіўны давер, але перакананне, укаранёнае ў нашых сэрцах, што Бог дзейнічае ў стварэнні і заклікае нас да працы, каб мы прынялі на сябе адказнасць за сябе... і за наступныя пакаленні.

Калі супакой здаецца недасяжным ідэалам, а лютасць раздзірае сям’ю народаў, калі нас бянтэжаць разнастайныя пагрозы, нагадайма сабе: у духоўным жыцці, якое можа быць вельмі ўбогае, праз салідарнасць з суседзямі і сяброўства, якое становіцца ўсё больш шырокім, Уваскрослы Хрыстус ідзе нам насустрач. Хрыстус змяняе наш светапогляд, выводзіць на шырокі абсяг і запрашае зрабіць нечаканыя крокі наперад. Ці мы здольныя прыняць Яго?

[1Актыўны ўдзельнік руху супраціву супраць Гітлера і Вызнаўчай Царквы, Дзітрых Банхёфер (1906-1945) быў зняволены ў 1943 г., а ў 1945 г. пакараны смерцю. Ягоныя творы, асабліва лісты і разважанні, напісаныя ў турме, мелі вялікі ўплыў пасля вайны і застаюцца такімі дагэтуль.

[2На гэтую тэму прачытайце зварот брата Алоіса «Праца па высвятленні праўды ў Царкве і ў Тэзэ павінна працягвацца», апублікаваны з нагоды Еўрапейскае сустрэчы ў Ростаку і даступнае на старонцы www.taize.fr/protection [http://www.taize.fr/protection].

Тэкст Паслання ў фармаце PDF

PDF - 1.2 Mb

Printed from: https://www.taize.fr/be_article35110.html - 13 July 2024
Copyright © 2024 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France