Любляна 2023-2024
Штодзённыя разважанні брата МэцьюНа гэтае старонцы з 28 па 31 снежня будуць публікавацца штодзённыя разважанні брата Мэцью. Ахвотныя могуць далучыцца таксама да трансляцыі малітваў у простым эфіры па спасылках, апублікаваных на дадзенай старонцы.
Чацвер, вечар 28 снежняВельмі ўсцешна сабрацца ўсім разам у гэты вечар у Любляне! Вы прыбылі з чатырох канцоў Еўропы, але таксама й з іншых аддаленых краёў. У многіх з вас было доўгае падарожжа, прымаючыя ж вас парафіі чакаюць, каб прывітаць вас, таму абяцаю, што не буду прамаўляць занадта доўга. Як жа важна менавіта тое, што нашае першае супольнае дзеянне палягае на тым, каб спыніцца, памаліцца і, перадусім, падзякаваць Богу за магчымасць, якую мы маем у гэтыя дні: сустрэча адно з адным, каб даведацца пра жыццё хрысціян у Любляне і яе ваколіцах, разам вырушаючы ў дарогу. “Сумеснае падарожжа” – гэта назва Ліста, які мы падрыхтавалі на гэтую Сустрэчу, і які будзе служыць асновай для разважанняў цягам наступнага года ў Тэзэ ды сустрэч у іншых краінах свету. Цягам апошніх месяцаў мы здзяйснялі супольнае падарожжа з рознымі Цэрквамі Любляны. Каманда маладых валанцёраў, з двума з якіх вы сустрэнецеся заўтра ўвечары, наведвала парафіі і царкоўныя абшчыны, каб падрыхтаваць нашу з імі сустрэчу. Гасціннасць, якую вы атрымаеце, і праграма, у якой вы возьмеце ўдзел, з’яўляюцца вынікам гэтага часу сумеснага пошуку і выслухоўвання адно аднаго. Сёння вечарам разам з намі арцыбіскуп Станіслаў Зорэ, Мітрапаліт Люблянскі. Разам з ім пастар Геза Філо [1] з Евангельскай царквы Аўгсбургскага вызнання ў Славеніі. Арцыбіскупу Станіславу хацелася б задаць пытанне: Чаго вы чакаеце ад гэтае Сустрэчы для сваіх парафій у Любляне? Перадусім хачу вам сказаць Добры вечар, дарагія сябры!. Дзякую, што пачуўшы маё леташняе запрашэнне ў Ростаку, вы прыехалі на сёлетняю Еўрапейскую сустрэчу ў Любляне. Шчыра вітаем! Мне таксама ўсцешна прывітаць новага прыёра Супольнасці брата Мэцью. Дарагія сябры, разам з братамі з Тэзэ і шматлікімі валанцёрамі вы здабываеце досвед Сустрэчы, напоўненай надзеяй і даверам, супольнымі размовамі, малітваю і заступніцтвам, спевамі і цішынёю. Усё гэта дапамагае нам адкрыць нашыя дзверы Хрысту, які нарадзіўся для нас на Раство. Гэта таксама дапамагае нам адкрыць дзверы і наблізіцца адно да аднаго. Я веру, што цягам гэтае Сустрэчы нашыя вернікі, нашыя парафіі ды ўсе людзі добрай волі дасведчаць багацце веры і жыццёвую радасць, якія ўсім нам так патрэбны. Я ўдзячны за вашу волю і энтузіязм. Жадаю, каб цягам гэтых дзён у Любляне вы глыбей дасведчылі чалавечай і Божай прысутнасці, дзякуючы дапамозе і прыемнасці супольнага жыцця як браты і сёстры. Зычу вам багата дабраслаўлення на гэтыя дні! Дзякую. Дзякую. А ў пастара Гезы я хацеў бы спытацца, што для Вашае Царквы значыць удзел у гэтае Сустрэчы? Дарагія прыяцелі, для мяне вельмі ўсцешна прывітаць вас, маладых хрысціянаў з розных хрысціянскіх Цэркваў з розных частак свету, ад імя Евангельскай царквы ў Славеніі. У гэты час, перыяд значных глабальных выклікаў, калі сярод людзей становіцца ўсё больш і больш падзелаў і палярызацыі, Еўрапейская сустрэча тут, у Любляне, з’яўляецца выдатнае магчымасцю таксама для Евангельскай царквы ў Славеніі сустрэцца адно з адным дзеля прагнення большае ўзаемасувязі ды экуменічнага супрацоўніцтва. Усе хрысціяне запрошаныя крочыць сумесна, каб разам вырашаць сучасныя глабальныя праблемы, дзеля таго каб разам пачуць Божы голас у нашых Цэрквах і абшчынах. Асабліва маладых людзей, нашую будучыню, сёння трэба заахвочваць, каб будучы хрысціянамі станавіліся пасламі паяднання, міру і салідарнасці ў лютэранскай супольнасці. Гэтая Сустрэча – выдатнае заахвочванне, каб выслухоўваць адно аднаго нягледзячы на нашыя адрозненні, застаючыся на сувязі з усімі людзьмі, якія сустракаюцца ў нашым жыцці. Усе мы запрошаныя, каб адкрыць дзверы нашых сэрцаў у духу Абшчыны Тэзэ і стаць пілігрымамі ўзамнага дваеру. Беражы вас Бог! (працягвае брат Мэцью) “Як кажа Езус у Евангеллі паводле Мацвея “Адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы – браты” (Мацвея 23, 8). Ці ж не ўсе хрысціяне з’яўляюцца братамі і сёстрамі, з’яднанымі ў камуніі, якая пакуль недасканалая, але ўсё ж рэальная? Ці ж не Хрыстус кліча нас і паказвае нам шлях, каб разам з Ім мы, нібы спадарожнікі, маглі крочыць наперад разам з тымі, хто жыве на ўзбочыне нашага грамадства? На гэтым шляху, праз дыялог, які прымірае, памятайма, што мы патрэбны адно аднаму не для таго, каб навязваць сваё меркаванне, але каб спрыяць міру ў чалавечай сям’і”. Трымайма ж гэтыя словы ў нашых сэрцах у гэты першы вечар нашае Сустрэчы ў Любляне. Нашае сумеснае падарожжа ў гэтыя дні з’яўляецца выразам нашага жадання ісці з Хрыстом, які прымае ўсіх без выключэння і просіць нас прыняць тых, каго мы сустракаем на нашае дарозе. Такім чынам, дзе б мы ні былі, мы робім невялікі, але рэальны ўнёсак у мір у нашым свеце. Вядома, нельга быць наіўнымі, калі мы гаворым пра мір. Вайна і гвалт у цяперашні час і ў мінулым зранілі наш еўрапейскі кантынент, як й іншыя часткі свету таксама. Асаблівым чынам нашыя сэрцы сёння з нашымі братамі і сёстрамі з Украіны, якія змаглі далучыцца да нас на гэтыя дні. Трывалы мір заўсёды ідзе поруч са справядлівасцю для ўсіх, асабліва для тых, хто пацярпеў. Але калі, як падчас сённяшняга вечаровага чытання, мы пачуем, як Езус кажа «Чаго шукаеце?» што адкажам мы? Ён сустракае нас у нашае глыбокае тузе, і калі мы адказваем, Ён запрашае нас словамі «Ідзіце і ўбачыце», ісці з Ім, бачыць Яго вачыма. Ці гатовыя мы выправіцца ў гэтую прыгоду веры, каб даверыцца таму, хто палюбіў нас раней, чым мы, дзеля таго каб застацца з Ім? Заўтра раніцай у вашых парафіях вы будзеце супольна разважаць на тэму выслухоўвання. Гэта першы раздзел з “Лісту на 2024 год”, бо, як вы прачытаеце, “У аснове кожнага дыялогу – выслухоўванне”. Будзьце гатовыя гэтымі днямі слухаць адно аднаго, перадусім чуючы тое, што кажа іншы, што кажа Святое Пісанне, што кажа цішыня нашых сэрцаў. Магчыма, калі мы зробім гэтакім чынам, мы заўважым, што Бог прамаўляе да нас. Але ці мы гатовыя да гэтага? Пятніца, вечар 29 снежняСённяшнім ранкам у вашых групах вы размаўлялі на тэму выслухоўвання. Што новага вы адкрылі для сябе падчас абмену ў групах? Ці зможаце вы цягам гэтых дзён трымаць у сваіх сэрцах усё тое новае, каб яно расло і пускала карані? Магчыма, у вас з’явяцца яшчэ некаторыя іншыя думкі. Ці не варта занатаваць іх, каб яшчэ глыбей увайсці ў сваё разважанне? Калі мы такім чынам супольна падарожнічаем, асабліва калі кожны з нас прыходзіць з жаданнем выслухаць і ніхто не навязвае іншаму сваіх поглядаў або чынаў, нашая Сустрэча можа набыць часта вялічэзную моц. Наш асабісты ўклад важны, але тое, што мы атрымліваем ад іншых, хоць і можа быць выклікам для нас, часта паглыбляе нашае разуменне таго, кім мы з’яўляемся, тым самым нас узбагачаючы. Сам Езус таксама зведаў гэта ў сваім зямным жыцці. Учора я казаў пра моладзь, якая падрыхтавала гэтую Сустрэчу. Большасць з іх, перш чым прыехаць у верасні разам з трыма братамі Тэзэ і дзвюма сёстрамі святога Андрэя ў Любляну, правялі час у якасці валанцёраў у Тэзэ. Яны атрымалі вялікую падтрымку з боку Душпастырства моладзі Архідыяцэзіі Любляны ды шэрагу мясцовых маладзёнаў. Філіпе, ты прыбыў з далёкай поўначы, са Швецыі. У мяне пытанне да цябе: што было найбольш важным, калі ты здзяйсняў сумеснае падарожжа з мясцовымі Цэрквамі тут, у Любляне? Для мяне найбольш важным было імкненне прысутнічаць. Проста праводзіць час з месцічамі і парафіямі, каб спазнаць Цела Хрыста тут, у Славеніі. І праз перабыванне ў найзвычайнай простасці, паглыбляць нашыя сувязі і сяброўства. Істотным для мяне была таксама спроба быць уважлівым, каб убачыць пробліск Святога Духа, які стала дзейнічае ў гэтае краіне, таксама ўбачыць тое, што мясцовыя хрысціяне могуць прапанаваць сусветнае Царкве. І, урэшце, было важным перабываць разам у групе братоў і сясцёр, мясцовых валанцёраў ды тых, хто паходзіць з усяго свету. Жывучы і працуючы, каб усё больш і больш сумесна адкрываць для сябе славенскую культуру. Дзяліцца досведам і бачаннем, якое кожны з нас мае з розных перспектываў. Гэта насамрэч дапамагло мне паглыбіць уласную веру і той шлях, на якім я шукаю Бога. Дзякую. Марджэры, ты прыехала ажно з Бразіліі. Так? Што для цябе было найбольшай радасцю падчас падрыхтоўкі? Для мяне на самай справе найбольшай радасцю было перабыванне з людзьмі, каторых я тут сустрэла. Калі я прыехала ў Любляну, я была ў захапленні і мне хацелася быць тут. Але я таксама баялася. Я баялася не пачуць гасціны, а таксама пачуцца не гатовай да гэтага задання. Некалькі тыдняў таму разам з іншымі валанцёрамі я наведала школу. У нас была малітва разам з навучэнцамі. І ў момант складання падзякі навучэнцы маглі сказаць, за што менавіта яны жадаюць падзякаваць. Адзін з іх сказаў: “Я ўдзячны таму, што вы тут, разам з намі”. Таму гэты кароткі і нечаканы момант прынёс мне так багата радасці, але ў той самы час дазволіў мне ўсвядоміць, што маё ўласнае падарожжа для некага можа быць знакам радасці. (працягвае брат Мэцью) Ці ж не ёсць так, што часцяком мы навучаныя адстойваць уласныя інтарэсы ды інтарэсы людзей блізкіх нам па духу. Калі мы жывем менавіта такім чынам, нашае бачанне становіцца больш вузкім, а мы замыкаемся ва ўласнае зоне камфорту. Безумоўна, нашыя страхі могуць быць абгрунтаванымі і да іх трэба прыслухоўвацца, але ж, калі мы крочым за Езусам, Ён хоча весці нас да паўнаты жыцця, пра якую мы, магчыма, ніколі не ўяўлялі раней. Разам з тым Ён робіць усё гэта з неверагоднае чуласцю, паважаючы нашую свабоду і даючы нам час, неабходны для таго, каб зрабіць чарговы крок наперад. Ва ўрыўку з Евангелля паводле Яна, які мы пачулі сёння ўвечары, сябры Езуса адчуваюць страх. Яны ўжо не вельмі разумеюць, што адбываецца. Яны ўсвядомілі, што Ён не будзе з імі надоўга, што Яго любоў да іх і ўсяго чалавецтва прывядзе да Яго смерці, таму іх сэрцы ўстрывожаныя. Аднак Езус кажа ім, што не пакіне іх. Ён заўсёды будзе ісці наперадзе, каб падрыхтаваць ім месца. Калі Тамаш выказвае свой недавер словамі: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?», Езус супакойвае яго. Тое, што Езус просіць, Ён таксама й дае. Ён сам з’яўляецца дарогай, мы можам давяраць таму, што Ён кажа, бо Ён з’яўляецца крыніцай дастатняга жыцця. Нават тады, калі Ён сам сутыкнуўся з жудаснымі пакутамі, Езус гатовы выслухаць страхі сваіх сяброў, суправаджаючы іх у трывозе. Гэта той спосаб, праз які Ён паказвае сваю любоў – любоў, якая неўзабаве дасягне свайго найглыбейшага выяўлення, калі Ён аддасць сваё жыццё на крыжы. І тая любоў акажацца мацнейшаю за смерць. Хіба ж не гэтая любоў, мацнейшая за смерць, дазваляе нам супрацьстаяць жыццю тварам у твар? Аднак гэтая любоў – любоў таксама пакорная, якая пакідае месца для іншага, шануе яго межы і крочыць з ім. Такім чынам мы адкрываем братоў-пілігрымаў, якія гатовыя раздзяліць з намі нашую дарогу ў супольнасці вернікаў, якой з’яўляецца Царква, Цела Хрыста, але таксама й ў грамадстве. Заўтра ў сваіх групах вы будзеце размаўляць пра пошук балансу паміж самотнасцю а перабываннем з іншымі. Якая сувязь існуе паміж гэтымі паняццямі? Гэта важная тэма. Як гаворыцца ў Лісце на 2024 год,“Гітарныя струны знаходзяцца побач, але калі на іх граць разам, яны выдаюць прыгожы гук…” Наша вечаровая малітва завершыцца малітвай вакол Крыжа. Кожны з вас, хто прагне, можа прыйсці і памаліцца ля Крыжа, каб даверыць Езусу ўласныя турботы і клопаты, а таксама сітуацыі цярпення ў свеце. Хрыстус прымае кожнага з нас такімі, якія мы ёсць, і, як Ён чыніў тое падчас свайго зямнога жыцця, таварышыць нам у нашых пытаннях і сумневах, гэтак жа, як Ён падзяляе нашую радасць. Нішто не ў стане адлучыць нас ад любові Хрыста. Субота, вечар 30 снежняМы ўжо на паўдарозе нашае 46-ае Еўрапейскае сустрэчы тут, у Любляне. Мы бязмерна ўдзячныя сем’ям і парафіям, якія адчынілі перад намі свае дзверы і так цёпла прынялі нас. Праз паўгода пасля таго, як я стаў братам у Тэзэ, нашая Абшчына правяла ў гэтым горадзе сваю першую сустрэчу Ўсход-Захад. У той час Еўропа яшчэ была падзелена “Жалезнай заслонай” на дзве часткі, але нягледзячы на гэта моладзь з усіх краін Еўропы магла тут збірацца. Прыехаўшы з Англіі і вырасшы са свядомасцю гэтага падзела, мне так карціла сюды прыехаць. Але мяне не было сярод братоў, выбраных для ўдзелу. Я быў крыху расчараваны! Таму цяперашняе знаходжанне ў Любляне – гэта сапраўды вялікая радасць. Ці нашая сёлетняя Сустрэча будзе мець такі ж прарочы знак прымірэння Еўропы, як тое было ў 1987 годзе? Часам на спаўненне жаданняў нашае маладосці могуць спатрэбіцца гады, але мы ніколі не павінны забывацца пра тое. Пазней яны здзейсняцца такім чынам, якога мы нават не чакалі! Як пра тое напісана ў Лісце на 2024 год, “Падарожжа патрабуе часу – нават цэлага жыцця (...). Бадай, у такой сітуацыі лічацца цярплівая вытрымка і захаванне вернасці”. Мы жывем у свеце, які часцяком патрабуе хуткіх вынікаў. Калі гэтага не адбываецца, часам нам здаецца, што ўсё трэба змяніць. Гэтым вечарам мы выслухалі цудоўны ўрывак з Евангелля паводле Яна, які, магчыма, можа дапамагчы нам па-іншаму паглядзець на гэта. Ён знаёміць нас з дзвюма важнымі тэмамі. Першая – гэта паняцце «застацца». Езус просіць нас заставацца ў Ім, як Ён застаецца ў нас. Застацца мае на ўвазе тое, што доўжыцца, што існуе не толькі на працягу кароткага часу. Можам сказаць прасцей: паколькі Езус любіць нас, мы можам любіць Яго. Ён уваходзіць з намі ў адносіны, адносіны, якія доўжацца. Езус кажа нам, што дзякуючы гэтае повязі мы можам прасіць у Яго тое, што нам патрэбна. І калі мы робім такім чынам, выяўляецца крыніца, якая дазваляе нам любіць таксама й іншых людзей. Для апісання гэтага Ён выкарыстоўвае вобраз вінаграднай лазы і яе галін. Галінкі растуць з лазы і атрымліваюць ад лазы ўсё неабходнае. Адначасова яны трывала прымацаваныя і гнуткія. Галінкі могуць супрацьстаяць ветру і бурам, якія могуць прыйсці, але надаль застаюцца ў лазе. Другое паняцце – прыносіць плён. Цалкам натуральна, што галінка дае плады, таму што яна звязана з вінаграднай лазой. Сама з сябе яна таго не ўчыніць. Ну, але што гэта за плён? Крыху далей па тэксце ў Евангеллі ад Яна Езус скажа: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх”. У Лісце на 2024 год мы знойдзем наступныя словы: “Крочыць гэтым шляхам азначае рызыкнуць аддаць усё, каб ісці за Езусам, каб ва ўсёй свабодзе мы маглі любіць да канца. (...) Гэта шлях нашага жыцця, на якім мы змяняем свой статус – ад слуг да сяброў Хрыста. Плён прыносіцца ў выніку пражытага паўнавартаснага жыцця”. Такім чынам, запрашэнне да ўсіх нас – заставацца ў Хрысце, як Хрыстус у нас. Дзякуючы гэтаму нашае жыццё можа быць зменена, і мы даведаемся, што значыць жыць не толькі для сябе, але й для іншых. Падарожжа патрабуе часу. Выглядае так, нібыта ўсё нашае жыццё пераўтвараецца ў пілігрымку. Бадай, вы ведаеце, што на працягу многіх гадоў нашая Супольнасць Тэзэ вядзе “Пілігрымку Даверу на Зямлі”. Гэта спосаб заахвоціць вас, хто прымае ўдзел у сустрэчах у Тэзэ, працягваць жыць, абапіраючыся на досвед свайго паўсядзённага жыцця. Якія абавязкі вы пакліканы ўзяць на сябе ў сваіх краінах, у грамадстве і ў Царкве? Гэта не так проста. Ці гатовыя мы прысвячаць час як на малітву, так і на пошук шляхоў пабудовы даверу і паразумення? Якім чынам мы можам прыняць удзел – у Царкве ці ў грамадстве ўвогуле – ва ўжо існуючых супольнасцях? Час ад часу гэткая пілігрымка набывае больш канкрэтную форму, як тут, у Любляне, падчас нашае 46-ае Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы. У надыходзячым годзе ў Тэзэ штотыднёва будуць адбывацца сустрэчы, на якія вы ўсе запрошаныя. Ну, але дзе ж пройдзе 47-ая Еўрапейская сустрэча? Гэта адбудзецца ў краіне, дзе Сустрэча ніколі раней не праходзіла, у яе прыгожай сярэднявечнай сталіцы… Я хацеў бы папрасіць пастара Ове Сандэра [2] сказаць некалькі слоў, каб запрасіць усіх вас прыехаць у Талін з 28 снежня 2024 г. па 1 студзеня 2025 г. Ове Сандэр: Дарагія браты і сёстры ў Хрысце. Для мяне вялікая радасць і прывілей сардэчна прывітаць вас у наступным годзе на Еўрапейскае сустрэчы Тэзэ ў Таліне. Эстонія – невялікая краіна, але з вялікай колькасцю людзей вялікага сэрца. Эстонія не багатая краіна, але ўсё ж багатая сваёй культурай. Эстонія лічыцца даволі свецкай краінай, але вы можаце знайсці шмат людзей з глыбокай верай і адданасцю Хрысту. Няхай гэтая наступная Сустрэча ў Таліне, як і цяперашняя тут, у Любляне, наблізіць нас адно да аднаго і да Бога, дапамагаючы нам узрастаць у нашым адзіным непаўторным пакліканні да Яго будучага Валадарства. Тым часам няхай любоў Айца, міласэрнасць Сына і адзінства Духа застаюцца з усімі намі. Трыйн Салму адказвае за працу з моладдзю ў Эстонскай Евангелічна-Лютэранскай Царкве, а таксама ў Радзе Цэркваў у Эстоніі: “Што азначае быць маладым і хрысціянінам у Эстоніі?” Трыйн Салму: Гэта азначае, што ты вылучаешся сярод іншых людзей. Гэта можа азначаць, што на імгненне ты адчуваеш сябе адлучаным і ізаляваным ад іншых маладых людзей вакол сябе ў школе, але гэта таксама дае шанец быць прыкладам Езуса для іншых. Прыналежнасць у грамадстве да нейкае меншасці стварае таксама пачуццё еднасці з іншымі хрысціянамі і дапамагае пераадольваць канфесійныя межы, асабліва сярод моладзі. На працягу многіх гадоў у Тэзэ прыязджала пастар Тыйна Клемент: “Чым будзе і што прадставіць гэтая Сустрэча для Цэркваў у Эстоніі ў гэты час?” Тыйна Клемент: Дарагія браты і сёстры. Я вельмі цешуся, што наступная Еўрапейская сустрэча пройдзе ў мяне на радзіме. Гэтая Сустрэча, дзе тысячы маладых людзей збіраюцца на малітву і дзеляцца адно з адным сваёй верай і жыццём, стане вялікай падтрымкай і натхненнем для эстонскае моладзі. Гэта ўздыме наш народ і дасць надзею на будучыню нашае Царквы. Паколькі нас небагата, усе розныя Цэрквы будуць працаваць разам – гэта будзе бачны знак аднаго цела Хрыстовага і Божае прысутнасці для ўсяго грамадства. Сардэчна запрашаем! Беражы вас Бог! (працягвае брат Мэцью) Нядзеля, вечар 31 снежняГэта наш апошні вечар у Любляне. Гэта таксама час, каб падумаць, як рэалізаваць тое, што кожны з нас адкрыў для сябе за гэтыя дні. Што значыць для кожнага з нас сумеснае падарожжа ў сучасным свеце? Учора, гаворачы аб нашае Пілігрымцы Даверу на Зямлі, я спытаў вас, якія абавязкі вы пакліканы ўзяць на сябе ў сваіх краінах, у грамадстве і ў Царкве? Ці гатовыя мы прысвячаць час як на малітву, так і на пошук шляхоў пабудовы даверу і паразумення? Якім чынам мы можам прыняць удзел – у Царкве ці ў грамадстве ўвогуле – ва ўжо існуючых супольнасцях? Калі ў нашых грамадствах мы сутыкаемся з рознымі сітуацыямі гвалту, з войнамі і канфліктамі паблізу ці далёка, калі мы чуем енк Зямлі, параненага Божага Стварэння, часткай якога з’яўляецца нашая зраненая чалавечая сям’я, мы часта адчуваем разгубленасць. Усё ўзаемазвязана. Нашае прагненне міру цесна звязана з заклікам берагчы Стварэнне. Часам мы ўжо не ведаем, куды падацца, а нават задаемся пытаннем: “Дзе ва ўсім гэтым Бог?” Ці не тое ж самае перажылі прыяцелі Езуса, калі Ён паміраў на крыжы? Яны ўскладалі на Яго ўсе свае спадзяванні, але ў рэшце рэшт мала хто спасярод іх застаўся з Ім. Аднак надышоў момант, калі яны зразумелі, што нават смерць не можа разлучыць іх з той любоўю, якую яны спазналі. Некаторыя з іх нават сцвярджалі, што бачылі Езуса ўваскрослага з памерлых. Урывак з Евангелля паводле Яна, які мы толькі што пачулі, распавядае нам пра аднаго з прыяцеляў Езуса, якога не было побач, калі іншыя бачылі Яго. Тамаш – сумленны чалавек, але таксама ставіць свае ўмовы. Ён быў даткнёны таму, што не бачыў таго, што бачылі іншыя? Тамаш – чалавек, які ўсё ставіць пад сумнеў. У пятніцу ўвечары мы пачулі, як ён спытаў у Езуса, як ён і яго сябры могуць ведаць дарогу наперад. Нам ніколі не варта баяцца ўласных пытанняў, а нават сумненняў. У сённяшнім вечаровым урыўку сумненне Тамаша становіцца месцам сустрэчы з Езусам. Як і хацеў Тамаш, Езус прыходзіць да яго. Яго першыя словы – не папрок, але “Спакой вам!”. Ён прапануе Тамашу дакрануцца да яго ран і паверыць. Убачыўшы Езуса, Тамаш усклікае: “Пан мой і Бог мой!” Яму больш не трэба дакранацца да Езуса, бо гэтая сустрэча загаіла раны Тамаша. У чарговы раз Тамаш можа ўвераваць. Зноў ён можа адчуць сябе часткаю групы прыяцеляў Езуса. Ён ужо не асамотнены ва ўласных сумневах, але стаў часткай супольнасці. У Лісце на 2024 год вы знойдзеце прыказку, якая паходзіць ад народа кікую ва Ўсходняе Афрыцы: “Тое, што робіць доўгае падарожжа кароткім, – гэта факт, што мы крочым разам”. Ці гатовыя мы вырушыць разам з іншымі? Езус абяцае радасць тым, хто даверыцца Яму, нават калі Яго не бачыў. Дзякуючы гэтаму даверу радасць прапануецца кожнаму з нас, а, калі мы сумесна падарожнічаем, яна толькі ўзмацняецца. Мы падзяляем той жа шлях з багата кім яшчэ – цягам гэтых дзён вы тое спазналі. Не магу забыць экуменічнае малітоўнае чуванне пад назвай “Разам”, якое мы перажылі на плошчы Святога Пятра ў Рыме 30 верасня. Па запрашэнні папы Францішка мы сабраліся як Божы народ з розных хрысціянскіх традыцый, з самых розных слаёў насельніцтва, з усіх слаёў грамадства. У малітве, праз заступніцтва і ў цішыні мы даверылі Святому Духу працу Сінода Біскупаў Каталіцкага Касцёла. Разам з папам Францішкам дваццаць іерархаў і прадстаўнікоў розных Цэркваў удзялілі сумеснага дабраслаўлення. Сумесна яны стаялі і маліліся перад Крыжам. Сінод у Каталіцкім Касцёле – гэта працяглы працэс, які скончыцца другой сесіяй у кастрычніку 2024 г. Як вы, маладзёны, можаце прыняць удзел у гэтым падарожжы? Запрашэнне папы Францішка ясна паказвае, што вітаецца ўклад хрысціян усіх традыцый. Ці гатовыя мы крочыць адным шляхам? Калі мы можам гэтак зрабіць, тады як хрысціяне, ужо разам, нібы дрожджы ў цесце, мы зможам змяніць сітуацыю. Ці мір паміж намі не даў бы большай надзеі на мір у свеце? Ці гатовыя мы вырушыць у якасці пілігрымаў міру пачынаючы ад цяперашняе Сустрэчы да Еўрапейскае сустрэчы ў Таліне, працягваючы нашую Пілігрымку Даверу на Зямлі? У рамках чування “Разам” па ўсім свеце адбылося больш за 200 розных ініцыятыў, звязаных з малітвай у Рыме. Ці можам мы даць сабе час да Вялікадня 2024 г. у якасці перыяду да роздумаў, каб убачыць, якія ініцыятывы мы можам сёння прадпрымаць як пілігрымы міру ў нашых розных краінах? Як мы можам маліцца, сустракацца і нават хадзіць з месца на месца, ад храма да храма, шукаючы шляхоў супакою? Нашы новыя браты праводзяць год за межамі Тэзэ ў рамках падрыхтоўкі да таго, каб прысвяціць уласнае жыццё нашае Абшчыне. Мне б хацелася папрасіць нашага брата Маціяса падзяліцца сваім досведам, які ён атрымаў у Бразіліі – мы выслалі яго ажно да Бразіліі – ў пачатку гэтага года. Брат Маціяс: У мінулым годзе разам з братам Хенрыкам мы далучыліся да пілігрымкі, якую праводзіла малая супольнасць Трындадзі. Гэта быў насычаны тыдзень, каля 100 км да паканання пад спякотным бразільскім сонцам у таварыстве 15 чалавек. Большасць з нас не належала да вельмі добрых хадакоў. Увесь час мы пілігрымавалі з мінімумам рэчаў, з маленькай торбай, накшталт гэтай (паказвае невялікі заплечнік). Мы папросту выкарыстоўвалі наш звычайны абутак, таму некаторыя з нас увесь шлях прайшлі, маючы на нагах шлёпанцы (паказвае японкі). Усе мы паходзілі з вельмі розных слаёў. Некаторыя з нас былі вельмі беднымі і пражылі на вуліцы многія гады. Тым не меней мы крочылі разам. Мы разам пацелі. Мы сузіралі тую ж сельскую мясцовасць. Цягам усяго шляху мы адчувалі тыя ж самыя праблемы. Разам мы прасілі вады, калі яна была нам патрэбна. Мы маліліся разам, і штовечар мы супольна дасвядчалі цёплай і нечаканай гасціны. Усё гэта проста, але й глыбока з’яднала нас. Такая еднасць у нашай вельмі разнастайнай групе была для мяне сціплым знакам міру. (працягвае брат Мэцью) Дзякую. Такім чынам, я хацеў бы запрасіць усіх вас знайсці вашыя ўласныя шлёпанцы ды вырушыць у якасці пілігрымаў міру, пачынаючы з сённяшняга вечаровага малітоўнага чування ў інтэнцыі міру ў парафіях, дзе вас прымаюць. |