TAIZÉ

Талін 2024-2025

Пілігрымка Даверу працягваецца на берагах Балтыкі

 

Падтрымліваючы надзею на будучыню

Балтыйскае мора, размешчанае паміж Скандынавіяй, краінамі Балтыі, Польшчай, Нямеччынай і РФ, з’яўляецца патэнцыйным скрыжаваннем для народаў Паўночнае Еўропы. З пачаткам вайны ва Ўкраіне занепакоенасць узнялася там асаблівым чынам. Збіраючыся разам з розных краін, малітва, разважанні і ўзаемадзеянне дапамогуць маладым еўрапейцам выказаць прыхільнасць да адбудовы кантынента як агульнага дома з мірнай будучыняй.


Гасціннасць: дзелячыся даверам, які вас умацоўвае

Калі вы просіце аб гасціне, тым, хто вас прыме, вы кажаце: “Аддаю сябе пад вашую абарону і апеку, давяраю вам”, а гаспадары кажуць: “Мы не баімся вас, мы тут для вас. Мы хочам, каб вы адчувалі сябе як дома!”. Удзельнікаў будуць прымаць царкоўныя суполкі ўсіх канфесій і сем’і. З пачатку вайны Эстонія прыняла больш за 65 000 бежанцаў з Украіны пры агульнай колькасці насельніцтва ў 1,4 мільёна чалавек, што з’яўляецца самым высокім паказнікам суадносінаў колькасці ўкраінскіх бежанцаў на жыхара сярод усіх краінаў Еўразвяза.


Спеўная нацыя

Спяваючая рэвалюцыя – гэта назва паэтапнага негвалтоўнага працэсу, які прывёў у 1991 годзе да аднаўлення незалежнасці Эстоніі. Падчас перыяду пяцідзясяці гадоў савецкай улады спевы заўсёды былі галоўнай аб’яднаўчай сілай для эстонцаў. У 2004 годзе Эстонія ўвайшла ў Еўразвяз. Яе тэрыторыя займае плошчу 45 228 квадратных кіламетраў. Працягласць мяжы з РФ складае 294 км. 26% жыхароў Эстоніі маюць славянскае паходжанне, большасць з якіх – гэта расейцы.


Ад скачка тыгра да лічбавага грамадства

У 1990-я гады кіраўніцтва Эстоніі, каб спрасціць жыццё сваіх грамадзян, вырашыла выкарыстоўваць перадавыя тэхналогіі. Усё ўзаемадзеянне паміж адміністрацыямі і грамадзянамі пераведзена ў лічбавы фармат. Праграмаванню вучаць з самага ранняга ўзросту. На ІТ-сектар Эстоніі прыходзіцца 4% усёй працоўнай сілы і 7% яе ВУП. Гэты кантэкст дапаможа нам паразважаць над тым, як мы можам выкарыстоўваць штучны інтэлект, ІТ ды іншыя тэхналогіі, абапіраючыся на абгрунтаванае антрапалогіі ды этыцы, якія ствараюць людзей і супольнасці.


Сённяшняе сведчанне пра Хрыста ў нерэлігійным грамадстве

Эстонія была адным з апошніх куткоў Еўропы, які быў хрысціянізаваны ў ХІІ стагоддзі. Паколькі ў XVI стагоддзі Эстонія далучылася да Рэфармацыі, сённяшняя мясцовая культура сыходзіць каранямі ў лютэранскую, а з ХІХ стагоддзя таксама й у праваслаўную традыцыі.

У цяперашні час у Эстоніі 80% моладзі заяўляюць, што яны не прыналежаць да аніводнае рэлігіі. 70% эстонскае моладзі заяўляюць, што яны ніколі не моляцца. Удзел у талінскай Сустрэчы будзе магчымасцю шукаць Уваскрослага Хрыста і сведчыць аб Ім. Падобна таму, як жанчыны ля пустой магілы былі запрошаны шукаць Езуса, які «апярэджвае вас у Галілеі», ці ж сёння таксама й мы не запрошаны пакінуць нашыя зоны камфорту, каб шукаць тых, хто жыве духам прабачэння, супакою і справядлівасці на ўскраінах царкоўных устаноў? У Таліне мы сустрэнемся і выслухаем людзей надзеі, якія абавязваюцца служыць іншым, будаваць салідарнасць, робячы прыгожым жыццё іншых людзей…


Дасвядчэнне еднасці ўсіх ахрышчаных

Мы адчуем адзінства ўсіх ахрышчаных у розных хрысціянскіх традыцыях. Прадстаўляючы меншасць насельніцтва, розныя Цэрквы імкнуцца гаварыць адным голасам, сумесна працуючы, каб быць пачутымі. Рада Цэркваў Эстоніі аб’ядноўвае дзесяць буйнейшых канфесій і запрашае Супольнасць Тэзэ падрыхтаваць Сустрэчу ў Таліне. Падчас Сустрэчы, апоўдні, у храмах у цэнтры горада мы будзем дзяліцца малітвай розных традыцый.


Тэзэ і Эстонія

Адносіны паміж Супольнасцю Тэзэ і эстонскімі хрысціянамі бяруць пачатак з 1970-х гадоў, калі фінская паэтка Анна-Майя Райціла-Ніемінэн (1928-2012) наведвала эстонскіх хрысціян і інфармавала іх пра тое, што адбываецца ў Тэзэ. У тыя гады расейская моладзь, якая кантактавала з Тэзэ, магла прыязджаць, каб прымаць удзел у летніках, арганізаваных Лютэранскім тэалагічным інстытутам у Таліне. З 1989 года маладыя эстонцы пачалі рэгулярна наведваць Тэзэ і ўдзельнічаць у Еўрапейскіх сустрэчах. У траўні 1990 года ў Паўночнаеўрапейскай сустрэчы, якую Тэзэ запрасілі арганізаваць у шведскім Лінчэпінгу, прынялі ўдзел 250 маладых эстонцаў.


Здымак: Raigo Tõnisalu

Апошняе абнаўленне: 1 January 2024