Пілігрымка Даверу на зямліЗ году ў год усё больш і больш моладзі прыязджае ў Taizé: але як заахвоціць маладых людзей да малітвы і службы тым, хто жыве найбліжэй да іх? Задума пілыгрымкі даверу імкнецца ахапіць гэтую задачу, прапануючы кожнаму вырушыць у дарогу… “Кроч наперад па сваім шляху, бо шлях існуе толькі тады, калі ты ідзеш”.
Спачатку сустрэчаПадчас розных этапаў пілігрымкі даверу, вялікіх і малых, міжнародных і мясцовых, удзельнікі і прымаючыя сем’і запрашаюцца перадусім на сустрэчу. Часам сем’і прымалі хлапцоў і дзяўчат з той краіны, якая некалькі гадоў да гэтага ваявала з іх роднай краінай. Гасціннасць перажываецца ў вялікай прастаце і руйнуе шматлікія бар’еры і перадузятасці. Гэтак было падчас сустрэч у Заграбе, Сараева, Качабамбе і Найробі. Пасля спаткання ў Порта адзін малады чалавек напісаў: “Пілігрымка – гэта цэлая падзея для пілігрымаў, для тых, хто асмельваецца пакінуць сваю хату і рызыкуе пацярпець паразу, але таксама для тых, хто прымае гасцей і разумее, што атрымлівае штосьці нашмат большае. Тысячы людзей вырашылі адчыніць дзверы сваіх дамоў для тысяч маладых пілігрымаў. Яны падзяліліся сваёй маёмасцю, але больш гэтага, яны падзяліліся сваім жыццём, верай, надзеяй”.
Пілігрымка даверу – гэта перадусім сустрэча з Езусам Уваскрослым і з іншымі. Дзякуючы супольнай малітве, кожны адкрываецца на Бога. А дзякуючы гасціннасці і шчырасці, усе гатовыя прымаць адно аднога і ўзаемна ўзбагачацца, не зважаючы на бар’еры і адрозненні. Духоўнае жыццё і чалавечая салідарнасць“Падчас пілігрымкі даверу на зямлі, пілігрымкі, што аб’ядноўвае моладзь з розных краін, мы ўсё глыбей разумеем важную ісціну: усе людзі – гэта адна сям’я і Бог жыве ў кожным чалавеку без выключэння” (Брат Алоіс, Ліст з Калькуты) Для брата Ражэ асноўным было не ствараць рухаў вакол супольнасці. Наадварот, пасля ўдзелу ў этапе пілігрымкі даверу кожны запрашаецца жыць у сваіх дамах з тым, што пачарпнуў у Евангеллі, рабіць гэта з большай свядомасцю жыцця, якое ў іх існуе, і таксама чыніць канкрэтныя жэсты салідарнасці ў сваім акаленні. У многіх краінах моладзь рэгулярна збіраеца, каб маліцца спевамі Taizé, заўсёды пры падтрымцы мясцовага Касцёла. Пры магчымасці браты наведваюць моладзь і падтрымліваюць яе ў пошуках. Гэтыя візіты нібы малыя этапы пілігрымкі даверу. Дзякуючы ім мы можам паглыбіць нашу супольную адданасць касцёлу і наведаць мясцовыя парафіі. Браты імкнуцца падтрымаць пошук міру і адзінства паўсюль, дзе ён існуе. Сустрэчы моладзі арганізуюцца на ўсіх кантынентах. У канцы кожнага году, у перыяд паміж Божым Нараджэннем і Новым годам, ў адным з буйных еўрапейскіх гарадоў ладзіцца вялікая сустрэча. Некаторыя браты жывуць далёка ад Taizé, большасць з іх - сярод самых бедных. Жывучы ў маленькіх брацтвах, яны працуюць з вязнямі ў Карэі, падтрымліваюць інвалідаў у Бангладэшы, прымаюць шматлікія групы дзяцей у Сенегале і ў Бразіліі, вядуць сустрэчы моладзі ў Кеніі. Існаванне гэтых маленькіх асяродкаў супольнасці заснавана на супольнай малітве і братэрскім жыцці. На ўсіх кантынентахУ гэтым раздзеле сайта размешчаны абвесткі пра будучыя сустрэчы ў розных краінах, аповеды пра нядаўнія сустрэчы з апісаннем канкрэтных прыкладаў чалавечай салідарнасці, а таксама інфармацыя пра жыццё братоў у Афрыцы, Лацінскай Амерыцы і Азіі. Штогадовы ліст ад брата Алоіса дапамагае паглыбіць разважанні і малітву ў рамках пілігрымкі даверу. Навіны Taizé па электроннай пошце выходзяць з перыядычнасцю два разы на месяц і апісваюць тое, што адбываецца ў Taizé і ў розных краінах, паведамляюць пра будучыя сустрэчы і абнаўленні на сайце.
Падчас еўрапейскай сустрэчы ў Берліне брат Алоіс абвесціў 30 тысячам пілігрымаў будучыя этапы «пілігрымкі даверу на зямлі».
Ён таксама прапанаваў шлях разважанняў на тры бліжэйшыя гады, каб моладзь з усіх кантынентаў змагла мабілізаваць свае высілкі, з’яднаць чаканні, інтуіцыю і вопыт вакол тэмы “новай салідарнасці”. Вынікі гэтага пошуку будуць падведзены падчас сустрэчы, якая адбудзецца ў Taizé ў жніўні 2015 года. |