TAIZÉ

Любляна 2023-2024

Пасланні ўдзельнікам Сустрэчы

 
На гэтае старонцы публікуюцца звароты царкоўных і палітычных лідэраў да ўдзельнікаў 46-ае Еўрапейскае сустрэчы Тэзэ ў Любляне.

Папа Францішак, біскуп Рыма
Барталамей I°, Сусветны Патрыярх
Джасцін Уэлбі, арцыбіскуп Кентэрберыйскі і прымас Царквы Англіі
вялебны Джэры Пілэй, Генеральны сакратар Сусветнае Рады Цэркваў
вялебная Анне Бургхардт, Генеральны сакратар Сусветнае лютэранскае федэрацыі
сп. Антоніа Гуцьерэш, Генеральны сакратар ААН
спн. Урсула фон дэр Ляен, старшыня Еўрапейскае камісіі
спн. Наташа Пірц-Мусар, Прэзідэнт Рэспублікі Славенія


Папа Францішак

Дарагая моладзь, з нагоды 46-ае Еўрапейскае сустрэчы, арганізаванай у Любляне Супольнасцю Тэзэ на тэму «Сумеснае падарожжа», Яго Святасць Папа Францішак дасылае вам сваё прывітанне. Ён таксама выказвае сваю блізкасць да ўсіх вас, хто на розных узроўнях удзельнічае ў жыцці Царквы і розных нацый.

Нядаўнія Сусветныя дні моладзі далі вам магчымасць жыць, як Царква, як супольнасць, цудоўным вопытам сяброўства з Богам ды іншымі людзьмі. Так, так, сапраўды, вы – Божае сёння, вы – сённяшні дзень Царквы! Царква мае патрэбу ў тым, каб вы былі цалкам сабой. Будучы Царквою, вы з’яўляецеся Целам Уваскрослага Пана, які прысутнічае ў свеце. Дарагія сябры, мы жывем у свеце, поўным шуму, дзе каштоўнасці цішыні і выслухоўвання задушаны. У гэтым кантэксце я запрашаю вас нанова адкрыць для сябе глыбокае вымярэнне слухання. Слуханне – гэта акт любові. Яно ляжыць у аснове даверу. Без слухання мала што можа расці і развівацца. Слуханне дае іншаму чалавеку магчымасць існаваць. Часцяком у нас складваецца ўражанне, што варта слухаць таго, хто гучней крычыць. На жаль, усё большыя маштабы сёння набывае гвалт. Мы жывем у складаны час, канфлікты і войны рассеяныя па ўсім свеце, таму што больш ніхто не слухае. Заахвочваю вас адважыцца будаваць іншы свет, свет выслухоўвання, дыялогу і адкрытасці, «каб паказаць іншым мары, якіх не прапануе гэты свет, каб засведчыць аб прыгожай велікадушнасці, служэнні, чысціні, мужнасці, прабачэнні, вернасці ў сужэнстве, малітве, барацьбе за справядлівасць і агульнае дабро, аб любові да бедных, грамадскім сяброўстве» (Christus vivit [1], №36).

Адзін з выклікаў, з якімі вы сутыкнуліся, – гэта ісці разам, працаваць у напрамку якаснай трансфармацыі жыцця ў нашых грамадствах. Ісці разам азначае перакрыць дарогу маргіналізацыі, замкнёнасці, выключэнню і непрыняццю нейкай адной катэгорыі людзей. Вы становіцеся будаўнікамі мастоў паміж народамі, культурамі і рэлігіямі для стабільнага і адкрытага свету. Нашым абавязкам з’яўляецца жыццё на ўзор Езуса, нашага Настаўніка і Пана, які нікога не выключаў са свайго шляху. Укаранёны ў еднасці з Богам, Хрыстус дзяліўся сваім жыццём з тымі, хто да Яго прыходзіў. Ён распазнаваў Божую прысутнасць у жанчынах і мужчынах на ўзбочыне грамадства, нават у тых, хто не належаў да Ягонага народа.

Сутыкнуўшыся з сучаснымі выклікамі і нашай уласнай слабасцю, некаторыя людзі часам адчуваюць сябе «бяздомнымі». Калі ж мы сутыкнемся з гэтымі праблемамі, перабываючы разам, ва ўсім гэтым можам дасведчыць прыгажосць, трансцэндэнтнасць, якія дапамогуць нам адкрыць тую іскру, якая прымушае нас з новай жыццёвай сілай пачынаць нанова.

Дарагая моладзь, Святы Айцец разлічвае на вас і давярае вам, Царква давярае вам. Сваімі словамі і дзеяннямі перадайце нашаму свету, які адкідае ўразлівых людзей, магутны пасыл. Учыніце свае мары аб любові, справядлівасці і міры канкрэтнай рэальнасцю, пачынаючы з сябе. Жывіце сучаснасцю. Не ахвяруйце сваёй каштоўнай маладосці на алтар павярхоўных задавальненняў. Не дазваляйце скрасці вашыя мары і спрыяйце таму, каб «будаваць грамадства, годнае такой назвы» (Fratelli tutti [2], № 71). Давяраючы кожнага з вас і вашы сем’і Пану праз заступніцтва Панны Марыі, Папа Францішак ад усяго сэрца ўдзяляе вам сваё апостальскае дабраслаўленне. Прашу вас маліцца за яго.

кардынал П’етра Паралін
Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці

Сусветны Патрыярх Барталамей I°, Архіепіскап Канстанцінопаля – Новага Рыма

Шаноўная моладзь,

мы дасылаем нашыя самыя цёплыя і айцоўскія прывітанні ўсім вам, хто сустракаецца ў гэтым цудоўным горадзе Любляне, сталіцы Славеніі, дзе зараз праходзіць 46-я Еўрапейская моладзевая Сустрэча Тэзэ, прысвечаная тэме, якая сёння асабліва важная – «Сумеснае падарожжа».

Мы з вялікай радасцю дасылаем вам гэтае пасланне міру і надзеі, калі вы падзяляеце непаўторны момант у сваім жыцці – час малітвы, разважанняў і экуменічнага братэрства. Больш за сорак гадоў духоўная традыцыя Супольнасці Тэзэ, ідучы па слядах свайго заснавальніка брата Ражэ, стварыла непаўторную прастору, дзе маладзёны розных хрысціянскіх канфесій з усёй Еўропы могуць крочыць разам гэтым паломніцтвам еднасці і прымірэння. У цэнтры гэтае Сустрэчы вы адкрыеце для сябе багацце нашых адрозненняў, але й моц нашага адзінства ў веры. Натхнёныя словамі Самога Госпада нашага Езуса Хрыста, запрашаем вас у сумеснае падарожжа. Прыгадайма ж Ягоныя словы з Евангелля паводле святога Яна Багаслова: “Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго” (Яна 13, 34). Няхай гэтая любоў будзе кіраваць вашым сумесным падарожжам, ствараючы глыбокуя сувязь сяброўства і ўзаемаразумення. У гэты пераломны перыяд, на раздарожжы двух гадоў, калі мір у Еўропе і свет патрабуе нашай поўнай аддачы, мы пакліканы да сумеснай працы ў напрамку будучыні справядлівасці, прымірэння і салідарнасці. Няхай вашыя абмеркаванні і разважанні будуць накіраваны на вырашэнне праблем нашага часу, заахвочваючы кожнага ўнесці сваю лепту ў пабудову лепшага і больш справядлівага свету. Як казаў святы Васіль Вялікі, “Без міру з усімі народамі, наколькі гэта адпавядае маім магчымасцям, я не магу назваць сябе годным слугой Езуса Хрыста”. І дадаў, “Нішто так не ўласціва хрысціяніну, як быць міратворцам”. Мы спадзяёмся, што гэтыя дні будуць адзначаны стварэннем новых сяброўскіх путаў, ростам больш глыбокага разумення бліжняга і адкрыццём разнастайнасці хрысціянскае веры ў гэтым насычаным еўрапейскім кантэксце. Няхай гэты вопыт стане для вас значным крокам на супольным шляху веры, перамянення і размовы ў Хрысце.

Зрабіце разам гэтую Сустрэчу выключным момантам надзеі і братэрства. Няхай вашыя дзяленне ў групах і малітвы вядуць вас да будучыні, дзе хрысціянская моладзь, аб’яднаная ў сваёй разнастайнасці, можа адыграць значную ролю ў будаўніцтве лепшага свету, узорнай Еўропы, якой рухае экуменічны дух салідарнасці. Няхай Бог у гэтыя памятныя дні ў Любляне дабраславіць гэтую новую Еўрапейскую моладзевую Сустрэчу Тэзэ, а вас напоўніць мірам, любоўю і ласкай. Мы молімся за вас і дабраслаўляем вас. Ласка еднасці няхай ззяе ў кожным з вас і няхай будзе носьбітам надзеі, якая падтрымлівае жыццё Царквы, каб вы былі годнымі працаўнікамі міру.

Фанар, 20 снежня 2023 года

Джасцін Уэлбі, арцыбіскуп Кентэрберыйскі

Паважаны брат Мэцью,

Хачу яшчэ раз павіншаваць вас з тым, што вы сталі прыёрам Тэзэ (…). Малітоўнае чуванне ў Рыме стала сапраўды важнай і запамінальнай падзеяй. Ці калі-небудзь раней на плошчы Святога Пятра быў такі магутны экуменічны сімвал малітвы? Я быў вельмі крануты тым, што прысутнічаў там.

І, вядома, я рады паслаць вітальнае слова вашае 46-ае Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы. Якім незвычайным дабраславеннем была Супольнасць Тэзэ для Цэркваў на працягу многіх гадоў! Вашыя тэмы – выслухоўванне, падарожжа, перабыванне з іншымі, заставацца з Богам і з іншымі – з’яўляюцца абсалютна цэнтральнымі ў тым, што хрысціянскія Цэрквы могуць прапанаваць нашаму пакутліваму і церпячаму свету. Маладыя людзі – гэта надзея свету, няхай мае малітвы аб натхняльнай, уздымаючай Сустрэчы суправаджаюць вас, я ж малюся аб Божым дабраслаўленні для вас.


вял. Джэры Пілэй, Ген. сакратар СРЦ

“Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку” (Яна 10, 10).

Я вельмі рады даслаць вам нашыя малітвы і прывітання, калі вы сабраліся на сёлетнюю моладзевую Сустрэчу Тэзэ, а таксама падбадзёрыць вас на экуменічным шляху, які мае працягвацца.

Вы сустракаецеся ў момант асаблівага болю для Еўропы, ды і ўсяго свету. Тым больш варта аб’яднацца ў веры. Свет мае патрэбу ў вас, у вашай маладосці і бачнасці, у вашай праўдзівасці і гатоўнасці прыняць жыццё і служыць чалавецтву.

У гэтыя цяжкія дні, калі так багата людзей адчуваюць заламанасць, боль і адчай, хтосьці павінен адстаяць надзею. Няхай гэта будзеш ты! Бог гэтага жадае, Хрыстус натхняе, а Дух робіць гэта магчымым.

Мы ў Сусветнай Радзе Цэркваў далучаем вашу пілігрымку да нашай. Будзьма крочыць разам. Разам будзем маліцца. Мы будзем разам працаваць дзеля справядлівасці, міру і прымірэння.

Вось нашая малітва за вас: няхай Любляна стане для кожнага з вас наступным крокам на вашым святым шляху веры. Няхай на гэтым шляху вы знойдзеце радасці супольнасці, упэўненасць у любячай прысутнасці Бога і адвагу працягваць шукаць аўтэнтычнасць у вашым жыцці і справядлівасці для ўсяго чалавецтва. Няхай Бог Жыцця вядзе нас далей. Прымем жа жыццё з усімі яго небяспекамі і магчымасцямі і, з’яднаныя разам у Хрысце, будзьма жыць у любові да свету і яго будучыні.

Ваш у Хрысце

вял. Анне Бургхардт, Ген. сакратар Сусветнае лютэранскае федэрацыі

Дарагі брат Мэцью і ўсе браты з Супольнасці Тэзэ,
Дарагія пілігрымы, сабраныя зараз у Любляне на Еўрапейскую сустрэчу.

Дасылаем вам словы вітання ад Сусветнае лютэранскае федэрацыі. Віншуем у гэтыя дні Раства, адной надзеі, народжанай у свеце. Сёння, на ўзор пілігрымаў, рызыкуючы актыўна выслухоўваць, вы адкрываеце прастору для дзеяння Святога Духа, збліжаючы нас нечаканымі спосабамі, каб жыць у камуніі, жыць разам у еднасці, у паяднанай разнастайнасці.

Выслухоўванне – гэта евангельская прыгода. Выслухоўванне адкрывае шлях наперад пасярод гвалту і вайны, якія супрацьстаяць людзям і супольнасцям, сутыкаючы адну супраць другой. Выслухоўванне – гэта выраз веры, які чыніць нас свабоднымі, які вызваляе нас з абцугоў культуры поспеху і росквіту, якія зняволілі так багата людзей. У нашым сучасным свеце вельмі патрэбнае вашае сведчанне, калі вы збіраецеся і моліцеся, калі вы прыслухоўваецеся ў цішыні.

Сусветная лютэранская федэрацыя разам з яе шматлікімі Цэрквамі-чальцамі далучаюцца да малітвы за мір, за паяднанне, за справядлівасць і за надзею.


сп. Антоніа Гуцьерэш, Ген. сакратар ААН

Мне вельмі прыемна скіраваць усім вам прывітанне, прысутным на 46-ае Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы.

Мы жывем у эпоху ўзрастання напружанасці і пакут. Лютуюць войны. Нарастае галеча і голад. Наш клімат становіцца больш небяспечным і больш экстрэмальным.

Каштоўнасці Супольнасці Тэзэ, такія як салідарнасць і спачуванне, з’яўляюцца лекамі для свету, які знаходзіцца ў сумятні. Паколькі вашае пасланне натхняе нас, мы павінны знайсці шляхі, каб сумесна падарожнічаць па-над падзеламі для агульных рашэнняў, аб’яднаных нашае агульнае чалавечнасцю.

Ва ўсім свеце маладыя людзі вядуць прым, узнімаючы свой голас за перамены, ствараючы рашэнні і пракладаючы шлях да лепшае будучыні. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый падтрымлівае вас і ўсіх людзей, якія імкнуцца стварыць больш справядлівы і спагадлівы свет.

Жадаю вам усяго самага найлепшага на час вашае Сустрэчы. Дзякуй за вашу прыхільнасць прасоўванню міру, устойлівага развіцця і правоў чалавека ва ўсім свеце.


спн. Урсула фон дэр Ляен, старшыня Еўракамісіі

Дарагі брат Мэцью,
Дарагія прыяцелі Тэзэ,

Гэта было на Раство 2019 года, калі брат Алоіс упершыню напісаў мне, прасіўшы выступіць на Еўрапейскае моладзевае Сустрэчы Тэзэ ў Польшчы. Яго ліст уразіў мяне. Яго назва «Заўсёды ў дарозе, ніколі не губляючы каранёў» – была цытатаю са святой Уршулі Ледахоўскай. Гэта прымусіла мяне падумаць пра маіх дзяцей і многіх іншых маладых еўрапейцаў, умацаваных на спрадвечных каштоўнасцях, але заўсёды гатовых да інавацый ды змен. З тых часоў ваша штогадовая Еўрапейская моладзевая Сустрэча стала для мяне момантам, каб затрымацца і паразважаць пра Еўропу, адзінства і радасць ад пачуцця такой глыбокай сувязі з людзьмі з розных месцаў і розных слаёў насельніцтва. Летам 2022 года я адчула гэтую радасць нарэшце асабіста, сустрэўшыся з многімі з вас у вёсцы Тэзэ.

Вашыя спевы і вашая цішыня, вашыя малітвы і вашыя дыялогі: усё ў Тэзэ кажа пра адзінства ў разнастайнасці. У гэтым таксама й дух вашае Сустрэчы ў Любляне. І я асабліва ўдзячная брату Мэцью за запрашэнне паразважаць з вамі над ідэяй «сумеснага падарожжа». Свет вакол нас расколваецца і палярызуецца. Вайна вярнулася ў Еўропу і на Блізкі Ўсход. Вера выкарыстоўваецца для таго, каб раз’ядноўваць людзей, замест таго, каб іх збліжаць. Экстрэмальныя сілы спрабуюць пасеяць раскол у нашым грамадстве замест таго, каб спрыяць супрацоўніцтву дзеля агульнага дабра. Усё гэта небяспечна, але нішто з гэтага не з’яўляецца непазбежным. Гісторыя Тэзэ – і Еўропы – вучыць, што разнастайнасць не павінна весці да падзелаў, што заўсёды магчыма паяднанне.

Узгадайце, што адбылося на нядаўняй канферэнцыі ААН па клімаце ў Дубаі. Разрыў паміж Поўначчу і Поўднем, Усходам і Захадам свету выглядаў занадта вялікім. Мы, еўрапейцы, шмат працавалі, каб будаваць масты. І ў рэшце рэшт свету ўдалося пагадзіцца – упершыню ў гісторыі – аб неабходнасці адмовіцца ад выкапнёвага паліва. Гэта можа стаць пачаткам новай эры, калі чалавецтва і рэшта стварэння канчаткова прымірацца.

У тым жа духу мы таксама будзем працягваць працаваць для дыялогу і прымірэння ў нашым грамадстве. Тэрор ХАМАС выклікаў новую напружанасць паміж супольнасцямі таксама тут, у Еўропе. Зноў на ўздыме антысемітызм, расізм і нянавісць да мусульманаў. Але змірыцца – гэта не рашэнне. Мы павінны падвоіць намаганні, каб аб’яднаць людзей з розных слаёў грамадства. Вось чаму мы хочам стварыць агульнаеўрапейскую прастору дыялогу і паяднання. Яна будзе арганізавана ў выглядзе серыі дыялогаў грамадзян; гэта будзе магчымасць даведацца адно пра аднаго і выбрацца з нашых сацыяльных бурбалак. Магчымасць супрацьстаяць прадузятасцям і замяніць іх разуменнем. Я разлічваю на вашую актыўнасць і энергію, каб дапамагчы ўвасобіць у жыццё гэтую новую ініцыятыву.

Дух нашага Еўразвяза – гэта дух Тэзэ. Мы глыбока ўкаранёныя ў сваіх каштоўнасцях і перакананнях. І гэта тое, што дае нам сілу быць адкрытымі на іншага. Жадаю вам усім інтэнсіўнага і шчаслівага побыту ў Славеніі. А таксама віншую вас і вашыя сем’і з Раством і Новым годам.


спн. Наташа Пірц-Мусар, Прэзідэнт Славеніі

Дарагі брат Мэцью,
Дарагая моладзь,

вашая Сустрэча ў 2023 годзе праходзіць у час, адзначаны шматлікімі напружанасцю, рознагалоссямі і ўзброенымі канфліктамі. У цяперашні час іх налічваецца больш за паўсотні па ўсім свеце. У нашым суседстве па-ранейшаму шалее вайна ва Ўкраіне, а ізраільска-палестынскай вайне ў паўднёвым Міжземнамор’і не відаць канца. Багата мірных жыхароў пакутуюць, у роспачы пакідаючы свае дамы, сем’і, сяброў і блізкіх. Пазбаўленыя сваёй годнасці і асноўных чалавечых правоў, яны пакідаюць свае гарады і рэгіёны, дзе ўжо немагчыма весці годнае чалавечае жыццё – хутчэй наадварот. Я кожны дзень сачу за тым, што адбываецца, і са смуткам бачу, што аргумент сілы пераважае над сілай аргументу. Нягледзячы на тое, што шмат людзей заклікае да міру, яго пакуль яшчэ няма на гарызонце.

Бог мае непаўторнае значэнне для кожнага чалавека, але я цвёрда веру, што Яго першаснае пасланне відавочнае. Мір! Нашае супольнае заданне палягае на тым, каб стварыць умовы, у якіх можна будзе не толькі жыць у міры, але жыць у бяспечным асяроддзі, якое будзе спрыяць прагрэсу і радасці для ўсіх, асабліва для дзяцей, якія найбольш пакутуюць падчас войнаў. Яны пазбаўленыя бестурботнага дзяцінства. Толькі мір дазволіць нам не зацыклівацца на мінулым, а сумеснымі намаганнямі ствараць умовы для адказу на рэальныя выклікі сучаснасці. На першы план выходзяць тэхнічны прагрэс і кліматычныя змены. Тэхнічны прагрэс яшчэ й таму, што, калі яго не выкарыстоўваць на карысць чалавецтва, ён можа мець разбуральныя наступствы для канкрэтных людзей, супольнасцей і ўсяго свету.

Але гэта мы можам зрабіць толькі разам, грунтуючыся на прыняцці разнастайнасці, жывучы талерантнасцю, у культуры дыялогу і ў духу прызнання ды прабачэння мінулых памылак, пераадолеўшы і прыняўшы грахі мінулага, з позіркам і воляй, скіраванымі да сучаснасці і будучыні. Мы павінны задзейнічаць усю сваю энергію. Усе мы, кожны і кожная з нас. Мы абавязаныя стварыць умовы для міру, для годнасці ўсіх, для ўключэння найбольш маргіналізаваных і найбольш уразлівых, для вяртання тых, хто быў вымушаны з’ехаць са сваёй радзімы. Вайсковыя бежанцы, эканамічныя і кліматычныя мігранты часта падкрэсліваюць, што аддалі перавагу б застацца ў краіне паходжання, калі б знайшлі там спакой і элементарныя ўмовы для годнага жыцця.

Дарагія маладыя сябры, я пераканана, што ў вас ёсць воля і сіла, каб зрабіць гэты вялікі, нават вырашальны, крок да супрацоўніцтва, узаемаразумення, ліквідацыі падзелаў, прыняцця адрозненняў і разнастайнасці як неад’емнае часткі нашага грамадства, і разумення ўсебаковага бачання будучыні.

Ад усёй душы жадаю вам зрабіць 2024 год годам міру, дзяліцца з іншымі дабрынёй, салідарнасцю і чалавечнасцю. Кожны з нас пакіне пасля сябе свой след, які зробіць свет лепшым, а людзей больш шчаслівымі.

Я спадзяюся, што сёлетняя Сустрэча ў Любляне назаўсёды застанецца ў вашае памяці, каб вы яшчэ доўга захоўвалі тыя сяброўскія сувязі, якія ткуцца на кроснах вашых сэрцаў.

Апошняе абнаўленне: 1 January 2024

Footnotes

[1Christus vivit – паслясінадальная Апостальская адгартацыя Святога Айца Францішка да моладзі і ўсяго Божага народу, 25 сакавіка 2019 года.

[2Fratelli tutti – энцыкліка Святога Айца Францішка Аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве, 3 кастрычніка 2020 года.