Сёння нядзеля Адвэнту, першая нядзеля літургічнага года. Гэты час дадзены нам, каб падрыхтавацца да прыняцця нараджэння Езуса, да прыхода Бога, каторы перабывае пасярод нас. Гэта час, дадзены кожнаму з нас, каб унутрана падрыхтавацца да прыняцця Божае навізны ў нашым жыцці, дазволіць Святому Духу нарадзіць у нас інтуіцыі, задумы і адвагу крочыць наперад шляхам, які распасціраецца перад намі.
Словы, якія чытаюцца ў гэтую нядзелю, каб увесці нас у перыяд Адвэнту, з’яўляюцца не звеставаннем аб нараджэнні Дзіцятка Езуса, але заклікам: “Глядзіце, чувайце”, кажа нам Хрыстус. Сённяшні фрагмент Евангелля апісвае падзеі, што непасрэдна папярэднічаюць распачаццю пакутаў Езуса. Ён просіць нас працягваць малітву ў стане чування. Безумоўна, гэта адразу прымушае нас задумацца пра той самы заклік, які Езус звяртае да сваіх сяброў у садзе Аліўным. Такое ўзгадванне той самай тэмы паказвае на надзвычайную напружанасць месца, да якога мы пакліканыя.
Як мне зразумець гэты заклік чуваць? Перадусім, даслоўна, гэта значыць не спаць, не жыць, як лунатыкі. Спакуса была б падобная да той, у Гефсіманскім садзе, каб вучні паклаліся спаць, каб дазволіць сабе паддавацца складаным сітуацыям як унутры нас саміх, так і вакол нас, а ў канчатковым выніку задацца пытаннем “якая ва ўсім гэтым карысць?”
Калі Езус просіць нас не спаць, ці не з’яўляецца гэта таксама запрашэннем прызнаць, што мы вельмі мала ведаем аб тым, што адбудзецца, што мы няздольныя прадказаць або прадбачыць рэчы, якія сапраўды важныя, рэчы, якія з’яўляюцца вырашальнымі? Чуваць азначае ведаць, што мы ў тым сэнсе бедныя, што не можам дасягнуць усяго шляхам уласных задумак, і адважыцца трымаць у сабе прастору для Бога.
Няспанне – гэта таксама спосаб уважлівага погляду на жыццё. Як мы глядзім на жыццё вакол сябе і ўнутры сябе? З пачаткам гэтага літургічнага года наша Супольнасць пераходзіць у новы этап. Адвэнт запрашае нас, братоў, і ўсіх нас, у нашых сем’ях, мясцовых суполках і ў грамадстве ўвогуле, змяніць і абнавіць наш спосаб сузірання.
Ці мы будзем адважнымі, каб зірнуць на наш мінулы досвед, каб распазнаць сляды, пакінутыя Богам, каб распазнаць прыйсце Хрыста? Справа не ў тым, каб заплюшчыць вочы на тое, што, магчыма, было не так, як мела б быць, а ў тым, каб знайсці ўласцівы спосаб сузірання.
Ці хопіць у нас адвагі, каб у цяперашні момант заняць адпаведную паставу, каб з радасцю прыняць жыццё, якое Хрыстус прагне даць нам цяпер? Ці хопіць адвагі, каб быць у руках Бога, як гліна ў руках ганчара, як мы тое чулі ў першым чытанні, каб стаць тым, да чаго мы пакліканыя?
Ці будзе ў нас адвага звярнуць аблічча да таго, што мае надыйсці, каб нашая надзея зноў і зноў аднаўлялася да дня, калі Хрыстус будзе ўсім ва ўсім?
На фігавым дрэве расце лістота; словы Езуса не мінаюць: яны заўсёды з намі. Ці то ўвечары, ці пасярод ночы, ці на спеве пеўняў, ці на досвітку, чувайма і будзьма пільнымі. Прыйдзі, Пане Езу, прыйдзі! Падрыхтуймася да свята.