TAIZÉ

Разважаючы фрагменты Бібліі

 
Дадзеныя біблійныя разважанні маюць стаць спосабам на шуканне Бога ў цішыні і малітве пасярод нашага звычайнага штодзённага жыцця. Цягам дня паспрабуй знайсці хвіліну, каб прачытаць урывак са Святога Пісання з невялікім каментарыем ды паразважаць над прапанаванымі пытаннямі. Затым у невялікае групе (3-10 чалавек) паспрабуйце пры сустрэчы падзяліцца тым, што кожны адкрыў для сябе, знайдзіце таксама час на малітву.
2024

May

Дзеі Апосталаў 2, 1-11 Пашыраючы нашае сяброўства
Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. Раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. З’явіліся ім падзеленыя языкі, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. Усе напоўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць. Былі ў Ерузалеме жыхары Юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам. Калі ўзняўся гэты шум, сабралася мноства людзей і захвалявалася, бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове. Былі ўражаныя і здзіўляліся, кажучы: «Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы? Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся? Парфяне і мідзяне, эламіты і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понта і Азіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірэнай, ды прыезджыя рымляне, юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя».

Тут вучні ўсе ў адным месцы, разам. Уявіце сабе гэтае месца: гэта можа быць канкрэтнае месца, напрыклад, пакой, дом. Знаходжанне ў адным месцы таксама можа азначаць наяўнасць таго ж самага стану розума, набору ідэй або пачуццяў: напрыклад, мы можам сабе ўявіць, што вучні мелі такую ж любоў да Бога, або адчувалі, што сумуюць па Езусе, або задумваліся над тым, што іх чакае ў будучыні… магчыма, яны былі ў некалькіх месцах! Месцы, няхай яны будуць канкрэтныя, як пакой, або больш абстрактныя або сімвалічныя, як мысленне ці пачуцці, дапамагаюць нам збірацца разам і ствараць пачуццё прыналежнасці ды ідэнтычнасці. Такім чынам, такія месцы на нашым шляху з’яўляюцца карыснымі і жыццядайнымі.

Тым не менш, месцы – фізічныя ці сімвалічныя – таксама могуць закрыць нас ад людзей або рэчаў, якія з’яўляюцца іншымі, дзіўнымі або экзатычнымі, калі глядзець на іх, кіруючыся нашым досведам навакольнага света. Магчыма, мы не хочам знаходзіцца «звонку». У такім выпадку жыццядайнае месца становіцца нечым супрацьлеглым – «рэха-камерай», эксклюзіўным клубам. Мы не можам усё жыццё пражыць на адным месцы і ўзрастаць, служачы іншым, служачы Богу. І Бог, які знаходзіцца па-над усімі гэтымі месцамі, кліча нас вонкі: тут мы бачым, што Дух Святы прыходзіць і напаўняе месца, дзе знаходзяцца вучні, і дае ім магчымасць выйсці па-за межы знаходжання ў «тым самым месцы», быць з іншымі, без страты ўласнае супольнасці. Гэта падобна да разгойдвання на арэлях – туды-сюды. Пастаянны рух туды-сюды дапамагае нам знайсці баланс паміж паглыбленнем нашай уласнай тоеснасці ды перабыванне з іншымі ў жыццядайны спосаб.

Пасля гэтага вучні пачынаюць размаўляць на шэрагу моў. Размаўляць на іншай мове – гэта больш, чым проста выкарыстоўваць правільныя словы і граматыку. Гэта таксама спосаб выказаць тое, якім мы бачым свет і як нашая ўласная гісторыя кшталтуе нас саміх. Заўсёды ёсць элементы мовы, якія складана, а нават немагчыма перакласці, таму што іх немагчыма зразумець, проста прачытаўшы або пачуўшы толькі словы. У кантэксце ёсць яшчэ штосьці, што трэба зразумець, а часам трэба звярнуцца да досведу з першых вуснаў. Калі мы застанемся толькі на павярхоўным узроўні слоў, гэта можа прывесці да непаразуменняў, калі не да прадузятасці і страху перад тымі, хто адрозніваецца ад мяне.

Нам патрэбная сціпласць, каб папрасіць большага тлумачэння, і нам патрэбная пакора, каб прыняць, што часам мы проста не можам цалкам зразумець іншага чалавека. Гэта не павінна перашкаджаць нам разам крочыць шляхам сяброўства, хутчэй гэта павінна дапамагчы нам прызнаць, што мы не цалкам аднолькавыя, і вучыцца адно ў аднаго там, дзе гэта магчыма. Падобна й у сітуацыі, калі мы гаворым: мы можам не ўсведамляць, што тое, што мы кажам, не мае сэнсу для некага іншага.

У Пяцідзясятніцу людзі з «усякага народу» пачалі чуць пра Божыя справы на сваёй мове. Калі мы гаворым пра Божыя справы, мы павінны думаць пра тое, з кім мы гаворым. Кожны чалавек, група і супольнасць па-рознаму разумее, бачыць і жыве ў свеце і, такім чынам, мае ўласную «мову», сваю ўласную «культуру» (нацыю). Паразважайце, як вы маглі б растлумачыць уласны істотны досвед дзіцяці, камусьці вашага ўзросту і камусьці значна старэйшаму за вас. Глыбокае пасланне можа быць аднолькавым, але неабходна выкарыстоўваць розныя словы, каб кожны мог зразумець.

Адчувайма ж на працягу ўсяго нашага жыцця, як Дух Святы зноў і зноў кліча нас з нашага «месца», каб мы маглі распавядаць пра справы Божыя.

- Якія «месцы» з’яўляюцца важнымі ў маім жыцці? Як мне выйсці «вонкі» гэтых месцаў? Магчыма, мне часам бывае цяжка выйсці «вонкі» – чаму?

- Што я даведаўся/даведалася пра Бога, уласную веру, свет, іншых і сябе ад людзей, якія маюць адрозны ад майго ўласнага досведу свету?

- Якім чынам я б падзяліўся/падзялілася ўласным важным досведам з дзіцем, з кімсьці майго ўзросту і з кімсьці старэйшым за мяне?



Іншыя біблійныя разважанні:

Апошняе абнаўленне: 1 May 2024