Побыт непаўнагадовае моладзі ў Тэзэ

У сустрэчах у Тэзэ можа прымаць удзел таксама моладзь ва ўзросце да 18 гадоў.

Калі вы плануеце прыехаць з гупай моладзі, калі ласка, запазнайцеся з гэтае інфармацыяй.

- 15-17-гадовыя падлеткі: могуць прымаць удзел у сустрэчах у Тэзэ пры суправаджэнні адпаведнае асобы (гл. ніжэй).

- Моладзь ва ўзросце да 15 гадоў: можа ўдзельнічаць у сустрэчах у Тэзэ, арганізаваных для сем’яў, перабываючы пад наглядам бацькоў.

Бацькоўскі дазвол

Дзеля таго, каб удзельнічаць у моладзевых сустрэчах у Тэзэ непаўнагадовыя павінны мець з сабой пісьмовы дазвол ад бацькоў. Гэтым дазволам бацькі вызначаюць законнага апякуна свайму дзіцяці на час побыту з належным яму правам прымаць медыцынскія рашэнні ў выпадку неабходнасці. Гэтая асоба павінна быць даступная па мабільным тэлефоне, а маладзёны на працягу ўсяго знаходжання ў Тэзэ павінны мець дазвол пры сабе. Тутака вы знойдзеце бланк, які трэба падпісаць і мець з сабою. Акрамя таго, паклапаціцеся загадзя, каб праверыць неабходнасць наяўнасці дазволу на выезд вашага непаўнагадовага дзіцяці за мяжу.

Суправаджаючыя дарослыя, кантактныя асобы, апякуны

Для моладзевых груп, у склад якіх уваходзяць падлеткі ва ўзросце 15-17 гадоў, існуе патрэба ў адной кантактнай асобе на кожныя 7 непаўнагадовых (пажадана, каб апякун меў ад 20 да 29 гадоў, калі тое немагчыма – старэйшы за 30 гадоў), каб дапамагаць у правядзенні пунктаў праграмы сустрэч. Гэтыя апякуны бяруць на сябе адказнасць за групу дзялення, якая складаецца з прыкладна дзясяці маладзёнаў, якія паходзяць з розных іншых груп моладзі, што прыехалі да Тэзэ. Пры рэгістрацыі гэтых апякуноў трэба рэгістраваць разам з 15-17-гадовымі падлеткамі ў праграме для 15-17-гадовых асоб. Пры гэтым апякуны могуць унесці такі сам грашовы ўнёсак за свой побыт у Тэзэ, які прадугледжаны для моладзі.

Кіраўнік групы мае абавязак забяспечыць прысутнасць усіх 15-17-гадовых падлеткаў, якіх будуць суправаджаць апякуны, на тлумачальнай сустрэчы ў нядзелю вечарам а 19:45 (месца ўказваецца па прыбыцці ў Тэзэ). У часе гэтае сустрэчы будзе пададзена важная інфармацыя наконт асабістае бяспекі падчас малых груп дзялення.

Апякуны маюць абавязак праяўляць асаблівую пільнасць адносна бяспекі непаўнагадовых, якія знаходзяцца пад іх адказнасцю. Між іншым, яны сочаць за тым, каб маладзёны не пакідалі вёскі Тэзэ, прымаючы паўнавартасны ўдзел у прапанаванае ім праграме.

Рассяленне

Паводле правілаў, якія дзейнічаюць ва Францыі, мы забяспечваем рассяленне непаўнагадовых асобна ад дарослых. Дзеля кантролю добрых паводзінаў моладзі і захавання начной цішыні, дарослыя размяшчаюцца побач, у бараках падлеткаў або ў бараках, прызначаных для апякуноў.

Для кожнае групы вам спатрэбяцца некалькі апякуноў, якія жывуць у тым жа раёне, што і моладзь, каб мець магчымасць належным чынам кантраляваць іх (у тым ліку ў начны час). Для разнаполавых груп моладзі спатрэбяцца апякуны мужчынскага і жаночага полу. Часта гэта будуць тыя ж людзі, якія будуць займацца таксама пытаннямі рассялення моладзі.

(Звярніце ўвагу, што, калі дарослая асоба/апякун мае істотную патрэбу ў асобным размяшчэнні, у рэгістрацыйнае форме ўпішыце яе ў графу «adults/дарослыя», пазначаючы аднак у каментарыі, што гэта кантактная асоба/апякун).

Юрыдычныя аспекты

Кіраўнік групы, які прыязджае ў Тэзэ з непаўнагадовымі, павінен пераканацца, што ўсе, хто суправаджае непаўнагадовую моладзь у яго групе, могуць бяспечна працаваць з непаўнагадовымі. Калі ласка, азнаёмцеся з патрабаваннямі заканадаўства РБ для асобаў, якія суправаджаюць непаўнагадовых, пагадзіцеся з імі і вазьміце з сабой неабходныя дакументы, каб прад’явіць іх падчас прыёму ў Тэзэ.

Рэкамендуем запазнацца з інфармацыяй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь Правілы перасячэння граніцы з дзецьмі [https://gpk.gov.by/by/perasyachenne-granitsy/pravily-perasyachennya-granitsy-z-dzetsmi/].

Асабістая бяспека

• Як рэагаваць, калі непаўнагадовы прызнаецца мне, што стаў ахвярай нападу (у Тэзэ, у школе, дзе-небудзь яшчэ)?

Важна прачытаць працэдуры, апісаныя на гэтай спецыяльнай старонцы, і прымяніць іх на практыцы. У прыватнасці:
- зычліва выслухаць.
- захоўваць спакой.
- не задаваць занадта дакучлівых або выпытваючых пытанняў.
- выразна ўсвядоміць дзіцяці, каб не трымала гэта ў сабе.
- перадаваць інфармацыю выключна тым, каму трэба пра тое ведаць.
- калі ласка, звярніце ўвагу, што вы павінны паінфармаваць людзей, якія нясуць юрыдычную адказнасць за маладога чалавека, а таксама тых, хто адказвае за арганізацыю, ад якой вы прыехалі ў Тэзэ (царкоўны прыход, фундацыя, школа і г.д.).

• Які пратакол дзейнічае ў Тэзэ ў выпадку здзяйснення крымінальнага злачынства з удзелам непаўнагадовага?

- Па любым крымінальным злачынстве Абшчына Тэзэ знаходзіцца ў цесным кантакце з дзяржаўнымі органамі.

Калі ласка, прачытайце таксама інфармацыю на старонках Санітарныя пытанні ды Пытанні бяспекі [https://www.taize.fr/be_rubrique3440.html].

Printed from: https://www.taize.fr/be_article37555.html - 13 December 2024
Copyright © 2024 - Ateliers et Presses de Taizé, Taizé Community, 71250 France