TAIZÉ

Брат Алоіс

2017: Разам адкрываючы шляхі надзеі

 

На пачатку верасня 2016 г. чарговы этап Пілігрымкі Даверу на Зямлі сабраў разам 7500 маладых афрыканцаў у Катану, Бенін¹. Тэма гэтае сустрэчы будзе суправаджаць і натхняць нас у 2017 годзе: разам – не самому, але пры падтрымцы іншых – мы можам адкрыць шляхі надзеі – у нас самых, вакол нас і для чалавечае сям’і.

Адно з пытанняў, што было зададзена ў Катану: “Для таго, каб песціць надзею, якім чынам трэба пазбыцца пасіўнае пазіцыі задавальнення, калі мы чакаем зменаў, што прыйдуць звонку?”

Гэта акутальна для тых з іншых кантынентаў, хто слухае афрыканскую моладзь, што прагнуць большае справядлівасці ў палітычных і эканамічных адносінах: гэта адна з умоў для ніх, каб рэальна прадугледзець будаванне будучыні ў іх краінах.

Для таго, каб падрыхтаваць будучыню, усё больш моладзі Афрыкі хоча выкарыстаць іх вялікі творчы патэнцыял. Затым яны змогуць абмеркаваць мужнасць маладзёнаў у іншых частках свету, што знаходзяцца ў падобнае сітуацыі.

Працягваючы рэфлексію, што была распачатая ў Катану, у Тэзэ ды паўсюль, ніжэй пададзеныя чатыры прапановы, якія будуць весці нас да адкрыцця шляхоў надзеі.

Будзьма спрабаваць шукаць шляхі адкрыцця, як гэтыя прапановы на практыцы разам са сціпласцю, разам з радасцю і міласэрнасцю, якія Брат Ражэ жадаў размесціць у сэрцы жыцця Супольнасці Тэзэ.

¹ Пасля Ёханэсбургу (1995), Найробі (2008) і Кігалі (2012), гэты чацвёрты этап Пілігрымкі Даверу на Зямлі быў арганізаваны ў Катану, Бенін, ад 31 жніўня да 4 верасня на запрашэнне Каталіцкага касцёла і метадыстычных цэркваў краіны. Акрамя ўдзельнікаў з Беніну – 7500, галоўным чынам прыехалі з Тога (800), Нігерыі (550), Ганы (100), Буркіна-Фасо (160) і Кот-д’Івуару (50). Увогуле былі прадстаўленыя 20 афрыканскіх краінаў, а таксама 60 еўрапейцаў з 15 розных краінаў. Французская, ангельская і мова фон былі выкарыстаныя пад час варштатаў і форумаў, а пад час літургіі гучалі таксама мовы ёруба і міна.

Першая прапанова: Моцна трываць у надзеі: гэта творчасць


Ён насуперак надзеі паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў, паводле казанага: «Такім будзе патомства тваё». (Рымлянаў 4, 18)
Надзея для душы ёсць — быццам якар бяспечны і моцны. (Габрэяў 6, 19)
Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго. (Лукі 18, 17)

У сённяшнім нестабільным свеце мы збянтэжаныя гвалтам, пакутамі і несправядлівасцю. Усё тварэнне енчыць, нібы перажывае боль родаў. Святы Дух таксама енчыць, але гэты ж Дух з’яўляецца падтрымкаю нашае надзеі (гл. Рымлянаў 8, 22 і 26). Але што мы можам зрабіць?

Вера – гэта проста давяраць Богу. Гэта не азначае атрымліваць гатовыя адказы, але азначае для нас не быць спаралізаваным страхам ці збянтэжанасцю. Гэта вядзе нас да актыўнага ўдзелу, вызначае нас у дарозе. Такім чынам мы разумеем, што Евангелле адкрывае шырокі гарызонт надзеі за межамі ўсіх нашых спадзеваў.

Гэтая надзея не проста паспешны аптымізм, што закрывае вочы на рэальнасць, гэта якар укінуты ў Бога. Гэта творчасць. Прыкметы гэтага можам знайсці ў самых нечаканых месцах на зямлі.

  • Ці зможам мы верыць у прысутнасць Святога Духа ў нашых сэрцах і ў свеце? Ці можам мы лічыць на тую прысутнасць, нават, калі яна нябачная?
  • Хай нашая вера застаецца простаю, як давер дзяцей! Тое не азначае размывання зместу веры, але моцнае трыманне за тое, што знаходзіцца ў цэнтры – Божую любоў для чалавецтва і ўсяго тварэння. Біблія апавядае пра тое, ад моманту зараджэння праз усе перашкоды, а нават непаслухмянства чалавека. Бог ніколі не стамляецца любіць: і тое павінна ўтрымліваць у нас надзею!
  • Для таго, каб дазволіць сабе і тым, што побач, быць прасякнутым гэтым пастулатам, нам неабходна часцей збірацца разам на малітву. Сціплая прыгажосьць малітвы адлюстроўвае нешта таямнічае ад Бога і можа прывесці да асабістае сустрэчы з Богам.

Другая прапанова: Спрасціць нашае жыццё, каб дзяліцца гэтым


Езус кажа: Я ціхі і пакорны сэрцам. (Мацвея 11,29)
Задарма атрымалі, задарма давайце. (Мацвея 10,9)
Езус адказаў яму: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай убогім, … пасля прыходзь і ідзі за Мною». (Мацвея 19, 21)

Хцівасць – гонка за грашыма і поспехам – прыводзіць да несправядлівасці і расчараванняў. Дух дзялення, які запрашае развіваць у нас Евангелле, з’яўляецца адным са шляхоў надзеі, якія нам трэба сёння адкрыць.

Выбіраючы сціплае жыццё, атрымоўваем крыніцу свабоды і радасці. Тады жыццё становіцца менш цяжкім. Сціпласць прадугледжвае празрыстасць сэрца. Не будучы наіўнаю, яна адмаўляецца ад недаверу. Гэта супрацьлегласць двудушнасці. Гэта дазваляе нам без страху ўступаць у дыялог з кожным, каго сустракаем. Жыццё Езуса з’яўляецца таму прыкладам.

  • Занепакоеныя матэрыяльнымі рэчамі, будзьма імкнуцца весці сцпілейшае жыццё. Гэта будзе натхняць нас на ўчынак дзялення перад абліччам чалавечых пакут, зневажальнае галечы, выпрабаванняў мігрантаў ці канфліктаў па ўсім свеце.
  • Давайце знойдзем спосабы падтрымкі адзін аднаго па рэалізацыі смелых знакаў надзеі па-суседску, у месцы нашае працы ці навучання, з дапамогай грамадскіх ці экалагічных арганізацый.
  • Якім чынам мы можам жыць у большае гармоніі са стварэннем праз просты і сціплы лад жыцця, спрыяючы, такім чынам, у барацьбе супраць экалагічных катастроф і глабальнага пацяплення? Гэтая барацьба не толькі для кіраўнікоў нацый; кожны можа, напрыклад, спажываць больш мясцовых прадуктаў, болей карыстацца грамадскім транспартам…
  • Ці можа тое пытанне застацца ў нашых сэрцах: я гатовы ісці за Хрыстом, тым, хто ціхі і пакорны сэрцам, вырашыўшы вечна належаць Яму ў шчырасці і духу шчодрасці?

Трэцяя прапанова: Ісці разам, каб дазволіць рэалізавацца дынамізму Евангелля.


Штодня збіраліся аднадушна ў святыні, і ламаючы дома хлеб, яны спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца. (Дзеі Апосталаў 2, 46)
Розныя ёсць дары, але той самы Дух. Розныя ёсць служэнні, але той самы Пан. (1 Карынцянаў 12, 4-5)
Гасціннасці да вандроўнікаў не забывайце; бо праз яе некаторыя, ня ведаючы, гасцінна прынялі анёлаў. (Габрэяў 13, 2)

Біблія апавядае гісторыю пра двух мужчын, Пятра і Карнэлія, што дыяметральна адрозніваліся па ўсіх поглядах, але сустрэўшы адзін аднаго, адкрылі раней невядомую абодвум праўду. Трэба было перабываць разам, каб зразумець, што Святы Дух руйнуе муры і яднае тых, хто, як думалі, былі чужынцамі. Дынамізм Евангелля раскрываецца толькі тады, калі мы разам. (Прачытай 10 і 11 главы Дзеяў Апосталаў)

Калі хрысціяне падзеленыя паміж канфесіямі альбо нават у межах адной Царквы, пасланне Евангелля зацямняецца. Ці зможам мы ісці поруч без таго, каб дазваляць розніцам дзяліць нас? Калі мы, хрысціяне, знойдзем шлях, каб паказаць, што еднасць магчымая ў разнастайнасці, дапаможам усяму чалавецтву быць больш з’яднанаю сям’ёю.

  • Хрыстус яднае ў адной супольнасці мужчын і жанчын, дзяцей і састарэлых, усе гарызонты, мовы і культуры, а нават тыя з ніх, што гістарычна былі процілеглымі. Шукайма простых спосабаў паказаць тое там, дзе мы жывем.
  • Каб заставацца жывою, кожная супольнасць пакліканая выйсці па-за свае рамкі. Ці мы можам развіваць пачуццё гасціннасці, на вобраз і падабенства Бога, да хрысціянаў, чые погляды так істотна адрозніваюцца ад нашых? Такая адкрытасць сэрцаў вымагае “перакладу”, так як розныя верванні і перакананні могуць быць накшталт замежных моваў.
  • Нават калі памяць аб узаемнай нецярпімасці сярод хрысціянаў падзеленых цягам гісторыі застаецца жывою і не ўсе пытанні могуць быць вырашаныя, у любым выпадку будзьма адважнымі прыняць адзін адно, даруючы, без спробаў усталяваць, хто меў рацыю, а хто завініў? Не бывае прабачэння без ахвяравання.
  • Гасціннасць ідзе поруч з прызнаннем іншасці іншых. Калі іх перакананні застаюцца для нас незразумелымі, прынамсі, можам быць чулымі на іх шчырасць. У адкрыцці другога прысутнічае нейкі ўрачысты элемент!

Чацвёртая прапанова: Дазволіць узрастаць сяброўству дзеля прыгатавання супакою

Езус не саромеецца называць нас братамі і сёстрамі. (Габрэяў 2, 11)
Езус сказаў: адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты і сёстры. І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны. (Мацвея 23, 8-9) Ён таксама сказаў: Бо хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці. (Мацвея 12, 50)
І прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня, і сядуць за стол у Валадарстве Божым. (Лукі 13, 29)

Яшчэ адзін шлях надзеі, які мы сёння можам адкрыць, гэта чыны на карысць супакою і міжнароднае справядлівасці.

Супакой на зямлі пачынаецца ў сэрцы кожнае асобы. Перадусім належыць змяніць свае сэрцы, і гэтая змена складаецца з простага пераўтварэння – дазваляючы Духу Божаму знаходзіцца ў нас, прымаючы супакой, што будзе распаўсюджвацца і перадавацца адно аднаму. “Дасягніце ўнутранага супакою, а тысячы вакол вас будуць збаўленыя“. (Серафім Сароўскі, рускі манах, 1759-1833).

  • Давайце нашым уласным жыццём пісаць новыя старонкі простае салідарнасці, што выходзіць па-за межы муроў і падзелаў: фізічных муроў, збудаваных у розных частках свету, але таксама муроў невуцтва, забабонаў і ідэалогіі. Будзьма адкрытымі на іншыя культуры і менталітэты.
  • Мы не можам не дазволіць увайсці ў нашыя сэрцы чужынцам, бо адмаўленне ад іншых з’яўляецца насеннем варварства. Замест таго, каб бачыць у чужынцах пагрозу нашаму ўзроўню жыцця ці культуры, ці можам мы прыняць іх у якасці чальцоў адной і той жа чалавечае сям’і? Чаму б проста не пайсці наведаць бежанцаў, каб проста пазнаёміцца з імі, паслухаць іх аповедаў? Затым – хто ведае – услед могуць рушыць іншыя крокі.
  • Якім чынам мы можам пазнаць іншых, што адрозніваюцца ад нас? Дзяліцца з тымі, хто думае інакш, у дыялогу, калі мы насамрэч слухаем адзін адно, не пераходзячы на аргументы яшчэ да таго, як зразумелі іншую асобу. Ці можам мы знайсці шляхі, што засталіся ў месцах падзелу, і будаваць масты? Памолімся за тых, каго мы не разумеем, і за тых, хто не разумее нас.
  • Прыкметы салідарнасці могуць быць памножаныя і па-за межамі рэлігіі. Сустрэча вернікаў іншых рэлігій заахвочвае нас да паглыблення ведаў аб нашае ўласнае веры, пытаючы тым часам сябе: што Бог хоча сказаць нам і даць нам праз гэтых братоў і сясцёр, што так адрозніваюцца ад нас.
Апошняе абнаўленне: 3 January 2017

PDF - 2.3 Mb
Прапанова 2017