TAIZÉ

Нядзельныя разважанні братоў

 
Падчас некаторых перыядаў літургічнага года браты Супольнасці ў часе нядзельнай цэлебрацыі дзеляцца разважаннямі, тэксты якіх будуць апублікаваны на гэтае старонцы.

Нядзеля Хросту Пана | Разважанне брата Рудольфа

Чаму Езус хоча прыняць хрост ад Яна? Яму ж тое не трэба, ён жа не грэшнік. Цалкам наадварот, Ён прыйшоў, каб дараваць нашы грахі. Дык чаму Ён настойвае на тым, каб прыняць хрост?

Езус не жадае быць большым, важнейшым за іншых. Ён хоча быць падобным да ўсіх тых, хто прыходзіць хрысціцца да Яна. Сваім хрышчэннем у Ярдане Ён ставіць сябе на наш бок, пасярод нас.

Ян хрысціцель ведае, кім з’яўляецца гэты чалавек, які прыходзіць да яго. Ён кажа: «Я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных».

Калі Езус выходзіць з вады, адбываецца нечаканае. Адбываецца тое, чаго не здаралася ні з кім з іншых, ахрышчаных Янам.

Неба адкрываецца, і Дух сыходзіць на Езуса ў выглядзе голуба.

Езус чуе голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я». Езус атрымлівае Духа свайго Айца, Духа Святога.

А як адбываецца наш хрост? Раней тыя, хто прымаў хрост, зыходзілі да глыбокай сажалкі і адтуль падымаліся.

Я доўгі час жыў у нашай фратэрніі ў Алагоіньясе, у вельмі бедным рэгіёне Бразіліі. Пры ўваходзе ў наш касцёл быў баптыстэрый, як у старажытных цэрквах. Мы зыходзім да вады, каб зноў падняцца.

Кожны раз, калі хтосьці выходзіць з гэтага баптыстэрыя, усе разам спяваюць.

Калі гэта толькі што ахрышчаная Тамірэш, мы тройчы спяваем: «Тамірэш, ты дачка мая ўмілаваная, цябе ўпадабаў Я, цябе ўпадабаў Я». Калі толькі што ахрышчаным стаў Ёнатан, мы тройчы спяваем: «Ёнатан, ты сын мой умілаваны, цябе ўпадабаў Я, цябе ўпадабаў Я».

Гэта голас, які сышоў з неба падчас хросту Езуса. Мы спяваем тыя словы, якія Езус пачуў першымі. Спяваем іх часам па 10, часам па 20 разоў, спяваем для кожнага ахрышчанага.

Праз хрост усе мы становімся дзецьмі Божымі, Ягонымі сынамі і Ягонымі дачкамі. Наш хрост злучае нас з Езусам.

Ікона дружбы добра гэта адлюстроўвае. Рука Езуса, пакладзеная на тваё плячо: вось мы, двое дзяцей Божых, якія крочаць разам.

У Алагоіньясе даволі часта здараецца, што падлетак гіне ў выніку звядзення рахункаў паміж рознымі картэлямі. Ахрышчаны падлетак, які з’яўляецца Божай радасцю.

У наваколлі часцяком я чуў: ён гэта заслужыў, заслужыў сваю смерць. У той час як Бог сказаў яму: «Цябе ўпадабаў Я»!

Аднойчы маці Ёнатана, падлетка-вязня, распавяла мне пра візіт да сына. Яна кладзе рукі на рукі сына, якога жорстка катавалі ў паліцыі. Яна доўга спявае госпел, у якім гаворыцца:
Куды б вы ні пайшлі, у цемры ночы, вашае мінулае для Бога не мае значэння, Ён не пакіне вас.
А рэфрэнам гучаць словы:
Я ніколі не бачыла такой любові. Ён ніколі ні ад каго не адмаўляецца!

Вера гэтай маці зрабіла на мяне ўражанне. З таго часу кожны раз, калі забіваюць маладзёна, мы спяваем каля яго адкрытай труны той самы госпел. Выспяванне пра Божую радасць над труною не з’яўляецца нечым відавочным і зразумелым.

Узгадайма ж свой уласны хрост і праспявайма аб радасці Божай. Услухаемся ж уважліва ў Яго голас, які кажа кожнаму:«Ты дзіця маё ўмілаванае, цябе ўпадабаў Я».

Апошняе абнаўленне: 12 January 2024